Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыносіла прабачэньні людзям»: дэпутатка Марыя Васілевіч наведала зьбітых падчас акцыяў пратэсту


Марыя Васілевіч
Марыя Васілевіч

Дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч («Міс Беларусь 2018») і Ірына Луканская (у мінулым галоўны доктар дзіцячай паліклінікі ў Горадні) 20 жніўня наведалі ў шпіталі хуткай дапамогі людзей, якія пацярпелі падчас вулічных акцый пратэсту, паведамляе «Наша Ніва».

«Наша Ніва» папрасіла Марыю Васілевіч падзяліцца ўражаньнямі ад таго, што яна ўбачыла ў лякарні. Паводле Марыі Васілевіч, дэпутаткі хацелі паразмаўляць зь людзьмі, якія пацярпелі падчас вулічных акцыяў, «паглядзець, якія траўмы ў іх, якая патрэбная дапамога», паразмаўляць з мэдыкамі.

Яна выказала падзяку валянтэрам, якія «паказваюць выдатную згуртаванасьць». Як расказаў ёй галоўны доктар, у першыя дні работнікі лякарні «нават не пасьпявалі прымаць усё, што прыносяць людзі», таму цяпер у іх «усяго хапае».

«Я хацела даведацца, у якіх умовах пацярпелыя атрымалі траўмы, як паводзілі сябе прадстаўнікі сілавых структураў, пачуць гэта зь першых вуснаў, а не з камэнтароў аднаго ці іншага боку. Я чытала, што некаторыя пацярпелыя сутыкаюцца з праблемамі прыняцьця заяваў на дзеяньні сілавікоў, фіксаваньня зьбіцьця, судовай экспэртызы», — сказала Васілевіч.

Яна сказала, што пакінула ўсім, з кім размаўляла, свой нумар тэлефону і гатовая дапамагчы, «калі людзі сутыкнуцца з такімі праблемамі».

«Цяжка ўсьвядоміць, што ў нашай краіне людзі атрымліваюць такія калецтвы на вуліцы ў мірны час. Але мы павінны гэта прызнаць і павінны зрабіць усё, каб гэтага больш ніколі не паўтарылася. Тое, што я ўбачыла, безумоўна, моцна ўражвае.

Я як прадстаўнік дзяржаўнай улады — хоць, можа, і ня маю на тое паўнамоцтваў — прыносіла прабачэньні людзям за атрыманыя імі траўмы. Ня ведаю, маю я на тое права ці не, але па-чалавечы мне вельмі-вельмі шкада», — сказала Марыя Васілевіч.

Падчас сілавога разгону пратэстаў ня згодных з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі многія атрымалі раненьні гумавымі кулямі і сьвятлашумавымі гранатамі, пры затрыманьні і пасьля, у ізалятарах часовага ўтрыманьня, людзей жорстка зьбіваў АМАП. Вядома ўжо пра чатыры сьмерці ў выніку пратэстаў.


22-гадовая «каралева прыгажосьці»​ Марыя Васілевіч стала наймаладзейшай дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Беларусі. Васілевіч часта бачылі з 65-гадовым Лукашэнкам на публіцы з тых часоў, як у траўні летась яна атрымала тытул «Міс Беларусь». Яны разам наведвалі дзяржаўныя фэстывалі, хакейныя матчы, а таксама чэмпіянат сьвету ў футболе 2018 году ў Расеі.

The Times адзначае, што Лукашэнка ўзнагародзіў Васілевіч дзяржаўным мэдалём за ўклад у культуру і дабрачыннасьць, а таксама асабіста назіраў за яе падрыхтоўкай да конкурсу «Міс сьвету 2018». На ім яна заняла трэцяе месца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG