Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыянткі жартавалі і ўсьміхаліся, а побач білі людзей». Менскі інжынэр пра зьбіцьцё і траўмы


Інжынэру Віталю Гаршынёву 35 гадоў. 5 дзён зь іх ён прабыў пад арыштам, але гэтыя дні цалкам перавярнулі ягонае жыцьцё. Цяпер Віталь думае, што ўсё ж давядзецца зьяжджаць за мяжу. Кажа, справа не ў магчымым перасьледзе, а ў страце веры ў тое, што справядлівасьць тут магчымая.

«Я ж адзін з тых, хто падаў заяву ў Сьледчы камітэт на міліцыянтаў, якія мяне зьбівалі. І з чым я сутыкнуўся зноў? Мы прыйшлі падаваць заяву ў Фрунзэнскі аддзел Сьледчага камітэту, а сьледчы да нас нават ня выйшаў, заявы прымалі міліцыянты гэтага райаддзелу. У адным зь міліцыянтаў пазнаў чалавека, які быў у той спартзалі, дзе нас да крыві зьбівалі. Усьміхаецца, кажа: «Ну я ж сам вас ня біў, я ж вам нават вадзічку даваў папіць». Кажу яму: «Так, ты ня біў, але ж стаяў побач, глядзеў на гэтае дзікунства і нікому не дапамог, не пярэчыў». Адказвае: «А што б зьмянілася? Я б загаду начальства не адмяніў. А на мне крэдыт вісіць, хто за мяне будзе выплочваць?»

Паводле Віталя, ён за час арышту шмат разоў чуў пра гэты матыў і ад амапаўцаў. Што на іх вісяць нясплочаныя крэдыты, выплачаныя наперад заробкі, ад чаго яны ня могуць адмовіцца выконваць загады. Але як можна аддаваць такія загады, Віталь для сябе адказу дагэтуль ня мае.

«Схапілі нават рыбака з вудамі»

Паводле Віталя, яго спынілі амапаўцы непадалёк ад Камсамольскага возера. Гэта было 10 жніўня пад вечар. «Я сапраўды зьбіраўся пайсьці да стэлы і паглядзець, што там будзе. Абурыўся вынікам выбараў, ведаў, што днём раней там шмат затрымалі і пабілі людзей. Але мы зь сябрам ішлі мірна, нікога не чапалі і не крычалі. І вось на нас кідаюцца амапаўцы, кладуць на зямлю. Праглядаюць тэлефоны, нічога не знаходзяць, але ўсё роўна крычаць: „Адстрэлю табе яйцы, і мне нічога ня будзе!“ Дарэчы, і потым гэта гучала не адзін раз ад розных міліцыянтаў: нешта такое зраблю, заб’ю, і мне нічога ня будзе. Гэтыя людзі нібыта былі кімсьці насычаныя нянавісьцю і перакананьнем, што закон не для іх», — зазначае Віталь.

Віталя зь сябрам зьбілі і спачатку кінулі ў аўтобус, які стаяў непадалёк. Інжынэр памятае, як туды аднаго за другім прыводзілі новых і новых ужо зьбітых людзей. Нават рыбака, які ехаў побач на ровары з вудай. «Мужчына сталых гадоў, ён проста сумеўся ад таго, што зь ім робяць, але ўсё роўна яго кінулі да нас».

Потым быў аўтазак, якім Віталя і ўжо некалькі дзясяткаў затрыманых даставілі ў Фрунзэнскі РУУС. Спачатку ў двор, потым у спартовую залю, дзе спачатку білі, потым маральна зьнішчалі, а ў канцы бралі паказаньні і прымушалі прызнаць віну. Паводле менчука, там было самае пекла.

«На ўваходзе ў залю стаяў высокі дужы амапавец, такі здаравяка, задача якога была біць усіх, каго ўводзілі. Як бы ён рабіў нам такі „ўрачысты“ прыём — каб было зразумела, куды трапілі. Сваё заданьне ён выконваў з сапраўды садысцкім задавальненьнем: біў куды заўгодна рукамі, нагамі. Яшчэ на нас адразу крычалі: „Ты герой? Навошта ты туды пайшоў?“ — і адусюль страшэнныя мацюкі. Потым валілі на падлогу і плястыкавымі хамутамі зьвязвалі на сьпіне рукі. Хто варушыцца, падымае галаву, спрабуе паглядзець — адразу падскоквае амапавец і б’е палкай па галаве ці сьпіне, куды заўгодна. Мне гэтак зламалі дзьве рабрыны».

Прымушалі хорам крычаць, што Лукашэнка — найлепшы прэзыдэнт

Паводле Віталя, акрамя зьбіваньня, усе затрыманыя зазналі шалёны псыхалягічны ціск. У тым ліку іх прымушалі хорам крычаць «Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка — самы лепшы прэзыдэнт». Хто спрабаваў адмаўчацца, зноў атрымліваў дручком па сьпіне. Падскокваў міліцыянт: «Ня чую. Мацней» — і сыпаліся новыя ўдары, успамінае Віталь. Усіх, у каго бачылі белыя стужкі на руках, прымушалі іх зьесьці. Ад сваёй стужкі Віталю ўдалося пазбавіцца яшчэ ў аўтазаку.

Адборныя і самыя пахабныя мацюкі ліліся на затрыманых проста лявінай, кажа Віталь. А яшчэ адзначае, што ніколі ў жыцьці ня чуў столькі брыдкіх словаў ад жанчын-міліцыянтак.

«О, у нас зьявіўся герой. Ён адмаўляецца падпісваць»

«Там была сьледчая зь імем Карына, яна праводзіла апытаньне. Ніколі б не падумаў, што дзяўчына можа ўжываць такі набор лаянкі! Да таго ж у яе яўна былі садысцкія схільнасьці. Сярод затрыманых яна аднаго чалавека пазнала, стала на яго крычаць, што калісьці ён нешта ёй сказаў. Потым паказала на яго амапаўцам, і тыя дадаткова пабілі гэтага чалавека», — расказаў Віталь.

Паводле менскага інжынэра, іншыя міліцыянткі, якія праводзілі апытаньне затрыманых, таксама не вызначаліся літасьцю. Віталь апісаў сцэну, якой ня можа забыць.

«Сядзіць мілавідная дзяўчына гадоў 20, можа, курсантка акадэміі ці толькі скончыла. Вакол крычаць, стогнуць, а яна ўсьміхаецца, жартуе з амапаўцамі. Каву сабе разьліваюць. Да яе падводзяць чарговага затрыманага. А там ня толькі маладыя былі, але і сярэдніх гадоў, нават пажылога веку людзі трапляліся. Карацей, можа, кожны другі ёй гадзіўся ў старэйшыя браты ці бацькі. Адзначу, што ня ўсе адразу пагаджаліся падпісваць іхныя паперы, што быццам „у складзе групы прыйшоў парушаць парадак“ (а ўсім пісалі адно і тое ж). Некаторыя трымаліся доўга, нават пасьля зьбіцьця. На гэта яна звонкім голасам падзывала амапаўца: „О, у нас тут герой. Адмаўляецца падпісваць“. І чалавека пры ёй адводзілі ўбок, зноў бязьлітасна білі і прыводзілі да яе ўжо паслухмянага. „Ну, цяпер будзем падпісваць? Ясна, будзем“, — і задаволена ўсьміхаецца».

«Спаў седзячы, але добра, што хоць ня білі»

Амаль дзень Віталя Гаршынёва трымалі ў Фрунзэнскім РУУС, адкуль без ўсякага суду адправілі ў жодзінскі ізалятар. «Пасьля спартовай залі там было нармальна. Бывала, што ў камэру набівалі па 20 чалавек, спаў седзячы, але добра, што хоць ня білі», — кажа інжынэр.

Сядзельцы ў камэры часта мяняліся, і за чатыры дні Віталь наслухаўся самых розных, у асноўным неімаверных гісторый пра затрыманьні.

«Людзі, зь якімі сядзеў, былі самых розных прафэсій. Праграмісты, інжынэры, рабочы, студэнт. Можа, на 30 чалавек быў адзін хранічны алькаголік, іншыя — зусім прыстойныя. Прычым толькі адзін з усіх прызнаўся, што сьвядома пайшоў на вуліцу, каб пратэставаць, як ён казаў, супраць „вусатага таракана“. Большасьць ішлі проста паглядзець на тое, што адбываецца, ці ўвогуле апынуліся ў аўтазаку выпадкова. Адзін выйшаў у сланцах па цыгарэты. Другі прыпаркаваўся на вуліцы Зьмітрака Бядулі, але няўдала — побач з машынай АМАПу. Выйшаў з машыны і пачуў: „А давай забярэм“. І забралі. Аднаго выцягнулі з машыны на праспэкце, бо не саступіў міліцыянтам дарогу. Шыбу выбілі і выцягнулі. Карацей, як паслухаеш, дык разумееш, што ў нас поўнае свавольства, АМАПу і міліцыянтам у райаддзелах далі карт-блянш рабіць што заўгодна. Дык хіба ў такой краіне можна будзе жыць, калі гэта ўсё застанецца?»

Выйшаў з турмы і на хвіліну ўявіў, што пераможам

Цяпер Віталь называе сябе «рамантыкам, які хоць позна, але стаў рэалістам». З тых, хто ніколі не займаўся палітыкай, але, паводле клясычнай прымаўкі, яна ім занялася сама.

Віталь успамінае, што да выбарчай кампаніі папраўдзе і ня ведаў, хто такі Ціханоўскі, а тым больш хто такая Сьвятлана Ціханоўская. Стаў яе прыхільнікам пасьля таго, як схадзіў на мітынг на Бангалор.

«Потым бачыў, як у нас на ўчастку за яе ўсе галасавалі — па стужках на руцэ, яшчэ бюлетэні ў скрыні амаль усе былі скручаныя. Гэта было відаць нават праз матавае шкло. І раптам даюць вынік, што 80% за Лукашэнку, а за Ціханоўскую менш за 10. Мяне гэта так абурыла, быццам плюнулі ў твар. За каго яны нас усіх трымаюць? Не ўтрымаўся і назаўтра пайшоў у цэнтар гораду», — кажа Віталь пра свой настрой на другі дзень пасьля выбараў.

Пра свой учынак цяпер ён не шкадуе, хоць ужо і пачаў сумнявацца ў перамозе. «Калі выйшаў з турмы, дык на хвіліну падумаў, што перамога блізка. Бо вакол было столькі падтрымкі, радасьці ад вызваленьня. Але цяпер баюся, што людзі стомяцца ад штодзённых пратэстаў, супакояцца. Калі шчыра, ужо ня ведаю, што будзе», — прызнаецца Віталь Гаршынёў.

Яшчэ раз малады інжынэр пераадолеў сябе, калі пайшоў падаваць заяву пра зьбіцьцё ў Сьледчы аддзел Фрунзэнскага раёну, а той знаходзіцца ў тым жа будынку Фрунзэнскага РУУС, дзе яго дзень зьбівалі. Кажа, што сапраўды было страшна туды ісьці. Не пайшоў бы, калі б не «наіўная вера», што яшчэ можна неяк зьмяніць становішча.

«Як выходзіў, нам валантэры шмат дапамагалі і казалі, што абавязкова трэба падаваць на міліцыянтаў скаргі. Зразумела, што яны адкажуць. Напішуць нешта кшталту: „Праверылі, і факты не пацьвердзіліся“, ці што „Вінаватых не ўстанавілі“. Але нас такіх сотні, і можа, у гэтай бесчалавечнай машыне ад нашых скаргаў хоць нешта зрушыцца ў іншы бок. Хаця мала веру ў такое, бо гэта сыстэма на іншае разьлічана».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG