Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў параўнаў бягучыя падзеі ў Беларусі з рэваншысцкім камуністычным путчам ГКЧП 1991 году.
«29 гадоў таму ў Савецкім Саюзе была зроблена спроба дзяржаўнага перавароту, які ўвайшоў у гісторыю як „жнівеньскі путч“. Антыканстытуцыйныя дзеяньні самаабвешчанага „дзяржаўнага камітэту“ паглыбілі хаос у грамадзтве, наблізіўшы распад некалі магутнай дзяржавы. Падобныя працэсы адбываюцца сёньня і ў Беларусі», — напісаў генэрал Раўкоў у Facebook.
«Спрабуючы парушыць мір і спакой у нашым доме, людзей заклікаюць да мітынгаў і страйкаў, якія толькі аслабляюць эканоміку нашай краіны. Частка грамадзянаў паверыла арганізатарам акцыяў пратэсту, але ім не патрэбная моцная Беларусь. Імкнучыся павярнуць гісторыю назад, яны могуць зьнішчыць усё, чаго мы дасягнулі ўпартай і штодзённай працай», — лічыць Андрэй Раўкоў.
У розных гарадах Беларусі з 9 жніўня працягваюцца масавыя акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх пераможцам абвешчаны Аляксандар Лукашэнка. Згодна зь лічбамі ЦВК, за яго прагаласавалі 80,1% выбарнікаў, асноўная апанэнтка Сьвятлана Ціханоўская атрымала 10,12%.
За час пратэстаў былі затрыманыя каля 7 тысяч чалавек, сотні зьбітыя і шпіталізаваныя, прынамсі трое загінулі.