Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожныя прэзыдэнцкія выбары — «каляровая рэвалюцыя». Раўкоў пра 6 спробаў «дэмантажу сувэрэнітэту»


Андрэй Раўкоў
Андрэй Раўкоў

Дзяржсакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў заявіў, што найноўшая гісторыя Беларусі памятае як мінімум шэсьць спробаў «каляровых рэвалюцый».

Пачынаючы ад 1994 году, ніводная значная выбарчая кампанія ў Беларусі не абыходзілася бяз вонкавага ўмяшаньня, напісаў Раўкоў у Facebook.

«Найноўшая гісторыя нашай краіны памятае як мінімум шэсьць спробаў каляровых рэвалюцый, — падлічыў Раўкоў. — Гэта выснова не прыдуманая ў калідорах улады, а зробленая навукоўцамі — навукова-дасьледчая праца праводзілася ў БДУ».

Паводле Раўкова, падобныя працэсы працягваюцца, хоць у больш удасканаленых, нярэдка закамуфляваных формах.

«Так званая „трансфармацыя“ мае на ўвазе дэмантаж сувэрэнітэту Беларусі праз зьмяненьне грамадзкай сьвядомасьці, каштоўнаснай базы і дыскрэдытацыю органаў кіраваньня. Асноўнымі драйвэрамі ў гэтым — вонкава непалітызаваныя структуры, недзяржаўныя СМІ, блогасфэра і сацсеткі. Іх выкарыстаньне для масавага „прамываньня мазгоў“ ператварылася ў вырашальны фактар канфліктаў і сацыяльных узрушэньняў. Нельга на гэта паддацца», — піша дзяржсакратар.

Напярэдадні пра «каляровыя рэвалюцыі» ў сваім пасланьні народу і парлямэнту гаварыў Аляксандар Лукашэнка. Па яго звестках, цэлая армія інтэрнэт-троляў і інфармацыйных правакатараў працуе дзень і ноч, каб дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG