Удзельнікі акцыі пратэсту ля цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску паступова разыходзяцца.
Перад гэтым валянтэры, якія сталі жывым ланцугом паміж імі і турмой, дамовіліся прапусьціць журналістаў да будынку. Там знаходзілася прадстаўніца штабу Сьвятланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова, якая беспасьпяхова званіла ў дзьверы цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў. Яна паведаміла, што раней зьвярталася да дзяжурнага, каб хтосьці з кіраўніцтва прыехаў і даў магчымасьць пераканацца, што тут няма людзей, месцазнаходжаньне якіх невядомае. Кавальковай заявілі, што палітзьняволеных тут няма.
«Патрабаваньне людзей, якія прыйшлі, толькі адно: даць праўдзівую інфармацыю аб тым, што адбываецца. Яны не рэагуюць, і гэта правакуе сытуацыю. Людзі вельмі напружаныя, а эскаляцыі дапусьціць нельга», — сказала Кавалькова.
Паводле яе, пратэстоўцаў натхніў прыклад Берасьця, дзе пасьля таго, як народ сабраўся ля турмы, затрыманых выпусьцілі. «У Менску людзі спрабуюць не столькі дамагчыся вызваленьня, колькі ў прынцыпе высьветліць лёс тых, чыё месцазнаходжаньне дагэтуль невядомае. Але водгуку з таго боку няма», — адзначыла прадстаўніца штабу Ціханоўскай.
Яна падкрэсьліла, што галоўнае — не дапусьціць правакацый з боку сілавікоў, бо людзі прыйшлі да турмы на Акрэсьціна позна ўвечары, у цемры. Пры гэтым, адзначыла Кавалькова, не даючы інфармацыі пра ўсіх затрыманых, сілавікі самі напальваюць сытуацыю, паведамляе БелаПАН.