Аляксандар Лукашэнка выступіў на Менскім заводзе колавых цягачоў перад працоўнымі. Падчас прамовы ён заявіў, што не зьбіраецца слухацца калектыву і праводзіць новыя выбары. Прысутныя на сустрэчы даслалі Свабодзе відэа, на якім рабочыя скандуюць Лукашэнку «Сыходзь! Сыходзь!». На гэта ён адрэагаваў: «Адказваю вам на гэтае пытаньне: можаце яшчэ пакрычаць».
Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская выступіла зь відэазваротам, у якім заявіла, што «гатовая прыняць на сябе адказнасьць і выступіць у гэты пэрыяд у якасьці нацыянальнага лідэра».
Практычна на ўсіх прадпрыемствах Беларусі ствараюцца страйкавыя камітэты. Пра гэта паведаміў старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў. Прыпынілі працу часткова або цалкам «Гроднажылбуд» у Горадні, Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне, «Беларуськалій» у Салігорску. Асноўнае патрабаваньне — адстаўка Лукашэнкі.
Звольнілі дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушку, які ўзяў удзел у «Маршы Свабоды». У жэсьце салідарнасьці з дырэктарам каля 50 супрацоўнікаў тэатру напісалі заявы на звальненьне.
У Каардынацыйную раду Сьвятланы Ціханоўскай, якая мае забясьпечыць пераход улады ў Беларусі, запісаліся больш за 30 чалавек. Сярод іх нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
Марыя Мароз, кіраўніца штабу кандыдаткі на прэзыдэнта Сьвятланы Ціханоўскай, зьвярнулася да страйкоўцаў, якія дамагаюцца сумленных выбараў і спыненьня гвалту, і паабяцала ім фінансавую дапамогу.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў сытуацыю ў Беларусі «жахлівай».
Упершыню за 10 дзён да палітвязьня Віктара Бабарыкі дапусьцілі адвакатаў. Бабарыка ня ведаў пра падзеі ў краіне.
Мэдыкі каля будынку Міністэрства аховы здароўя пратэставалі супраць гвалту. Яны далі сьведчаньні аб прэцэдэнтных траўмах, якія нанесьлі людзям сілавікі падчас разгону пратэстаў.
Лідэры пяці асноўных палітычных фракцый Эўрапарлямэнту апублікавалі сумесную заяву з заклікам правесьці новыя, свабодныя выбары ў Беларусі і з асуджэньнем гвалту супраць мірных маніфэстантаў.