Назвалі тых, хто ўвайшоў у Каардынацыйную раду Ціханоўскай
Давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова заявіла, што ў Каардынацыйную раду, якая мае забясьпечыць пераход улады ў Беларусі, запісаліся больш за 30 чалавек
Пра патрэбу фармаваньня Каардынацыйнай рады Сьвятлана Ціханоўская заявіла 14 жніўня. Паводле Кавальковай, пасяджэньне рады адбудзецца неўзабаве.
Хто ўвайшоў у каардынацыйную раду?
- Юры Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»;
- Павал Данэйка, кіраўнік групы кампаній ІПМ;
- Павал Белавус, заснавальнік і ўласьнік Symbal.by;
- Алесь Бяляцкі, праваабаронца, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна»;
- Андрэй Вітушка, дзіцячы лекар-рэаніматоляг, кандыдат мэдычных навук;
- Віталь Валянюк, дырэктар Probusiness;
- Алана Гебрэмарыям — актывістка «Моладзевага блёку»;
- Людміла Антаноўская, старшыня асацыяцыі «Інавацыйнае прыборабудаваньне»;
- Лілія Уласава, міжнародны мэдыятар, юрыст;
- Алесь Дуко, прадстаўнік адміністрацыі парку «Вялікі камень»;
- Уладзімер Дунаеў, прафэсар, экспэрт грамадзкага Балёнскага камітэту;
- Андрэй Ягораў, палітоляг, дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі;
- Марыя Калесьнікава, прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі;
- Максім Знак, юрыст, прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі;
- Сьвятлана Калінкіна, журналістка;
- Вольга Кавалькова, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай;
- Мікалай Казлоў, старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі, давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай;
- Аляксандар Дабравольскі, сябра палітычнай рады Абʼяднанай грамадзянскай партыі;
- Дзьмітры Крук, эканаміст;
- Ігар Кубашкоў, прадстаўнік студэнцкай супольнасьці;
- Андрэй Курэйчык, кінасцэнарыст, драматург, рэжысэр, публіцыст;
- Яўген Лівіянт, пэдагог, кіраўнік рэпэтытарскага цэнтру «100 балаў»;
- Сяргей Макейкаў, дэлегат ад БМЗ;
- Тацяна Марыніч, заснавальніца групы кампаній Belbiz;
- Уладзімер Пугач, фронтмэн гурту J-MORS, юрыст;
- Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі;
- Ганна Севярынец, настаўніца, пісьменьніца, літаратуразнаўца;
- Андрэй Стрыжак, актывіст кампаній BY-COVID і BY_help;
- Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр;
- Аляксандар Цэнтэр — кіраўнік групы кампаній «А-100»;
- Уладзімер Цэсьлер — мастак;
- Сяргей Чалы, незалежны аналітык, эканаміст;
- Юлія Чарняўская, культуроляг, прафэсарка;
- Аляксей Шчурко, бізнэсовец GURTAM.
Штаб Сьвятланы Ціханоўскай 15 жніўня пачаў фармаваньне Каардынацыйнай рады. Гэта пашыраная працоўная група паважаных прадстаўнікоў грамадзтва, якая павінна абмеркаваць і выпрацаваць бясьпечныя і стабільныя мэханізмы для забесьпячэньня трансфэру улады.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.