Адвакаты зьняволегага ў СІЗА КДБ паводле фармальнага падазрэньня ў крымінальных злачынствах былога ўдзельніка выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі ўпершыню з 7 жніўня наведалі свайго падабароннага.
Цягам больш чым тыдня яны не маглі гэтага зрабіць, нягледзячы на ўсе намаганьні.
Як паведаміў у Фэйбуку адвакат Зьміцер Лаеўскі, сустрэча зь Віктарам Бабарыкам адбылася 17 жніўня.
«Мы рады пераканацца, нарэшце, што ён жывы і здаровы. З 7 па 11 жніўня Віктар Дзьмітрыевіч знаходзіўся ў інфармацыйным вакууме, 12 і 13 жніўня змог паглядзець тэлевізар (БТ) і атрымаў газэту „Камсамолку“. Іншых крыніц інфармацыі не было. Сёньня яму стала вядома многае з таго, што адбылося ў краіне за апошнія 10 дзён.
Як і ўвесь народ Беларусі, Віктар Бабарыка смуткуе па загінулых суайчыньніках і выказвае спачуваньні пацярпелым, іх родным і блізкім. Ён перакананы, што недапушчальна ўладзе ваяваць супраць народу. Катаваньні нічым і ніколі ня могуць быць апраўданыя, такое ня мае прабачэння.
Ён схіляе калена перад усімі, хто ў гэтыя дні застаўся верны ідэалам свабоды і адчуў сябе чалавекам. Чакаецца, што вялікія справы робяць вялікія людзі, але цяпер пацьвярджаецца, што вялікія справы зьдзяйсняюць простыя людзі — людзі, якія перамаглі страх. Перамога над страхам — гэта пэрсанальная перамога кожнага чалавека. Кожны асобна ўзяты грамадзянін — гэта і ёсць краіна.
Людзі перамаглі страх — значыць, у нас ёсць будучыня. Яны заявілі: мы ня хочам жыць у страху, злосьці і крыві. Бо зло спараджае зло. За намі — дабро. Перамогшы страх, людзі ўжо перамаглі. Ён захоплены мужнасьцю простага чалавека і ён ганарыцца тым, што ён — беларус», — перадаў Зьміцер Лаеўскі пазыцыю Віктара Бабарыкі.