7 параненых у крытычным стане. Валянтэры сабралі зьвесткі аб парушэньнях правоў удзельнікаў мірных пратэстаў
Валянтэры грамадскага аб’яднаньня «Зьвяно» адшукалі ў лякарнях Менска 120 чалавек і апыталі 30 пацярпелых, якія атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці. Па некаторых выпадках ёсьць аўдыё або відэаматэрыялы.
«Ланцугі салідарнасьці» ў Магілёве, Браславе і ў вёсцы Багушова Менскага раёну
«Пушкінская» цяпер
Аляксандра Тарайкоўскага пахаваюць на Заходніх могілках Менску
Разьвітаньне з Аляксандрам Тарайкоўскім у рытуальнай залі на вуліцы Альшэўскага закончылася. Труну вынесьлі, людзі стаялі на каленях, пляскалі, паказвалі знак вікторыі і крычалі «Слава герою!», «Жыве Беларусь!»
Праз рытуальную залю прайшло каля 800 чалавек, якія паклалі кветкі і вянкі. Каля труны былі бацька, сястра і іншыя сваякі, яны плакалі.
Людзі да іх не падыходзілі, бо працаўнікі рытуальнай залі папрасілі, каб не турбавалі сям’ю, мітынгу не было.
Пахаваюць Тарайкоўскага на Заходніх могілках Менска.
Бел-чырвона-белыя снапы блізу Кургана славы ўздоўж трасы
Дзяўчына, якая сядзела каля турмы на Акрэсьціна, чакаючы вызваленьня затрыманых, расказвае, як АМАП разганяў іх і там
Праваабаронцам у Берасьці прынесьлі абгарэлыя бюлетэні для галасаваньня. ФОТА
Берасьцейскаму праваабаронцу Ўладзімеру Вялічкіну прынесьлі абгарэлыя, але ня зьнішчаныя цалкам выбарчыя бюлетэні.
Стос бюлетэняў цяпер падзелены на некалькі частак, якія захоўваюцца ў надзейных месцах, сказаў Свабодзе Ўладзімер Вялічкін. Ён дазволіў апублікаваць зробленыя ім фатаздымкі.
На бюлетэнях прачытваюцца подпісы двух сяброў выбарчай камісіі, таму, мяркуе праваабаронца, лёгка будзе высьветліць участак, зь якога яны паходзяць. Адпаведна, зрабіць высновы, ці мелі месца фальсыфікацыі.
«Цяпер мы занятыя дапамогай пацярпелым ад зьбіцьця АМАПам і не давяраем праваахоўным органам, бо мяркуем, што яны будуць пакрываць адзін аднаго. Таму пакуль пачакаем, а потым будзем падаваць заявы ў РУУС, Сьледчы камітэт і пракуратуру».
Спадар Вялічкін ведае чалавека, які ўратаваў бюлетэні, і кацельню, адкуль іх прынесьлі.
Ён лічыць, што ёсьць пагроза зьнішчэньня іншых дакумэнтаў, важных для фіксаваньня хады выбараў і падзеяў, зь імі зьвязаных.
У гістарычным цэнтры Віцебску людзі сталі ў ланцуг салідарнасьці
За відэа пратэстаў у тэлефоне супрацоўніку Tut.by зламалі рабро і разьбілі галаву
У дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 10 жніўня ў раёне стэлы затрымалі супрацоўніка Tut.by Мікіту Быстрыка. Падставай сталі відэа на тэлефоне, якія ён здымаў на мірных пратэстах на Нямізе і ля стэлы 9 жніўня.
Разам зь сябрамі яго забралі ў аўтазак, дзе брутальна зьбілі. 12 жніўня малады чалавек зьвязаўся з рэдакцыяй і паведаміў, што знаходзіцца ў Жодзінскай лякарні: у яго зламанае рабро і траўмаваныя ныркі, наклалі тры швы на галаву.
«Лукашэнка, сыходзь». Фотарэпартаж з акцыі ў Горадні
У Горадні на плошчы Леніна сабралася каля 5 тысяч чалавек з нацыянальнымі сьцягамі, балёнкамі, надпісамі «Лукашэнку ў адстаўку». Пачынаецца мітынг. Людзі скандуюць «Лукашэнка, сыходзь».
«Адкажуць усе, і вы адкажаце». Актор Яўген Крыжаноўскі зьвярнуўся да Лідзіі Ярмошынай. ВІДЭА
Беларускі артыст Яўген Крыжаноўскі жорстка выказаўся на адрас адрас старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай і сілавікоў, якія бралі ўдзел у разгоне мірных дэманстрантаў і зьбівалі іх у турмах пасьля затрыманьня. «Сёньня ўсе адкажуць за ўсё. І тыя, хто аддаваў загады біць людзей на вуліцах, і тыя, хто біў людзей на Акрэсьціна... І вы адкажаце», — сказаў Крыжаноўскі.
«Пагоня» на прыступках філярмоніі!
Сайт Крамля паведаміў пра размову Пуціна і Лукашэнкі больш, чым беларускі бок
Віцябляне ўшанавалі памяць Аляксандра Тарайкоўскага каля Ўсьпенскага сабору хвілінай маўчаньня
Горадня. На мітынгу на плошчы Леніна сабралася ўжо каля 10 тысяч чалавек. Прадстаўнік прыватнай кампаніі «Тэразіт» заклікаў гарадзенцаў да страйкаў (у тым ліку «італьянскіх», калі працуюць вельмі марудна), да нашэньня белых бранзалетаў.
Горадня. Работнік «Гродна Азот» Юры Рававы абвясьціў са сцэны на мітынгу, што «страйку на „Гродна Азот“ быць», хоць гэтую вытворчасьць складана прыпыніць. Рававы быў незалежным назіральнікам на сваім выбарчым участку і зафіксаваў несупадзеньне ў падліку галасоў.
На мітынгу ў Горадні гучыць песьня Сяргея Міхалка на верш Янкі Купалы «Ня быць скотам».
На мітынгу ў Горадні зачыталі патрабаваньні да мясцовых уладаў. Зварот занесьлі ў гарвыканкам. Пад ім падпісаліся прадстаўнікі аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, калектываў «Гродна Азот», «Хімвалакно», «Белкард», «Гроднажылбуд», грамадзкіх арганізацый.
Мірны мітынг на плошчы Леніна скончыўся. Ён сабраў 10 тысяч чалавек. Людзі дамовіліся сустрэцца 16 жніўня а 14-ай гадзіне на Савецкай плошчы ў Горадні.
У калёне дэманстрантаў, якая ідзе па Віцебску, ужо каля тысячы чалавек.
Пратэстоўцы прыйшлі да офісу АНТ
У Менску людзі сабраліся ля офісу дзяржаўнага тэлеканалу АНТ. Яны трымаюць плякаты «Хопіць нам хлусіць», «Мы ведаем, што творыцца за зачыненымі дзьвярыма» і іншыя, скандуюць «ганьба!», «адкрывайце вокны – так лепш чуваць», «сыходзь». Машыны, якія праяжджаюць побач, сыгналяць.