Цапкалу абвясьцілі ў вышук па крымінальнай справе
Аляксей Урбан, прэс-сакратар Валера Цапкалы, паведаміў Свабодзе, што ў пятніцу быў атрыманы дакумэнт са сьледчых органаў, што Цапкала знаходзіцца ў вышуку па крымінальнай справе. Меркавана, паводле артыкулу аб хабарніцтве.
«Цапкала на будучым тыдні зьбіраўся ў Беларусь, і гэтая інфармацыя пакуль перашкодзіць яму прыехаць. Магчыма, гэтая справа заведзеная адмыслова, каб ён не прыехаў. Таму пакуль пачакаем больш спрыяльнай сытуацыі, бо на волі ён больш карысны Беларусі чым у турме», — сказаў Урбан.
Цяпер Валер Цапкала знаходзіцца ў Кіеве, пазьней паедзе ў Варшаву, дзе ў яго заплянаваныя сустрэчы з польскімі і амэрыканскімі палітыкамі высокага ўзроўню наконт сытуацыі ў Беларусі.
Сьледчы з Горадні запісаў відэазварот да сілавікоў і міністра ўнутраных спраў Беларусі
Сьледчы па асабліва важных справах у Горадні Ігар Лобан зьвярнуўся да сілавікоў і міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Караева. Ён апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram прапанову Юрыю Караеву сысьці ў адстаўку за тыя бясчынствы, якія за апошні тыдзень сілавікі рабілі з беларусамі.
Сілавікоў усіх ведамстваў ён заклікаў не баяцца і стаць на бок праўды.
Ігар Лобан працуе ў Сьледчым камітэце 11 гадоў. З 10 жніўня ён у працоўным адпачынку. Кіраўніцтва яму ўжо прапанавала напісаць рапарт аб звальненьні па пагадненьні бакоў. Лобан гатовы звольніцца і вярнуцца ў Сьледчы камітэт, калі зьменіцца ўлада. Яму ўжо даслалі па-над 40 прапановаў працы.
Літоўскі міністар замежных справаў назваў Лукашэнку «былым кіраўніком Беларусі»
Камэнтуючы агенцтву BNS тэлефонную размову Лукашэнкі з Пуціным, літоўскі міністар Лінас Лінкявічус сказаў, што зварот Лукашэнкі па дапамогу да Масквы «выкрывае ўсё яго ранейшую прапаганду».
Лінкявічус дадаў, што рыторыка Лукашэнкі зьневажае людзей, якія патрабуюць пераменаў. «Хоць і былы кіраўнік, але ўсё роўна павінен адчуваць адказнасьць», – сказаў Лінкявічус.
МЕНСК. Пратэсты ля станцыі мэтро Пушкінская. Відэа
ГОМЕЛЬ. Пратэстоўцы сустракаюцца са старшынём аблвыканкаму
17.05 З будынку Гомельскага аблвыканкаму да пратэстоўцаў выйшаў старшыня аблвыканкаму Генадзь Салавей.
Ён сказаў: «У нас ёсьць праблемы, я не адмаўляю, ёсьць праблемы зь дзіцячымі садкамі і школамі».
Людзі пачалі моцна крычаць. «У мяне вельмі важнае пытаньне: за што АМАП калечыў нашых дзяцей?» — спытала жанчына.
«Каманды біць дзяцей я не даваў, сёньня правакацыі ідуць з боку ўсіх», — адказаў Салавей. Ён дадаў, што сёньня былі вызвалены з-пад арышту 100 чалавек і яшчэ 50 будуць вызваленыя. Салавей прапанаваў, каб людзі пры праблемах пісалі звароты, на ўсе звароты будуць дадзеныя адказы. Людзі скандуюць: «Выпускай!»
«Наша галоўная задача — бясьпека», — кажа Салавей. Людзі закрычалі: «Чарка-шкварка». Жанчыны патрабуюць адказу, калі адпусьцяць дзяцей зь СІЗА. Людзі зноў крычаць: «Выпускай!»
«Салавей адказвае: «Што тычыцца тых 50 чалавек, якія засталіся, мы разьбяромся за сёньняшні дзень і яны будуць адпушчаныя». У адказ людзі выгукаюць: «Зараз, зараз, зараз! Не забудзем. не даруем!»
Cалаўя просяць даць аўтобусы для падвозу людзей на пахаваньне Аляксандра Віхора, якое адбудзецца заўтра ў Касьцюкоўцы пад Гомлем а 12-й гадзіне.
Урэшце пад воклічы «Ганьба!» і «Сыходзь!» Генадзь Салавей сышоў.
«Я ўнучка закатаванага ў нямецкіх засьценках. Ягоная жонка прыйшла на апазнаньне і страціла прытомнасьць. Цяпер і нашых людзей б’юць так, што можна страціць прытомнасьць», — расказала жыхарка Гомля.
Мітынг скончыўся. Калёны пайшлі да гомельскага СІЗА.
БАБРУЙСК. Пратэстоўцы зьбіраюць подпісы за пазбаўленьне Ярмошынай званьня ганаровага грамадзяніна Бабруйска
14 жніўня шэсьце праз увесь Бабруйск і гуляньне на плошчы Леніна скончылася перадачай у гарвыканкам запрашэньня да старшыні гарвыканкаму Аляксандра Студнева пагутарыць з народам у суботу 15 жніўня а 16-ай гадзіне. У прызначаны час на плошчы сабраліся пару соцень чалавек, народ працягвае падыходзіць, гарадзкіх уладаў няма. Над плошчай лунае вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, шмат самаробных плякатаў, стаіць група мэдыкаў.
Нехта прынёс апаратуру, ідзе «свабодны мікрафон» — людзям даюць выказацца. Ад імя «ініцыятыўных грамадзян Бабруйску» сабралі подпісы на адрас гарадзкога і «Бабруйскага абласнога» выканаўчых камітэтаў з заклікам пасадзейнічаць вызваленьню палітзьняволеных і правядзеньню паўторных свабодных выбараў, а таксама заклікам пазбавіць старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну званьня ганаровага грамадзяніна Бабруйска.
Хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць ахвяраў пратэсту.
Цяпер на плошчы Леніна каля 400 чалавек. Учора-пазаўчора было больш за тысячу.
«Ланцуг салідарнасьці» ў Сьветлагорску. Фатафакт
Да будынку АНТ нясуць старыя тэлевізары
Ла будынку СТБ і АНТ цяпер праходзіць флэшмоб: людзі прыносяць да яго старыя тэлевізары. Тыя, хто тут сабраўся, скандуюць «пакажы Акрэсьціна».
На тэрыторыю будынка АНТ прыехала некалькі вайсковых машын, поўных вайскоўцаў.
Паведамляюць, што два дзясяткі чалавек сабраліся таксама ля ўваходу ў будынак «Белтэлерадыёкампаніі» на Макаёнка, 9. У іх у руках плякаты.
Рыторыка дзяржаўных СМІ мяняецца: на АНТ паказалі сюжэт пра «мірныя акцыі пратэсту»
Беларусы выходзяць на вуліцы сталіцы і буйных гарадоў. Сілавікі не перашкаджаюць гэтаму, паведамляе тэлеканал АНТ у навінным выпуску. Сюжэт нэўтральнай афарбоўкі рэзка дысануе з тым, як афіцыйны тэлеканал яшчэ зусім нядаўна ацэньваў пратэсты як «масавыя беспарадкі».
«Акцыі салідарнасьці сталі цішэйшыя і носяць мірны характар. Пра сваю пазыцыі заяўляюць рабочыя, мэдыкі, дзеячы культуры. Па большай частцы — моладзь, дзяўчаты і жанчыны зь белымі кветкамі і плякатамі. Напярэдадні дэманстранты прайшлі па праспэкце Незалежнасьці да Дому ўраду. Не было ні выкрыкаў, ні пагромаў. Сілавікі хоць і апынуліся па другі бок, не пазьбягалі пытаньняў і дыялёгу», — апавядаецца ў сюжэце. Цалкам чытайце па спасылцы.
Расейскага газэта будзе падпісваць Лукашэнку самаабвешчаным прэзыдэнтам
З сёньняшняга дня расейская «Новая газета» будзе падпісваць Аляксандра Лукашэнку самаабвешчаным прэзыдэнтам Беларусі.
«На гэты раз беларускія ўлады не змаглі нават «праўдападобна» сфальсыфікаваць вынікі выбараў. Наш дата-аддзел высьветліў, што пасьля выключэньня ўсіх фальсыфікацый пратаколаў за Лукашэнку застаецца няшмат – усяго толькі 17%», – гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-каналу выданьня.
«Пагадзіцеся, гэта занадта мала, каб лічыцца абраным прэзыдэнтам». – піша «Новая газета».
Да будынку БТ, дзе таксама страйкуюць, прыехала Качанава
18.10 Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава і прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант прыехалі да будынку БТ у Менску. Ходзяць чуткі пра забастоўку апэратара БТ, пад будынкам стаяць пратэстоўцы з плякатамі.
19.00 Як высьветлілася, супрацоўнікі БТ самі апублікавалі ў сацыяльных сетках заклік да людзей, каб тыя прыйшлі падтрымаць страйк дзяржаўных журналістаў, якім надакучыла існаваць у атмасфэры татальнай няпраўды.
Сустрэча Качанавай з тэлевізыйным калектывам працягваецца, расказаў адзін з супрацоўнікаў, які выйшаў з будынку. Па яго словах, бакі да згоды пакуль не прыйшлі і пытаньне аб страйку застаецца адкрытым да панядзелка 17 жніўня. Выходзяць 10 супрацоўнікаў са знакам «вікторыя», усіх вітаюць. Адна зь іх, Галіна, сказала, што размова цяжкая, на складаныя пытаньні адказаў няма.
Пампэо лічыць недастатковай мерай вызваленьне затрыманых у Беларусі дэманстрантаў
«Мы рады, што некаторыя ўдзельнікі акцый пратэсту адпушчаныя на свабоду, аднак гэтага, вядома, мала», — заявіў у суботу кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША на прэс-канфэрэнцыі ў Польшчы. Майк Пампэо нагадаў, што раней улады Злучаных Штатаў заяўлялі, што ня лічаць выбары ў Беларусі ні свабоднымі, ні сумленнымі.
«Нам трэба падтрымліваць беларускі народ, каб у яго былі свабода і сувэрэнітэт», — дадаў дзяржаўны сакратар ЗША.
МАГІЛЁЎ. «Ланцуг салідарнасьці»
ГОМЕЛЬ. Пратэст каля СІЗА
Некалькі тысяч жыхароў Гомля патрабуюць вызваленьня арыштаваных пад сьледчым ізалятарам. Яны скандуюць «Выпускай!» і «Верым, можам, пераможам!»
Людзі хадзілі на перамовы да начальніка сьледчага ізалятара. Ён сказаў, што 27 чалавек ня выпусцяць, бо яны не падпісалі паперы, і гэтых людзей перавялі са сьледчага ізалятара ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
МАГІЛЁЎ. Мэдыкі выйшлі на акцыю ў памяць пра забітых за праўду
Магілёўскія мэдыкі выйшлі са сваёй акцыяй у памяць пра тых, хто за праўду быў забіты і пацярпеў ад гвалту. Шэсьце распачалі з Тэатральнага сквэру — гэта цэнтар гораду.
У галаве калёны чорная стужка і лямпадка. Стужку і лямпадку, прайшоўшы цэнтральнымі вуліцамі гораду, ускладуць да вечнага агню на плошчы Славы. У пратэсьце ўдзельнічаюць больш за 50 дактароў з розных лякарняў і паліклінік. Сярод іх загадчыкі аддзяленьняў.
Мэдыкі ў белых халатах, з кветкамі і сьвечкамі. Да іх далучаюцца мінакі. Іх сустракаюць воплескамі. Гэта трэцяя акцыя пратэсту мэдыкаў за апошнія трое сутак. Першыя дзьве праходзілі бліжэй да ўскрайку гораду ля мікрараёну Спадарожнік (Менскі напрамак). У кожнай удзельнічалі па дзьве сотні чалавек.
Каля РНПЦ «Маці і дзіця» людзі выйшлі ў падтрымку доктара Андрэя Вітушкі
Каля 11 гадзіны раніцы 15 жніўня людзі сталі ланцугом перад цэнтрам «Маці і дзіця». Сёньня каля РНПЦ «Маці і дзіця» пратэставалі некалькі дзясяткаў чалавек, чыім дзецям дапамог доктар Андрэй Вітушка, якога затрымлівалі і які адбыў двое сутак на Акрэсьціна.
Маці і бацькі дзяцей, якім дапамог Андрэй Вітушка, выйшлі яго падтрымаць 15 жніўня. Агулам сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Людзі трымалі плякаты з надпісамі «Вітушка ратуе нашых дзяцей» і «Спыніце гвалт».
10 жніўня дзіцячага лекара-рэаніматоляга Андрэя Вітушку і яго жонку Крысьціну затрымалі каля будынку Цэнтральнага РУУС Менску. Туды яны прыехалі, каб забраць 16-гадовага сына Мірона.
Крысьціну выпусьцілі праз двое сутак, Андрэй адседзеў на суткі больш.
Марыя Калесьнікава ля БТ. На сустрэчы зь кіраўніцтвам каля 100 супрацоўнікаў
Да будынку БТ прыйшла з букетам белых кветак Марыя Калесьнікава — прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі і паплечніца кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Яе гучна віталі сотні людзей, кажа карэспандэнт Свабоды. Былая каардынатарка абʼяднанага штабу заявіла, што ад дзяржаўных журналістаў патрабуецца толькі адно — павага да сваіх гледачоў і чалавечая салідарнасьць.
* * *
Гукарэжысэр Аляксей, які не назваў свайго прозьвішча, расказаў, што на сустрэчы Натальлі Качанавай, кіраўніка БТ Івана Эйсманта і яго жонкі Натальлі, прэсавай сакратаркі Лукашэнкі, прысутнічаюць каля ста супрацоўнікаў розных каналаў. Аднак канструктыўнай размовы няма. Чыноўнікі, ягонымі словамі, гнуць сваю лінію: у краіне ўсё добра, а сытуацыю «баламуціць» апазыцыя.
Таму ён перакананы, што выйсьце толькі адно — страйк. «Мне хочацца, каб нарэшце перастала быць сорамна, дзе я працую», — падсумаваў Аляксей.
На ўваходзе ў будынак хтосьці паклаў бел-чырвона-белы дыванок з надпісам «Сумленьне». Каб кожны, хто выходзіць, задумаўся адносна непазьбежнасьці свайго грамадзянскага выбару.