Кіраўнік Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы заклікаў беларусаў абараніць свой выбар і будучыню
Галава БАПЦ архіяпіскап Сьвятаслаў Логін з Канады выступіў са зваротам у сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі.
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, піша архіяпіскап Логін, заклікае беларускі народ абараніць свабоду свайго выбару і будучыню свае дзяржавы. «Молімся за супакой загінулых суайчыньнікаў і за здароўе параненых і зьняволеных, за ўвесь народ наш. Няхай Госпад дабраслаўляе ўсіх на добрыя справы і пазбаўляе нас ад лукавага».
Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў — цяжі грэх. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуўся да ўладаў
Кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы заклікаў распачаць канструктыўны дыялог з грамадзтвам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзянаў.
«Наша Бацькаўшчына перажывае складаны час, які, на вялікі жаль, ужо азмрочаны пралітаю крывёю, тысячамі затрыманых і жорстка зьбітых мірных жыхароў, якія хочуць ведаць праўду пра прэзыдэнцкія выбары, што адбыліся 9 жніўня».
Футбаліст маскоўскага ЦСКА Ільля Шкурын заявіў, што ня будзе выступаць за зборную Беларусі, пакуль кіруе Лукашэнка
На сваёй старонцы ў Інстаграме малады беларускі нападнік Ільля Шкурын, які цяпер выступае за расейскі клюб, разьмясьціў некалькі бел-чырвона-белых сымбаляў, вокліч «Жыве Беларусь» і напісаў, што адмаўляецца ад выступаў за зборную Беларусі.
«Аб пападаньні ў пашыраны сьпіс зборнай краіны зноў даведваюся праз сацыяльныя сеткі, таму свой адказ пішу таксама тут. Прадстаўляць інтарэсы нацыянальнай каманды я адмаўляюся да таго часу, пакуль дзейнічае рэжым Лукашэнкі. Жыве Беларусь!»
Субота ў менскім Уруччы пачалася з «ланцуга салідарнасьці»
Генэральны сакратар ААН: Сьцьвярджэньні пра катаваньні ў Беларусі трэба старанна расьсьледаваць
Генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыша заклікаў вырашаць праблемы, што паўсталі пасьля выбараў Беларусі, шляхам дыялёгу, каб захаваць мір у краіне.
Ён заклікаў улады гарантаваць беларусам магчымасьць рэалізацыі грамадзянскіх і палітычных правоў. А таксама старанна расьсьледаваць сьцьвярджэньні пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне зь людзьмі.
Кіраўнік міліцыі Магілёўшчыны прызнаў, што падчас пратэстаў затрымлівалі выпадковых людзей
Начальнік Магілёўскага ўпраўленьня унутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму Ігар Шчарбачэня ў камэнтары абласной тэлевізіі прызнаў, што падчас разгону пратэстаў супраць вынікаў выбараў пацярпелі выпадковыя грамадзяне. Паводле міліцыянта, іх «уцягнулі ў несанкцыянаваныя мітынгі». Ён не назваў, колькі было затрымана людзей, але заявіў, «што разабраліся з кожным затрыманым і адпускаем». Разам з тым Шчабачэня сказаў, што «тых, у каго былі злачынныя намеры, рыхтаваў правакацыі, вёз самаробныя выбуховыя прылады, затрымалі і іхным дзеяньням сьледчымі дадзеная прававая ацэнка». Паводле магілёўскіх праваабаронцаў з пазбаўленага рэгістрацыі цэнтру «Вясна», за тры дні пратэстаў затрымалі ня меней за паўтысячы чалавек. Зафіксаваны факты зьбіцьця людзей у аддзелах міліцыі. Сьляды жорсткага зьбіваньня паказвалі вызваленыя з ізалятара.
Горадня. Над драматычным тэатрам узьнялі бел-чырвона-белы сьцяг
Разьвітаньне з загінулым 10 жніўня пратэстоўцам Аляксандрам Тарайкоўскім. Жывы рэпартаж
Менск. Стыхійны мэмарыял каля станцыі мэтро «Пушкінская» — на месцы сьмерці дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага. Сваякі прасілі людзей не прыходзіць у рытуальную залю, даць ім разьвітацца асабіста. Грамадзкае разьвітаньне будзе а 12-й на «Пушкінскай»
На скрыжаваньні праспэкта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага ў Менску з раніцы стаіць некалькі соцень чалавек, яны трымаюць бела-чырвоныя кветкі, сьцягі. Народны мэмарыял на гэтым месцы ўяўляе сабою гару кветак. Некаторыя становяцца на калені пасьля таго, як пакладуць кветкі да сымбалічнага месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Кветкі і стужкі таксама на агароджах уваходаў да станцыі мэтро. Людзі пакуль проста стаяць, гавораць паміж сабой. Прыйшлі палітыкі – старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў і колішні лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч
А 12-й гадзіне на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага прайшла хвіліна маўчаньня. Пасьля яе ўсе ўдзельнікі акцыі запляскалі ў далоні.
Лукашэнка заявіў, што зьбіраецца зьвязацца з Уладзімірам Пуціным, бо пратэсты ў Беларусі — «гэта ўжо пагроза ня толькі Беларусі»
На вуліцы Альшэўскага, 12, дзе ў рытуальнай залі чакаюць труну зь целам Аляксандра Тарайкоўскага, сабраліся каля 300 чалавек
У рытуальную залю на вуліцы Альшэўскага ў Менску прывезьлі труну зь целам Аляксандра Тарайкоўскага. Пакуль зь ім разьвітваюцца толькі сваякі. Людзей на вуліцы паболела, да адной тысячы. Людзі зьбіраюць грошы ў падтрымку сям’і загінулага.
Тысяча людзей на Пушкінскай
Сьпявак Макс Корж прыйшоў да ізалятара на Акрэсьціна
На месцы грамадзкага разьвітаньня з Аляксандрам Тарайкоўскім вывесілі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, большы за тры мэтры, — на краме каля каля гатэля «Арбіта». Людзей тысячы, яны ўскладаюць кветкі, адны прыходзяць, іншыя адыходзяць. Тут былі заўважныя сьпявак Макс Корж, тэлевядоўца Юры Жыгамонт, акторы і палітыкі.
«Пушкінская» цяпер