Лукашэнка даручыў сілавікам спыніць «ланцуг ад Вільні да Кіева»
Аляксандар Лукашэнка даручыў сілавікам спыняць правядзеньне ў краіне акцый салідарнасьці, асабліва «пры садзейнічаньні замежных дзяржаў», і заявіў, што валодае інфармацыяй пра намер Захаду выбудаваць «ланцуг зь Вільні да Кіева». Пра гэта паведамляе БелТА.
«Але цікавая зьявілася інфармацыя сёньня з раніцы пра тое, што яны хочуць выбудаваць „ланцуг“ ад Вільні да Кіева. Гэта значыць ланцуг неабыякавых. Мала на праспэкце ў Менску неабыякавых з кветачкамі і ў ланцугах... Ужо хочуць выставіць ад Вільні да Кіева і сабраць туды больш за 300 тысяч чалавек», — сказаў Лукашэнка.
«Даручаю Міністэрству абароны, МУС і КДБ, а таксама генэральнаму пракурору ажыцьцявіць ацэнку, катэгарычна не дапусьціць такіх дзеяньняў», — заявіў ён.
Рабочыя «Беларуськалію» абвясьцілі пра страйк, патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі
Яны паведамілі, што ў панядзелак далучаюцца да агульнанацыянальнай забастоўкі. «Мы не жадаем карміць карнікаў, якія б’юць нас за нашыя ж падаткі».
Страйк мае працягвацца да поўнага выкананьня наступных патрабаваньняў:
— Вызваленьне ўсіх палітвязьняў і ўдзельнікаў мірных акцый
— Неадкладная адстаўка Аляксандра Лукашэнкі
— Правядзеньне сумленных і празрыстых выбараў пры ўдзеле міжнародных арганізацый і незалежных назіральнікаў
— Правядзеньне адкрытага незалежнага расьсьледаваньня фактаў катаваньняў супраць мірных грамадзян з боку сілавікоў
— Скасаваньне кантрактнай сыстэмы
У Берасьці пасьля шматтысячнага шэсьця прыхільнікаў пераменаў затрымалі лідэра панк-гурту «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага, паведаміў прадусар гурту Ўладзімер Ёдаў.
Як паведамляе афіцыйная старонка гурту «ЎКантакце», яго затрымалі ля дома ў Берасьці.
«Сёньня Юры ўзначаліў шматтысячную калёну людзей, якая прайшла маршам праз увесь горад. Таксама ён вёў жывы эфір у свой інстаграм», — паведамляецца на старонцы гурту.
Паводле ацэнкі праваабаронца Рамана Кісьляка, на якога спасылаецца БелаПАН, у шэсьці ўзялі ўдзел каля 20 тысяч чалавек.
Акцыя пачалася каля 18.00 ад плошчы Леніна. Калёна дэманстрантаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, кветкамі і белымі шарамі прайшла па вуліцы Леніна, праспэкце Машэрава і вуліцы Маскоўскай. Ідучы, людзі скандавалі: «Лукашэнка — сыходзь!», «Верым! Можам! Пераможам!», «Нас — 97», «Забастоўка!», «Мы ідзем бясплатна!», «Брэст — выходзь!», «Жыве Беларусь!».
Каля 19.30 дэманстранты павярнулі на праспэкт Рэспублікі і накіраваліся ў мікрараён Кавалёва. Па дарозе да калёны далучаліся новыя ўдзельнікі.
З 12 жніўня штодня на праспэкце Машэрава ў Берасьці праходзяць «ланцугі салідарнасьці». Паводле зьвестак Кісьляка, сёньня ў такім «ланцугу» ўзялі ўдзел паўтары тысячы чалавек.
Telegram запусьціў апытанку пра выбары ў Беларусі
Стваральнік мэсэнджара Telegram, а таксама сацсеткі «ЎКантакце» Павал Дураў запусьціў у тэлеграм-канале Telegram Беларусь апытанку: «За каго Вы прагаласавалі на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь?».
Прагаласаваць у ёй можна толькі з тэлефона зь беларускай sim-картай. На цяпер, паводле вынікаў апытанкі, за Ціханоўскую прагаласавалі 63% апытаных, за Лукашэнку — 2% (25% адказалі, што не зь Беларусі).
БТ маніпулюе ў сюжэце пра эскаляцыю на заходніх межах — лічыць аглядальнік Свабоды Дзьмітры Гурневіч
У вечаровых навінах шмат гаварылі пра нарошчваньне вайсковай прысутнасьці NATO каля беларускіх межаў. Сярод прыкладаў назвалі вучэньні Defender Europe і базу ў мясцовасьці Драўска Паморске ў Польшчы.
Згаданыя вучэньні былі заплянаваныя NATO яшчэ да абвяшчэньня даты выбараў у Беларусі. Яны павінны завяршыцца ў наступную нядзелю. Сама база знаходзіцца не каля беларускай мяжы, а на другім баку Польшчы, каля Нямеччыны, на ўзьбярэжжы Балтыкі. Згаданыя базы ў Латвіі таксама знаходзяцца на другім баку краіны і існуюць гадамі.
БТ палохае сытуацыяй на мяжы зь Беларусьсю, каб зьбіць хвалю пратэсту ўнутры краіны. Ніякай базы з амэрыканскімі жаўнерамі каля беларускай мяжы няма. Польшча прасіла ЗША пабудаваць такі аб’ект «Форт Трамп», але амэрыканцы адмовіліся. Як мяркуюць экспэрты, менавіта дзеля таго, каб не напружваць сытуацыю ў рэгіёне.
Глядзіце, як пратэставалі ў Шклове
Беларусь пакуль не зьвярталася да АДКБ з просьбай аб дапамозе
Беларусь пакуль не зьвярталася ў сакратарыят Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) з просьбай аб аказаньні дапамогі. Пра гэта паведаміў у суботу прэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнэтдзінаў.
«Цяпер у сакратарыят АДКБ ніякіх зваротаў ад Беларусі аб аказаньні дапамогі не паступала», — адзначыў Зайнэтдзінаў.
Як ён удакладніў, у выпадку атрыманьня такога звароту ад беларускага боку ён будзе разгледжаны ва ўстаноўленым у арганізацыі парадку.
«Падставы для аказаньня дапамогі прапісаныя ў Дамове калектыўнай бясьпекі ў артыкуле 4 (прысьвечаны агрэсіі якой-небудзь краіны або краін у дачыненьні да дзяржавы-ўдзельніцы АДКБ) і ў статуце арганізацыі. Аднак усе рашэньні аб аказаньні дапамогі прымаюцца ў арганізацыі толькі пасьля правядзеньня адпаведных кансультацый з усімі дзяржавамі-ўдзельніцамі АДКБ», — растлумачыў прэс-сакратар.
Новае відэа Associated Press пярэчыць афіцыйнай вэрсіі пра сьмерць Тарайкоўскага
Агенцтва Associated Press апублікавала відэазапіс, зроблены 10 жніўня 2020. На ім зьнятая сьмерць падчас пратэсту чалавека, якога пазналі як Аляксандра Тарайкоўскага.
На відэа відаць, як ён падае і потым ляжыць бяз руху, а спэцназаўцы ідуць проста на яго. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа не відаць.
Лукашэнка абяцае перакінуць дэсантнікаў зь Віцебска ў Горадню
У вечаровым выпуску навінаў на БТ Лукашэнка назваў сытуацыю на заходніх межах напружанай і заявіў, што аддасьць даручэньне перакінуць зь Віцебска ў Горадню паветрана-дэсантную брыгаду
«Ідзе эскаляцыя і нарошчваньне ваеннага кампанэнта на гэтых тэрыторыях. Спакойна за гэтым назіраць мы ня можам. І калі раніцай я слухаў даклад начальніка Генштабу, я заўважыў, што нашых вайскоўцаў таксама непакоіць гэта праблема», – сказаў Лукашэнка.
На тэлеканале «Беларусь-1» узгадалі пра перакідваньне амэрыканскіх жаўнераў у базы паблізу беларускай мяжы.
Згаданая база ў мясцовасьці Драўска Паморска, знаходзіцца, аднак, каля нямецкай мяжы, на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора.
Да 80% тэхпэрсаналу гатовыя абвесьціць страйк, — супрацоўнік БТ
Асьвятляльнік Уладзімер Цітарэнка, які 13 год працуе на БТ, сказаў, што нічога не чакаў ад Качанавай, якая гаварыла «словамі прэзыдэнта». Паводле яго, супрацоўнікі дамовіліся сабрацца ў панядзелак, бо сёньня ў выходны дзень сабралося мала людзей. Суразмоўца сказаў, што каля 80% тэхнічнага пэрсаналу БТ гатовы выйсьці на забастоўку. «Усё вырашыцца ў панядзелак».
Паводле яго, кіраўнік Белдзяртэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант паабяцаў, што ў эфір будуць выходзіць праўдзівыя навіны. «Спадзяюся, там паведамяць і пра гэты мітынг», — сказаў Уладзімер Цітарэнка.
Дзьмітрыеў: Качанава і Эйсмант ня хочуць пабачыць рэчаіснасьць, бо згубяць усё
Кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў у стрыме Свабоды сказаў, што адчувае настрой грамадзтва, які «цалкам не адчуваюць дзьве Натальлі (Эйсмант — прэс-сакратарка Лукашэнкі, і Качанава — старшыня Савету Рэспублікі. — РС), бо яны губляюць і згубяць усё». «Таму яны так ня хочуць пабачыць рэчаіснасьць. Грамадзтва цяпер такое, што ўсе нават на тым баку разумеюць, што трэба пераходзіць на гэты бок».
Ён зьвярнуўся да афіцэраў, міліцыянтаў, журналістаў, «тых, хто фальсыфікаваў выбары». «Калі вы хочаце нарэшце падтрымаць грамадзтва, гэта той момант, калі гэта варта зрабіць. І тады ў нас зьяўляецца шанец, каб усё было мірна. Бо мы хочам мірных выбараў, мірнага пераходу ўлады — усё як мы любім, па-беларуску».
Усярэдзіне будынку БТ АМАП і салдаты
Відэаінжынэр Агенцтва тэленавінаў (АТН) БТ, якая не назвала сябе, сказала ў стрыме Свабоды, што «адбываецца тое, што даўно мусіла адбыцца». «Усе бачаць, чаго хочуць людзі, мы таксама ня можам рабіць тое, што рабілі раней». Паводле жанчыны, калі «мы будзем працягваць рабіць тое, што робім цяпер, то перамены будуць». Яна паведаміла, што апроч АМАПу ўсярэдзіне будынку «спакойна стаяць» і салдаты.
Рабочыя, чыноўнікі і сілавікі скардзяцца, што іх зганяюць на мітынг у падтрымку Лукашэнкі і пагражаюць звальненьнем
16 жніўня каля будынку ўраду ў Менску, паводле інфармацыі Tut.by, маюць намер правесьці мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Чытачы парталу з розных рэгіёнаў паведамляюць, што іх прымушаюць паехаць у сталіцу. Некаторым удаецца адмовіцца з тых ці іншых прычын, а некаторым — не, бо пагражаюць звальненьнем.
Пуцін не абяцаў Лукашэнку абараняць яго ўладу, — палітычны аналітык Свабоды
Лукашэнка заявіў, што падчас тэлефоннай гутаркі з Пуціным прэзыдэнт Расеі паабяцаў яму, што Расея на першы запыт акажа ўсебаковую дапамогу па арганізацыі бясьпекі Беларусі ў выпадку зьнешніх вайсковых пагроз.
На выпадак узьнікненьня вайсковай пагрозы — так, акажуць дапамогу. Калі войскі NATO ці заходнія дывэрсанты нападуць на Беларусь. Але байкі Лукашэнкі пра нейкіх баевікоў ці то з Галяндыі, ці то з Польшчы не выглядаюць пераканаўчымі і ня цягнуць на замежнае ўварваньне.
Гэта асабліва непраўдападобна на наступны дзень пасьля таго, як лопнула бурбалка з «вагнэраўцамі». А абараняць уладу Лукашэнкі ад унутраных пагрозаў яму ў Крамлі не абяцалі, — мяркуе палітычны аналітык Свабоды Юры Дракахруст.
З гомельскага ізалятара адпусьцілі апошніх затрыманых
З гомельскага ізалятара часовага ўтрыманьня адпусьцілі апошніх затрыманых
на акцыях пратэсту, каля 30 чалавек. Многія моцна зьбітыя, перадае карэспандэнт Свабоды.
Лукашэнка дамовіўся з Пуціным, — БелТА
Расея на першы запыт акажа дапамогу па арганізацыі бясьпекі Беларусі, піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Калі гаворка ідзе пра ваенны складнік, у нас ёсьць дамова з Расейскай Фэдэрацыяй у рамках Саюзнай дзяржавы і АДКБ. Якраз гэтыя моманты падыходзяць пад гэтую дамову. Таму сёньня з прэзыдэнтам Расеі ў мяне адбылася працяглая, грунтоўная размова аб сытуацыі. Павінен сказаць, мяне нават некалькі зьдзівіла — абсалютна абазнаны ў тым, што адбываецца», — адзначыў беларускі лідэр.
У Віцебску працягваецца шэсьце
Стрым Свабоды ад будынку Белтэлерадыёкампаніі
306 супрацоўнікаў БТ гатовыя далучыцца да бестэрміновага страйку
Сыстэмны адміністратар Андрэй браў удзел у акцыі 9 жніўня і запэўнівае, што амапаўцы самі справакавалі бойню. Таму ён абураны, што дзяржаўныя каналы падавалі гэта як напад агрэсіўнага натоўпу. А 9-й гадзіне на БТ будзе абвешчаны страйк, перакананы ён. Ягоная калега, журналістка Дар'я Вайтовіч дадала, што на гэты момант 306 супрацоўнікаў гатовыя далучыцца да бестэрміновага страйку, збор подпісаў працягваецца.
Дырэктар МЗКЦ прызнаў, што Лукашэнка ня выйграў выбары. ВІДЭА
Дырэктар Менскага заводу колавых цягачоў Аляксей Рымашэўскі на сустрэчы з рабочымі прызнаў, што Аляксандар Лукашэнка ня выйграў на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня.
У панядзелак Лукашэнка меў сустрэцца з працоўнымі гэтага заводу.