Крыптабіржа беларускага бізнэсоўца Віктара Пракапені currency.com выдзеліць 100 тысяч даляраў у фонд пацярпелых падчас разгону вулічных пратэстаў, якія пойдуць на іх рэабілітацыю. Пра гэта IT-прадпрымальнік напісаў у «Фэйсбуку».
«Гледзячы на ўсе жахі, якія адбыліся зь людзьмі за апошнія дні, мы ня можам да канца ўсьвядоміць увесь гэты кашмар. Мы разумеем, што здароўе і псыхіка мноства людзей зламаныя на доўгі час, калі не назаўсёды. Галоўнае, што мы можам цяпер зрабіць, — гэта праявіць салідарнасьць, даць матэрыяльную падтрымку», — напісаў Пракапеня.
Ён паабяцаў, што ў найбліжэйшыя дні будзе адкрытая магчымасьць ахвяраваць грошы пацярпелым для ўсіх кліентаў currency.com.
Пракапеня таксама заклікаў далучыцца да гэтай ініцыятывы IT- і бізнэс-супольнасьць.