Стыхійная акцыя пратэсту 14 жніўня каля Дому ўраду ў Менску доўжылася каля чатырох гадзін, у ёй узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.
Да плошчы Незалежнасьці 14 жніўня калёнай прыйшлі рабочыя Менскага трактарнага заводу, якія распачалі страйк з палітычнымі патрабаваньнямі вызваліць палітвязьняў, «зьняць нелегітымнага прэзыдэнта» і прызначыць новыя выбары, а таксама спыніць гвалт. Да іх далучыліся і іншыя пратэстоўцы.
Перад Домам ураду іх сустрэў ланцуг з 30 байцоў і 2 камандзіраў у зялёнай форме, у касках і са шчытамі. Да іх падышлі дзяўчаты з кветкамі. Яны сказалі, што ня будуць біць людзей, дзяўчаты пачалі іх абдымаць.
Людзі ля Дому ўраду стаялі некалькі гадзін, крычалі «Выходзь», «Размаўляй!», «Лічы галасы!», «Мы за мір!» «Жыве Беларусь» і патрабавалі размовы з прадстаўнікамі ўлады, але ніхто да іх так і ня выйшаў.
Людзі стаялі, некаторыя сядзелі перад помнікам Леніну, час ад часу аплядавалі і выгуквалі: «Верым, можам, пераможам!», «Сыходзь!», «Трыбунал!».
Прыкладна ў 21.00, калі пачало цямнець, людзі запалілі ліхтарыкі на тэлефонах. Неўзабаве пасьля гэтага ўдзельнікі акцыі пачалі скандаваць «Да заўтра!» і паступова разыходзіцца. У 21.15 каля Дому ўраду заставаліся лічаныя дзясяткі грамадзян. Праваахоўнікі нікога не затрымлівалі, толькі назіралі.