Рабочыя буйных беларускіх прадпрыемстваў рыхтуюцца да агульнанацыянальнай забастоўкі ў выпадку невыкананьня іх патрабаваньняў. Асноўныя патрабаваньні — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, правядзеньне сумленных выбараў з удзелам незалежных назіральнікаў, вызваленьне палітвязьняў, спыненьне перасьледу альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты.
- Менскі трактарны завод (МТЗ) і наваполацкі «Нафтан» гатовыя абвясьціць забастоўку ўжо ў найбліжэйшы панядзелак, 17 жніўня.
- Сёньня некалькі тысяч рабочых МТЗ і іншых сталічных прадпрыемстваў прайшлі калёнай ад сваіх прахадных да плошчы Незалежнасьці, скандуючы: «Сыходзь!», «Лічы галасы!», «Новыя выбары!». Дэманстранты чакалі, пакуль да іх выйдзе хто-небудзь з Дому ўраду, але так і не дачакаліся. Дом ураду ахоўвалі каля паўсотні сілавікоў. У цэнтар Менску сцягнулі вайсковую тэхніку і аўтобусы зь сілавікамі.
- Рабочыя «Беларуськалію» правялі мітынг, на якім запатрабавалі расфармаваць АМАП, правесьці новыя выбары з новым складам Цэнтральнай выбарчай камісіі, вызваліць усіх палітзьняволеных.
- У Жлобіне сабраўся шматтысячны мітынг пратэсту. Людзі сказалі, што пакідаюць за сабой права на мірныя мітынгі, калі ня будуць выкананыя іх патрабаваньні: выпусьціць палітзьняволеных, справядлівыя выбары, адстаўка Лукашэнкі і мясцовых чыноўнікаў.
- Сьвятлана Ціханоўская ў чарговым звароце пасьля ад’езду зь Беларусі заклікала ўлады да дыялёгу і абвясьціла, што ініцыюе стварэньне Каардынацыйнай рады для забесьпячэньня трансфэру ўлады.
- Міністэрства ўнутраных спраў заявіла, што 2 тысячы затрыманых за пратэсты адпушчаныя дадому. У турмах застаюцца яшчэ 5 тысяч.
- Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясьціла канчатковыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Лукашэнка — 80,1%, Ціханоўская — 10,1%.
- Сто стыпэндыятаў, ляўрэатаў, прэміянтаў і дыплямантаў Спэцыяльнага фонду прэзыдэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў адмовіліся ад званьня і ўсіх зьвязаных зь ім прывілеяў.
- У Расею вярнуліся 32 найміты прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», затрыманыя ў Менску пры канцы ліпеня. 33-і затрыманы — грамадзянін Расеі, які мае таксама беларускае грамадзянства, — застаўся ў Беларусі.
- Сёньня адбылася нарада міністраў замежных спраў Эўразьвязу. Яны даручылі Эўракамісіі выпрацаваць санкцыі адносна Беларусі.
- Дэпутату Эўрапарлямэнту Робэрту Бедраню адмовілі ва ўезьдзе ў Беларусь.