У Жлобіне Гомельскай вобласьці 14 жніўня сабраўся шматтысячны мітынг пратэсту.
На сустрэчу прыйшлі старшыня райвыканкаму Іван Навуменка і начальнік мясцовай міліцыі Генадзь Мельнік.
Удзельнікі мітынгу задавалі ім пытаньні наконт жорсткіх затрыманьняў мясцовых жыхароў, у тым ліку і падлеткаў. Прысутныя на сустрэчы скандавалі «Выпускай», «Фашысты» ў бок міліцыі, запрашалі начальства «адмовіцца ад сваіх кармушак і перайсьці на бок народу», крычалі «Сыходзь», маючы на ўвазе дзейнага кіраўніка краіны.
Людзі сказалі, што пакідаюць за сабой права на мірныя мітынгі, калі ня будуць выкананыя іх патрабаваньні: выпусьціць палітзьняволеных, справядлівыя выбары, адстаўка Лукашэнкі і мясцовых чыноўнікаў.
Начальнік міліцыі сьцьвярджаў, што міліцыя нікога ня біла, але прыйшлі людзі, якія сядзелі ў ізалятары часовага ўтрыманьня, і паказалі свае траўмы. Таксама людзі зьняпраўдзілі інфармацыю начальніка міліцыі, што толькі 6 чалавек трапілі ў шпіталь пасьля зьбіцьця АМАПам.
«Наша галоўнае пытаньне, ці будзе мірная перадача ўлады Ціханоўскай як абранаму прэзыдэнту», — кажуць людзі.
Старшыня райвыканкаму адказаў, што на гэтае пытаньне адказала ЦВК. Людзі пачалі крычаць «Ганьба», і начальнік міліцыі ды старшыня гарвыканкаму хутка сышлі.
Удзельнікі сходу ля жлобінскага райвыканкаму аднагалосна прагаласавалі за
- забастоўку на прадпрыемствах,
- выхад з прафсаюзу,
- выхад з БРСМ,
- за тое, каб не здаваць грошы на рамонты ў школах — бо настаўнікі фальсыфікавалі выбары.
Ідэоляга БМЗ Андрэя Кулакоўскага прагналі з плошчы. «Сыходзь, што ты зрабіў для гораду, нам не патрэбныя ідэолягі, сыходзь», — крычаць мітынгоўцы.