Сьвятлана Ціханоўская ў чарговым звароце пасьля ад’езду зь Беларусі заклікала ўлады да дыялёгу і абвясьціла, што яе штаб працягвае працаваць.
Кіраўніком штаба па-ранейшаму застаецца Марыя Мароз. Ціханоўская таксама пацьвердзіла паўнамоцтвы Вольгі Кавальковай і Мікалая Казлова як яе давераных асоб, якія будуць каардынаваць дзеяньне штаба ў Беларусі.
«З улікам таго, што адбываецца ў краіне і неабходнасьці прыняцьця неадкладных мер для аднаўленьня законнасьці ў Беларусі, я, Сьвятлана Ціханоўская, ініцыюю стварэньне Каардынацыйнай рады для забесьпячэньня трансфэру ўлады».
Паводле Ціханоўскай, у гэтую раду могуць увайсьці прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці.
«Я даручаю сваёй даверанай асобе Вользе Кавальковай і адвакату Максіму Знаку прымаць заяўкі аб вылучэньні чальцоў рады ад арганізацый і абʼяднаньняў грамадзян». — заявіла Ціханоўская.
Яна заклікала абʼяднацца ў згаданай радзе ўсіх, хто зацікаўлены ў дыялёгу і мірнай перадачы ўлады.
«Я захапляюся беларусамі. Дзякуй, мае дарагія! Мы зрабілі немагчымае. Мы паказалі, што нас большасьць. І гэтая краіна належыць нам, народу Беларусі, а не аднаму чалавеку».— напісала ў сваім звароце кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі.