Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і навошта ціснуў на Ціханоўскую


Скрын зь відэазвароту Сьвятланы Ціханоўскай
Скрын зь відэазвароту Сьвятланы Ціханоўскай

Чаму Сьвятлана Ціханоўская заклікала спыніць пратэсты? Як гэта ацэняць беларусы і як гэта паўплывае на пратэсты? Ці магчымае міжнароднае прызнаньне яе прэзыдэнтам? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у Праскім акцэнце палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Сьцісла:

  • Несумненна, што Ціханоўская зрабіла свае заявы пасьля вялікага ціску і шантажу.
  • Такія дзеяньні адносна палітыка ў прававых дзяржавах вядуць да непазьбежных адставак кіраўнікоў спэцслужбаў.
  • Ціханоўская ніколі не заклікала людзей выходзіць на Плошчу, а значыць, нельга казаць, што яна падманула тых, хто выйшаў на пратэсты.
  • Для прызнаньня Ціханоўскай абраным прэзыдэнтам не хапае шэрагу фактараў, найперш — больш-менш дакладнай лічбы набраных галасоў.

Дракахруст: Нагадаю, што быў распаўсюджаны зварот Сьвятланы Ціханоўскай, у якім яна заяўляе, што народ зрабіў свой выбар, таксама заклікае людзей паважаць закон, не супраціўляцца міліцыі і не выходзіць на плошчы. Стала таксама вядома, што беларускія ўлады вывезьлі яе ў Літву.

Навумчык: Мне адназначна зразумела, што на Сьвятлану Ціханоўскую, калі яна наведвала будынак ЦВК, быў зроблены моцны ціск з боку спэцслужбаў ці адміністрацыі. Пакуль што Сьвятлана не патлумачыла гэтага і, магчыма, не патлумачыць яшчэ вельмі доўга, з пэўных прычын. Ціск быў зроблены для таго, каб яна пагадзілася пакінуць тэрыторыю Беларусі, што ўлады, трэба думаць, лічаць абсалютна неабходным элемэнтам прызнаньня за Лукашэнкам названых Ярмошынай 80% і спыненьня народных пратэстаў. Адсюль і вываз яе ўладамі.

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Што ёй было сказана, якія ёй былі прад’яўленыя «аргумэнты» — можна толькі здагадвацца. Ясна, быў элемэнтарны шантаж. Шантаж мужам, які знаходзіцца ў турме і зь якога там зьдзекуюцца, і ня толькі адміністрацыя, а зэкі-крымінальнікі. Ёй маглі проста расказаць, што могуць зрабіць зь Сяргеем тыя ж зэкі ці адміністрацыя, і, у прынцыпе, гэтага ўжо было б дастаткова. Ёй маглі сказаць, што ўлады ведаюць, дзе і ў каго знаходзяцца дзеці, і пры жаданьні — не, вядома ж, ня ўлады, вы што, а нейкія дрэнныя дзядзькі могуць іх выкрасьці. І гэтак далей. І калі яе паставілі перад выбарам: дзеці альбо палітычная дзейнасьць, яна выбрала дзяцей. У мяне не павернецца язык хоць слова папроку сказаць наконт гэтага. У кожным разе, гэта быў ціск з боку ўлады, які ў прававой дзяржаве скончыўся б імгненнымі адстаўкамі кіраўнікоў спэцслужбаў, калі не прэм’ера ці прэзыдэнта.

Дракахруст: У сацсетках некаторыя параўноўваюць словы Ціханоўскай з заявамі Дзьмітрыева і Раманчука ў сьнежні 2010 году. Тады той жа Раманчук казаў, што асуджае тых, хто заклікае людзей на плошчу. Дзьмітрыеў хваліў міліцыю. Ціханоўская такога не казала. Так, яна сказала, што народ зрабіў свой выбар. Але не сказала, які выбар. Думайце самі. Так, яна заклікала людзей не выходзіць на вуліцы, але не сказала, што гэта дрэнна. Яна не сказала, што тыя, хто заклікаў выходзіць, гэта кепскія людзі. І яе цяперашняя заява вытрыманая ў той стылістыцы, у якой яна вяла кампанію.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

У 2010 годзе некаторыя кандыдаты заяўлялі, што «ўсё вырашыць плошча». У дадзеным выпадку яна такога не казала ніколі, не заклікала на плошчу. І таму тут, на мой погляд, нельга казаць, што вось яна абяцала, а цяпер, бачыце, здрадзіла сваім абяцаньням. Яна не абяцала гэтага. Мне здаецца, гэта даволі важны момант для ацэнкі яе ўчынку.

І яшчэ пра грамадзкую рэакцыю. Думаю, тое, што яна жанчына, шмат для каго будзе апраўданьнем яе ўчынку. Між іншым, і на Дзьмітрыева, і на Раманчука таксама аказваўся ціск. Але ў нашай культуры жанчыне даравальна ў большай ступені, чым мужчыну. А ціск на яе быў шалёны.

Навумчык: Паколькі ты сказаў пра Дзьмітрыева і Раманчука, дык нагадаю, што мы і цяпер дакладна ня ведаем, які ціск на іх быў. І мне здаецца іх памылкай тое, што яны пра гэта не расказалі ў дэталях — магчыма, гэта зьмяніла б стаўленьне іх крытыкаў. Увогуле, ня ведаючы ўсіх абставінаў, я ня стаў бы асуджаць людзей за нешта такое. І мы ня ведаем, як бы кожны іншы павёў сябе ў такой сытуацыі.

Датычна Ціханоўскай. У першым відэазапісе яна выглядае вельмі змучанай. І там быў такі нюанс. Яна кажа, што сваё рашэньне прыняла сама, без узьдзеяньня з боку блізкіх, з боку Сяргея, штабу — але ня кажа «бязь ціску з боку ўлады». І гэта пэўны знак.

Ціханоўская ўвесь час казала, што яна не палітык. І сапраўды, калі ўжо казаць пра яе праграмныя заявы (хоць як такой праграмы не было), прафэсійнаму палітыку не даравалі б і дзясятай часткі гэтых рэчаў. Скажам, яна, як выглядае, ня ведала значэньня тэрміну «люстрацыя» (праўда, цудоўна выйшла з сытуацыі ў часе інтэрвію) — але яна і шчыра казала, што не палітык, што ідзе з мэтай правесьці новыя выбары. Яна не гуляла ў палітыка. І казаць, што яна здрадзіла народу, — няправільна.

У іншай сытуацыі яна магла б працягваць сваю палітычную дзейнасьць. Бо калі, напрыклад, Рада БНР валодае гістарычнай легітымнасьцю, дык Ціханоўская на сёньня самая «электаральна легітымная» асоба, за яе, нават па зьвестках Ярмошынай, прагаласавала колькасьць людзей, якая складае насельніцтва, скажам, Чарнагорыі. Але склалася як склалася. Пры гэтым функцыю абуджэньня народу яна, я лічу, выканала.

Дракахруст: Некаторыя ў сацсетках ужо робяць банэры «Ціханоўская — наш прэзыдэнт», людзі прыгадваюць сытуацыю, якая была ў Вэнэсуэле, дзе Гуайдо быў абвешчаны прэзыдэнтам і яго нават у гэтай якасьці прызналі некаторыя краіны. Ці магчыма, на твой погляд, нешта падобнае ў выпадку Ціханоўскай?

Навумчык: Ёсьць унівэрсальныя ўмовы: больш-менш дакладная лічба набраных галасоў, а гэтага няма. Пры тым, што шмат па якіх участках, і ня толькі ў Менску, Ціханоўская перамагла, набраўшы ў разы болей за Лукашэнку. Павінна быць поўная кансалідацыя вялікай часткі грамадзтва ў перакананьні, што асоба абраная прэзыдэнтам. І з гэтым павінны пагадзіцца і кіраўнікі нейкіх дзяржаў. Мінімальна — той дзяржавы, якая дае прытулак асобе, калі яна па-за межамі сваёй краіны.

Ну, і нарэшце, павінна быць воля электаральна абранага прэзыдэнта. Магчыма, такое жаданьне ў Сьвятланы Ціханоўскай ёсьць, але яна пастаўленая, ізноў жа скажу, шантажом (муж застаецца ў турме) у такія ўмовы, што зрабіць гэтага ня можа. Маю на ўвазе, што, нават знаходзячыся за мяжой, ня можа заявіць пра сябе як пра абранага прэзыдэнта.

Я толькі магу выказаць ёй спачуваньне, бо можна ўявіць, што адчувае чалавек, які ведае, што ён абраны прэзыдэнтам, а калі і не абраны, дык мінімальна выйшаў у другі тур — і вось так складаюцца абставіны і такія зьдзекі з боку чыноўнікаў. Гэта вялізны стрэс. Я здымаю капялюш перад гэтай жанчынай, бо ўяўляю, што ёй даводзіцца цяпер перажыць. Хачу памыліцца, але мне здаецца, што для яе гэтыя пакуты — яшчэ не апошнія.

Дракахруст: Я ўпэўнены, што ня будзе прызнаная.Так, размова ідзе пра дзясяткі ці сотні пратаколаў, дзе пераможца Ціханоўская. Але ўсяго выбарчых участкаў больш за 5 тысячаў. Так, можна паліталягічна экстрапаляваць, што калі на 100 участках яна перамагла, дык яна не магла на іншых прайграць, хутчэй за ўсё, яна перамагла ў цэлым па краіне. Але гэта развагі. Дзяржавы не прымаюць рашэньне на падставе імплікацыяў, экстрапаляцыяў, развагаў.

У Вэнэсуэле быў парлямэнт, усімі прызнаны, і ён прыняў пэўнае рашэньне, і ўзьнікла дылема паміж рознымі афіцыйнымі легітымнасьцямі: вось так вырашыў парлямэнт, а вось так — прэзыдэнцкія выбары. У Беларусі ж ёсьць афіцыйныя вынікі, якія агучыла Ярмошына, і нейкая частка пратаколаў, якія сьведчаць, хутчэй за ўсё, пра перамогу Ціханоўскай. Таму новапрызначаная пасол ЗША, калі прыедзе ў Беларусь, уручыць даверчыя граматы Лукашэнку.

Навумчык: Калі казаць пра тое, ці паўплывае высылка Ціханоўскай на пратэставую актыўнасьць, дык, на мой погляд, — не. Народ зараз выходзіць з галоўным патрабаваньнем — «Дастаў!», маючы на ўвазе Лукашэнку. І калі ўлады хацелі гэтым зьбіць актыўнасьць, думаю, яны атрымаюць у выніку якраз супрацьлеглае: людзі не дурныя і зразумеюць, які ціск быў на Ціханоўскую. Сымпатыяў да ўлады такі прыём не выклікае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG