Рэжым Аляксандра Лукашэнкі выставіў напаказ сваё маральнае і палітычнае банкруцтва. Гэтае сьцьвярджэньне брытанскай газэты Financial Times задае тон пераважнай большасьці публікацый у заходняй прэсе пра пасьлявыбарчую сытуацыю ў Беларусі.
Die Welt
У Беларусі некаторыя разьлічвалі, што Сьвятлана Ціханоўская возьме ўдзел у масавых пратэстах у Менску ці нават узначаліць іх, піша нямецкая газэта. Але яна гэтага не зрабіла, зьвярнуўшыся замест гэтага да міліцыі з заклікам адмовіцца ад выкарыстаньня сілы. Заклік Ціханоўскай меў бы сваю вагу, калі б яе было відаць на вулічных пратэстах яе прыхільнікаў, адзначае Die Welt. І заканчвае высновай:
«Знакавае трыё зь Ціханоўскай, Цапкалай і Калесьнікавай на гэты момант распалася. Верагодна, дэманстрацыі працягнуцца, але ўлады аўтакрата яны не пахіснуць».
Liberation
«Абуджэнне ў панядзелак раніцай стала цяжкім для дзясяткаў тысяч беларусаў», — піша француская газэта. Лукашэнка агучыў сярэдні вынік з выбараў за пяць сваіх папярэдніх прэзыдэнцкіх тэрмінаў — 80,2%. Гэта, іранізуе Liberation, прыкмета таго, што мэханізм фальсыфікацыі адладжаны добра, але яшчэ не адзначаецца асаблівай гнуткасьцю. Сваёй суперніцы ўлады даравалі толькі нерэальныя і бездапаможныя 9,9%», — піша спэцыяльны карэспандэнт Liberation у Менску.
Financial Times
У самым сэрцы Эўропы тысячы пратэстоўцаў, не зважаючы на святлошумавыя гранаты і сьлезацечны газ, зноў супрацьстаяць аўтарытарнаму праўленьню, піша Financial Times. Як будуць развівацца падзеі ў Беларусі ў бліжэйшыя дні, прадказаць немагчыма. Але пераломны момант наступіў. Яшчэ ніколі жаданьне пераменаў не было такім адчувальным, а жорсткасьць у адносінах да дэманстрантаў — такая бязьлітасная.
Маральнае і палітычнае банкруцтва рэжыму Лукашэнкі відаць усім, лічыць брытанскае выданьне. Паводле Financial Times, кіраўнікі ЭЗ павінны быць гатовымі зноў увесьці санкцыі, нягледзячы на засьцярогі, што гэта падштурхне Лукашэнку ў абдымкі Пуціна. Няздольнасьць да рашучых дзеяньняў падарве веру ў прыхільнасьць ЭЗ да дэмакратычных каштоўнасьцяў, піша Financial Times.
The Guardian
Няма ніякіх сумневаў, што падзеі, якія разгортваюцца ў Менску, назаўжды зьменяць палітыку ў Беларусі і статус Аляксандра Лукашэнкі, піша The Guardian.
Газэта выказвае дапушчэньне, што нахабная фальсыфікацыя нядзельнага галасаваньня можа ня даць патрэбнага эфэкту. Калі б было абвешчана, што Лукашэнка набраў 55% галасоў, а сам ён заявіў, што прыслухаўся да людзей і гатовы пачаць эру прымірэньня, яму, верагодна, удалося б абмежавацца незадаволенасьцю толькі некалькіх палітычна актыўных групаў. Цяпер, падобна, гнеў адчуваюць і тыя, хто ніколі раней не пратэставаў, заключае выданьне.
The Times
«Няўжо мы неўзабаве станем сьведкамі крушэньня апошняй сапраўднай дыктатуры савецкага ўзору ў Эўропу?», — задаецца пытаньнем The Times, разважаючы аб тым, да чаго прывядуць цяперашнія пратэсты ў Беларусі.
Прэзыдэнт Лукашэнка, адзначае выданьне, — аўтакрат старой пароды. Толькі ў Беларусі можна ўбачыць цалкам унікальнае спалучэньне дэспатызму, дурацкіх на выгляд вайсковых фуражак і трактарных зьлётаў. І ўсё гэта адбываецца пад задушлівай уладай аматара бульбы, былога дырэктара саўгасу.
Паводле The Times, людзі ўжо пасьпелі пацярпець ад гумовых куляў. Далейшы гвалт з боку міліцыі можа выклікаць лютасьць апанэнтаў Лукашэнкі і прыцягнуць у іх шэрагі новых прыхільнікаў.
El Pais
У мадэлі кіраваньня краінай, створанай Лукашэнкам, зьявіліся расколіны, піша гішпанская газэта. Спачатку яны былі малапрыкметныя, але цяпер выразна бачныя на фоне масавых вулічных пратэстаў і шалёных рэпрэсій з боку міліцыі.
Лукашэнка, дадае El Pais, заўсёды настойваў, што Беларусь зьяўляецца «востравам спакою і бяспекі» ў неспакойным свеце, але, падобна, цяпер гэты востраў накрываюць бурлівыя хвалі.