Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іду друкаваць улёткі з заклікам да страйку». Што гавораць удзельнікі менскіх пратэстаў


Пратэст у Менску 10 жніўня. Барыкады каля гандлёвага цэнтру «Рыга» перад разгонам
Пратэст у Менску 10 жніўня. Барыкады каля гандлёвага цэнтру «Рыга» перад разгонам

Карэспандэнт Свабоды ля гандлёвага цэнтру «Рыга» ў Менску раніцай 11 жніўня пагутарыў з удзельнікамі пратэстаў, якія адбываліся тут мінулай ноччу.

Пакуль камунальныя службы прыбіралі тэрыторыю, яны аглядалі месцы сутычак, дзе стаялі барыкады і засталіся яшчэ знакі ад пралітай тут крыві. Сярод іншага ўчорашнія пратэстоўцы адрэагавалі і на навіну пра ад’езд Ціханоўскай у Літву.

Якаў, 51 год, інжынэр зь Менску, два дні браў удзел у пратэстах:

«Тое, што Сьвятлана паехала ў Літву, гэта нават лепей — яна там у бясьпецы, можа пісаць звароты. А мы ўжо тут дзейнічаем самі. Я зараз іду раздрукоўваць улёткі з заклікам да агульнага страйку. Сьмерць удзельнікаў пратэстаў мяне ня спыніць, а толькі азлобіць. Нашая мэта — зрынуць рэжым Лукашэнкі».

Іван, 50 гадоў, сьведка падзеяў ля «Рыгі»: «Яшчэ адна такая ноч, і будзе ўсё».

Ян, 28 гадодў, фэльчар, удзельнік сутычак 9 і 10 жніўня:

«Мы ня будзем спыняцца, нягледзячы на жорсткасьць міліцыі. Мы хочам жыць у вольнай краіне без Лукашэнкі».

Павал, 34 гады, прадпрымальнік, удзельнік сутычак на праспэкце Пушкіна:

«Наш пратэст стыхійны, ён ужо бязь лідэра. І яго нам ня трэба. Надта шмат людзей супраць Лукашэнкі, у Менску, думаю, 90 працэнтаў. Выходзіць ня толькі моладзь, але і мужчыны і жанчыны розных узростаў. Мы хочам нарэшце зрынуць Лукашэнку. Ён ня варты быць прэзыдэнтам, сваімі заявамі і паводзінамі ён ганьбіць нашую краіну».

Аляксандар, 35 гадоў, ІП, зь Менску:

«Першая сьмерць зробіць пратэст больш жорсткім. Мае сябры казалі, што яго зьбіла шумавой гранатай, Гэта сьмерць толькі азлобіць людзей. Наш пратэст бязь лідэра. Лідэра можна арыштаваць ці забіць. Мы з не за Ціханоўскую выступаем, мы хочам зрынуць Лукашэнку, мы самі, і нам ня трэба дапамога Захаду ці Расеі».

Вячаслаў, 40 год, рабочы прыватнай кампаніі, родам з Салігорску, удзельнік сутычак ля ГЦ «Рыга»:

«У Салігорску таксама два дні адбываюцца пратэсты і АМАП разганяе іх ня менш жорстка, чым у Менску. Рабочыя і шахтары ў нас таксама абураныя, я думаю, што яны далучацца да пратэсту, прынамсі маладыя».

Мяне на вуліцы Сурганава ўчора затрымалі салдаты ўнутраных войск, гематома засталася на сьпіне і акуляры пабілі. Я іх пытаю: «Вы вайскоўцы? - Так. - А што будзеце рабіць? - Адпусьцім. І адпусьцілі ў кустах. Яны больш мякка ставіліся да затрыманых. АМАП быў больш жорсткі».

Дворнік, гадоў 60, які прыбіраў сьляды сутычак, у тым ліку рэшткі шумавых гранат:

«Нічога не атрымаецца бяз страйку. А што тычыцца мяне, то што я адзін зраблю».

Начальнік, які кіраваў прыборкай:

«Тут учора былі адмарозкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG