«Імя загінулага 10 жніўня падчас пратэстаў у Менску чалавека спэцслужбам вядомае», — сказала Свабодзе прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.
Аднак яна адмовілася назваць імя, сказаўшы, што працуе сьледча-апэратыўная група. Таксама Чамаданава не паведаміла іншых падрабязнасьцяў пра загінулага. Прычыну сьмерці прэс-служба паведамляла на сваім тэлеграм-канале.
У Сьледчым камітэце журналісту Радыё Свабода паведамілі, што загінулы раней прыцягваўся да адказнасьці і быў асуджаны да сямі гадоў пазбаўленьня волі.
«Асобу загінулага высьветлілі – гэта крымінальнік, які быў асуджаны за забойства», – піша «СБ. Беларусь сегодня».
Гэта першы афіцыйна пацьверджаны выпадак гібелі ўдзельнікі акцый пратэсту супраць прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, якія суправаджаюцца вулічнымі сутыкненьнямі.
Паводле інфармацыі МУС, каля 23:00 на вуліцы Прытыцкага адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок спэцназаўцаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём. Паводле вэрсіі МУС, натоўп будаваў барыкады для блякаваньня руху.
«Наша Ніва» пісала, што дэманстрантаў у гэты час абстрэльвалі — раней з Прытыцкага неаднаразова паведамлялі пра выбухі сьвятлошумавых гранатаў. «Белсат» перадаваў, што выбухі чуваць, і пасьля паведамленьня МУС.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.