Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іхныя гранаты будуць ірвацца ў нашых руках». Ганна Севярынец пра загінулага падчас пратэстаў

абноўлена

Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Пасьля верша, у якім заклікала «не страляць» і за які была звольненая з гімназіі, настаўніца і пісьменьніца Ганна Севярынец напісала новы тэкст пра першага загінулага падчас пратэстаў.

І тады хлопчык хапае рукамі гранату,
каб адкінуць яе ад сяброў,
а яна рвецца ў ягоных руках.
Ён падае. Мёртвы.

Цяпер мы ўсе — гэты хлопчык.
Яны скажуць: сам вінаваты.
Яны скажуць: граната была ў ягоных,
а ня ў нашых руках.

Яны скажуць:
ён хацеў перамен — ён іх атрымаў.
Глядзіце, наркаманы, п’яніцы, ідыёты:
вось вам вашыя перамены.

Гэта вы засыпалі чыстыя вуліцы шклом аўтамабіляў.
Гэта вы ўвялі ў гарады войскі.

Іхныя гранаты будуць рвацца ў нашых руках.
Пакуль іхныя дзеці смакуюць гарачае сонца Турцыі
— нашы стаяць пад гранатамі і кулямі.

Пакуль яны будуюць за наш кошт
бэтонны плот вакол сваёй рэзыдэнцыі
— мы стаім на вуліцах перад калёнамі войскаў.

Санкцыі Эўропы, уведзеныя супраць дыктатуры,
лягуць на нашы плечы.

Бізнэс, які сыдзе зь небясьпечнай краіны,
пакіне бяз працы нас.
Вашыя гранаты разарвуцца ў нашых руках

Яны будуць выводзіць
адных дзяцей супраць другіх дзяцей,
будуць ганіць з тэлеэкранаў кожнага,
хто падыме голас супраць хлусьні.

Яны будуць прамываць мазгі
нашым бабулям і дзядулям,
каб яны ўзьненавідзелі сваіх унукаў,
што прагнуць адной толькі праўды.
Іхныя гранаты будуць рвацца ў нашых руках.

Што нам рабіць, людзям,
у якіх аднялі праўду, голас, выбар?
Мы ідзём супраць арміі з голымі рукамі.
Мы падхопліваем зь зямлі гранаты,
каб адкінуць іх ад сябе, і яны рвуцца.
У нашых руках.
Але гэта ня нашы гранаты.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG