Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве асудзілі на тэрміны ад 7 да 12 сутак журналістаў, праваабаронцаў ды назіральнікаў


Журналіст Уладзімер Лапцэвіч
Журналіст Уладзімер Лапцэвіч

Большасьць пакаралі паводле пратаколаў за непадпарадкаваньне міліцыі.

Уладзімер Лапцэвіч — 12 сутак

Журналіста, чальца юрыдычнай службы БАЖ Уладзімера Лапцэвіча судзьдзя Вікторыя Палякова пакарала 12 суткамі. Яго прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні міліцыі.

Затрымалі Лапцэвіча ўвечары 5 жніўня, калі ён прыйшоў у Ленінскі аддзел міліцыі высьвятляць, чаму затрымалі журналіста Аляксандра Буракова і праваабаронцу Аляксандра Хамратава. У судзе ён заявіў, што на знак пратэсту супраць зьняволеньня абвясьціў галадоўку і што яго ў аддзеле пабілі (на ілбе мае абдзерыну) і выкарысталі кайданкі (ад іх засталіся сінякі). У ізалятары яму стала кепска. Ён паскардзіўся на галаўны боль. З бальніцы, куды яго завезьлі, паведамілі пра пабоі ў Сьледчы камітэт, які пачаў праверку.

У матэрыялах справы адзначана, што Лапцэвіч не рэагаваў на заўвагі супрацоўнікаў, якія зачынялі дзьверы ў аддзел, і самавольна іх адчыняў. Такія дзеяньні былі расцэненыя як непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі.

Аляксандар Буракоў (старэйшы) — 10 сутак


Журналіста і праваабаронцу Аляксандра Буракова (старэйшага) судзьдзя Вікторыя Палякова пакарала 10 суткамі арышту. Ёй абвінавачаны заявіў адвод, бо ў траўні яна прысудзіла яму аналягічнае пакараньне і ён скардзіўся на яе ў пракуратуру.

Журналіст заявіў, што міліцыянты ўчынілі супраць яго правакацыю з удзелам жанчыны. Ён кажа, што інцыдэнт адбыўся на тэрыторыі Ленінскага аддзелу міліцыі. Туды яго даставілі супрацоўнікі ДАІ празь нібыта праблемы з машынаю. Па сканчэньні працэдураў з аўтамабілем на выхадзе зь міліцэйскай стаянкі яму рукою ў грудзі ўперлася жанчына, якая пачала лямантаваць і ўпала. Яго зацягнулі ў аддзел. Пазьней склалі пратакол аб дробным хуліганстве. У ізалятары далі «сфальшаваны пратакол» безь ягонага тлумачэньня і росьпісу.

Адзін са сьведак інцыдэнту кажа, што жанчына, спатыкнуўшыся, упала, не даходзячы да Буракова.

Буракоў настойвае, што яго зьняволілі, каб ня даць займацца журналісцкай дзейнасьцю ў пэрыяд выбарчай кампаніі.

Арганізатарам правакацыі ў стылі «як супраць Ціханоўскага» Буракоў лічыць маёра Паўла Башарымава, які 5 гадзін не адыходзіў ад яго ў міліцыі.

У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэньні адзначана, што журналіст, выйшаўшы з аддзелу, сутыкнуўся з «грамадзянкай Васільковай» і на яе заўвагу «хадзіць асьцярожней» нецэнзурна выказаўся ды штурхануў яе так, што яна ўпала «без нанясеньня пашкоджаньняў».

У матэрыялах ёсьць заява грамадзянкі Васільковай на Буракова. Яна просіць прыцягнуць яго да адказнасьці. У судзе яе не было, бо яна выехала ў Расею. Судзьдзя адмовілася выклікаць пацярпелую на разгляд справы. Васількова ў тлумачэньні для міліцыі адзначыла, што Буракоў яе штурхаў.

Аляксандар Таланкоў — 7 сутак

Аляксандар Таланкоў
Аляксандар Таланкоў


Жыхара Магілёва Аляксандра Таланкова, прыхільніка Ціханоўскай, судзьдзя Вольга Драздова пакарала 7 суткамі арышту. Затрымалі яго 6 жніўня. Да суду ўтрымлівалі ў ізалятары.

Таланкова абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі. У матэрыялах справы гаворыцца, што ён не прад’явіў пасьведчаньня кіроўцы супрацоўнікам ДАІ.

Сваёй віны Таланкоў не прызнаў. Зьвінаваціў сьведак-міліцыянтаў, што тыя хлусяць суду, даючы тлумачэньні. Ён кажа, што падставай, каб перагнаць ягоную машыну ў Ленінскі аддзел міліцыі, стала падазрэньне ў міліцыянтаў, што ягоная машына скрадзеная. У міліцыі на яго склалі пратакол аб непадпарадкаваньні.

Паводле жонкі падсуднага Кацярыны Таланковай, якая была чальцом ініцыятыўнай групы Ціханоўскай, яны з мужам зьбіраліся ў дзень яго затрыманьня ехаць па агітацыйныя матэрыялы ў Менск у штаб. Яна кажа, што праблемаў з машынай быць не магло, бо муж тыдзень таму прайшоў тэхнічны агляд і зрабіў неабходныя выплаты.

Аляксандар Буракоў (малодшы) — 10 сутак


Аляксандра Буракова (малодшага) судзьдзя Натальля Афанасенка пакарала 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Паводле пратаколу, ён 14 ліпеня ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікеце, на якім выказваўся супраць палітыкі дзейнай улады.

Супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі Яўген Загорскі настойваў: Буракоў фатаграфаваў яго, калі ён патрабаваў, каб грамадзяне разышліся з плошчы каля гандлёвага цэнтру «Атрыюм», бо іх знаходжаньне на ёй лічыцца несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. Акрамя таго, казаў міліцыянт, абвінавачаны пляскаў у далоні разам з астатнімі людзьмі. Відэазапіс не пацьвердзіў словы міліцыянта.

Сваёй віны Алесь Буракоў не прызнаў і заявіў, што справа супраць яго — «выдумка». Ён прызнаў, што быў на плошчы і фатаграфаваў Загорскага, каб зафіксаваць, як праходзіць перадвыбарчая кампанія, бо ён доўгатэрміновы назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Ён зьвярнуў увагу суду, што пасьля папярэджаньня міліцыянта людзі выканалі яго і разышліся.

Затрымалі яго 6 жніўня каля Кастрычніцкага суду Магілёва людзі ў цывільным. У той жа дзень на яго склалі рапарт аб адміністрацыйным правапарушэньні, учыненым 14 ліпеня.

Родзічы і калегі, якія бачылі, як і хто затрымліваў Буракова, зьвярнуліся ў пракуратуру з заявай аб яго выкраданьні. Адвакат ня змог адшукаць яго ў аддзелах міліцыі. Праз 6 гадзін Буракоў знайшоўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Андрэй Застрэлаў — 10 сутак

Назіральніка Андрэя Застрэлава судзьдзя Кастрычніцкага суду пакарала 10 суткамі за непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі ва ўчастковай камісіі.

Аляксандар Хамратаў — 10 сутак

Праваабаронцу Аляксандра Хамратава за непадпарадкаваньне міліцыі судзьдзя Ксенія Ўрублеўская пакарала 10 суткамі арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG