Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура прыгразіла плятформам для электроннага галасаваньня адміністрацыйнай адказнасьцю


У Генэральнай пракуратуры лічаць, што онлайн-плятформы «Голас» і Zubr.in, якія заклікаюць фатаграфаваць выбарчыя бюлетэні на ўчастках для галасаваньня і адпраўляць здымкі, а таксама ўдзельнічаць у альтэрнатыўным падліку галасоў выбарнікаў, займаюцца правядзеньнем сацыялягічных апытаньняў і дасьледаваньняў без акрэдытацыі, піша Tut.by.

Генпракуратура нагадала, што выключнае права арганізоўваць апытаньні грамадзкай думкі і сацыялягічныя дасьледаваньні, акрэдытацыя юрыдычных асоб для іх правядзеньня дадзена Камісіі апытаньняў грамадзкай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Арганізатары онлайн-плятформаў «Голас», Zubr.in ня маюць акрэдытацыі на збор і інтэрпрэтацыю названай сацыялягічнай інфармацыі, лічаць у Генпракуратуры.

Там таксама выказалі здагадку, што правядзеньне падобных онлайн-апытаньняў можа пацягнуць за сабой неправамернае атрыманьне іх арганізатарамі і трэцімі асобамі пэрсанальных зьвестак грамадзян, што можа стаць фактарам, які паспрыяе іх выдаваньню бяз згоды ўладальнікаў інфармацыі.

«Пры выяўленьні фактаў правядзеньня грамадзянамі, назіральнікамі неправамерных апытаньняў грамадзкай думкі, якія датычацца грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, выбараў прэзыдэнта Беларусі, без атрыманьня адпаведнай акрэдытацыі маюцца падставы для прыцягненьня іх да адміністрацыйнай адказнасьці паводле арт. 9.28 КаАП», — паведамілі ў Генпракуратуры. Там таксама нагадалі, што санкцыі паводле гэтага артыкулу прадугледжваюць штраф у памеры да 20 базавых велічынь (510 рублёў), а на юрыдычную асобу — да 100 базавых велічынь (2500 рублёў).

Генпракуратура справілася з ацэнкай законнасьці за дзень

6 жніўня прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў даць ацэнку законнасьці ініцыятыў аб альтэрнатыўным падліку галасоў на выбарах.

«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генэральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасьці падобных ініцыятыў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», — заявіў ён.

У той жа дзень кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына выступіла зь відэазваротам, у якім выказала шкадаваньне, што ў нашай краіне ўкараняецца «палітычная афёра пад назвай інтэрнэт-плятформа «Голас».

«Па сутнасьці, тое, што вам прапануецца, — гэта стварэньне ценявога Цэнтрвыбаркаму», — адзначыла кіраўніца ЦВК і назвала плятформу «шкодным і злачынным праектам».

«Як нас запэўніваюць, гэта кантроль за волевыяўленьнем. Не, дарагія мае, гэта не кантроль. Гэта стварэньне скажонага выніку выбараў для таго, каб дэвальваваць афіцыйны вынік галасаваньня і на гэтай падставе арганізаваць масавыя беспарадкі. Вось для чаго гэта робіцца», — выказалася Ярмошына.

Камісія апытаньняў грамадзкай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акрэдытавала дзевяць арганізацый для работы на выбарах. Пяць зь іх — гэта структуры пры ўнівэрсытэтах, па адной — пры НАН, дзяржаўнай газэце «Магілёўскія ведамасьці» і рэспубліканскім саюзе грамадзкіх аб’яднаньняў «Беларускі камітэт моладзевых арганізацый». Нарэшце, адзіная прыватная кампанія ў сьпісе — аналітычны цэнтар EcooM, які належыць ТАА «Мэдыяфакт-Эка», з 2004 году супрацоўнічае з ЦВК Беларусі, чые дасьледаваньні ня раз выклікалі крытыку экспэртаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG