Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Саладуха, «Дасягненьні раёну», «Беларусіяда». Чым занялі ўсе менскія пляцоўкі для вулічнай агітацыі на выбарах

Саладуха, «Дасягненьні раёну», «Беларусіяда». Чым занялі ўсе менскія пляцоўкі для вулічнай агітацыі на выбарах


Кіеўскі сквэр у Менску, ілюстрацыйнае фота
Кіеўскі сквэр у Менску, ілюстрацыйнае фота

У Менску вулічную перадвыбарчую агітацыю сёлета дазволілі толькі ў 6 месцах: гэта паркі і сквэры, усе яны знаходзяцца ня ў цэнтры гораду. Паглядзелі, ці не праводзяць цяпер на пляцоўках, якія вылучылі кандыдатам для мітынгаў, іншых імпрэзаў.

3 жніўня стала вядома, што ў парку Дружбы народаў, дзе на 6 жніўня быў заплянаваны вялікі мітынг-канцэрт кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у гэты ж дзень і час сабраліся сьвяткаваць Дзень чыгуначных войскаў.

Штаб Ціханоўскай падаў скаргі ў Менгарвыканкам і ЦВК, запатрабаваўшы адмяніць рашэньне адміністрацыі Савецкага раёну Менску аб арганізацыі на названай пляцоўцы мерапрыемстваў, якія не адносяцца да перадвыбарчай агітацыі. Адказу пакуль не атрымалі, мітынг адмяняць не зьбіраюцца. Паглядзелі, ці вольныя ў перадвыбарчыя дні іншыя пляцоўкі для агітацыі за кандыдатаў.

Саладуха і «Песьняры» на Бангалоры

На пляцоўцы ў парку Дружбы народаў штовечар да дня выбараў заплянаваныя розныя імпрэзы.

  • 5 жніўня — праект «Клясыка бязь межаў»
  • 6 жніўня — Дзень чыгуначных войскаў — з выступамі кінолягаў, спартовымі конкурсамі і спаборніцтвамі, палявой кухняй, выставай спэцыяльнай чыгуначнай, аўтамабільнай і дарожнай тэхнікі, а таксама канцэртам, на якім выступяць Аляксандар Саладуха, ансамбль «Песьняры», арт-гурт «Беларусы», вайсковы аркестар, акадэмічны ансамбль песьні і танцу Ўзброеных Сілаў і іншыя.
  • 7 жніўня — урачыстасьці да Дня будаўніка, выступы духавога аркестру ГУУС Менгарвыканкаму, фальклёрнага гурту «Купалінка», дзяржаўнага камэрнага хору, канцэртная праграма «Люблю наш край», акадэмічная харавая капэля імя Шырмы.
  • 8 жніўня выступяць «Minsk Music Orchestra», гурт «Купалінка», харавая капэля імя Рыгора Шырмы, будзе канцэртная праграма «Той самы Уцёсаў».

Парк імя Грэкавай (Серабранка, Ленінскі раён)

У парку імя Грэкавай з 3 па 8 жніўня штодня праходзяць раённыя сьвяты «Фарбы лета», паведамляе сайт адміністрацыі Ленінскага раёну Менску. Час правядзеньня: 15.00 — 21.30.

  • 5 жніўня — «Лета — пара творчасьці»
  • 6 жніўня — «Дакраніся да прыроды сэрцам»
  • 7 жніўня — «Дасягненьні раёну»
  • 8 жніўня — «Субота спартыўная»

Сьвята кожны дзень у Тучынскім сквэры (Фрунзенскі раён)

Пляцоўка Тучынскага сквэру надзвычай запатрабаваная ў гэтыя дні: 6 і 8 жніўня сьвяточныя імпрэзы пачынаюцца а 10-й раніцы, 5 і 7 жніўня — па абедзе, у 15.30. Заканчваюцца шматлікія мерапрыемствы ў 21 –21.30 вечара.

  • 5 жніўня ў сквэры — сьвята «Фарбы лета»
  • 6 жніўня — сьвята здароўя і спорту
  • 7 жніўня — сьвята сьмеху і весялосьці
  • 8 жніўня — сьвята «Лета — маленькае жыцьцё»

У межах сьвятаў пройдуць гульні і спартовыя спаборніцтвы, музычныя выступы, конкурсы, дыскатэкі і іншае.

Парк імя 50-годзьдзя Кастрычніка (Заводзкі раён)

На 6 жніўня тут заплянавалі моладзевую акцыю # Разам, піша мясцовая адміністрацыя. Пройдзе канцэрт. На іншыя дні пакуль нічога не анансуецца.

Кіеўскі сквэр (Цэнтральны раён) і сквэр Жукава (Маскоўскі раён)

На сайце адміністрацый Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў пакуль няма ніякай інфармацыі пра сьвяточныя імпрэзы ў гэтыя дні.

Аднак, як паведамілі «Еўрарадыё» ў адміністрацыі раёнаў, прынамсі 6 жніўня (калі каманда Ціханоўскай плянуе вялікі мітнг-канцэрт) Кіеўскі сквэр і сквэр Жукава таксама будуць занятыя. У Кіеўскім сквэры плянуюць правесьці «Дзень адчыненых дзвярэй установаў дадатковай адукацыі», а ў сквэры Жукава плянуецца спартова-аздараўленчае сьвята «Беларусіяда».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG