Скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію і Менгарвыканкам прынесла давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова.
6 жніўня ўлады Савецкага раёну плянуюць праводзіць у парку Дружбы народаў сьвяточныя мерапрыемствы ў гонар чыгуначных войскаў.
«У нас ёсьць відэазапіс, які пацьвярджае, што мы першымі пасьля рэгістрацыі Святланы падалі заяўкі на ўсе пляцоўкі і даты, у тым ліку на 6 жніўня. Тое, што сёньня заплянавана на пляцоўцы парку Дружбы народаў, ня мае дачыненьня да агітацыі. Мы лічым дзеяньні адміністрацыі Савецкага раёну Менску незаконнымі, яны парушаюць выбарчае заканадаўства, мы просім гэтыя рашэньні адмяніць і дэмантаваць тое, што яны там усталявалі», – сказала Свабодзе Вольга Кавалькова.
Кавалькова зазначыла, што чыгуначных войскаў не існуе з 2006 году, а таксама павіншаваць іх магчыма на любой іншай пляцоўцы.
Штаб Ціханоўскай мае намер правесьці перамовы зь Менгарвыканкамам, каб адміністрацыі раёнаў адмянілі свае рашэньні, бо ня маюць права займаць адведзеныя пляцоўкі пад іншыя імпрэзы ў пэрыяд перадвыбарчай агітацыі.
«У нас мерапрыемства заплянавана, і яно адбудзецца. Таму нашы перамовы павінны быць канструктыўнымі, і мы хочам выніку для нас і бясьпекі для людзей, якія прыходзяць на нашы падзеі. Мы просім даць магчымасьць выкарыстоўваць пляцоўкі, якія яны нам адвялі. Хаця тое, што яны іх вызначылі ў такім абмежаваным выглядзе, гэта ўжо парушэньне заканадаўства, бо яны не ахопліваюць ўсё насельніцтва Менску (6 пляцовак на 9 раёнаў). А цяпер, у самы разгар агітацыйнай кампаніі, яны хочуць забраць і гэтыя», — сказала Вольга Кавалькова.
Вольга Кавалькова зьвярнула ўвагу, што і іншыя пляцоўкі, выдзеленыя для агітацыі, могуць быць занятыя. Такая ж сытуацыя назіраецца і ў рэгіёнах.
«Учора ўвечары нам патэлефанавалі з Салігорскага гарвыканкаму і сказалі, што ў іх будзе матч на стадыёне і яны ня могуць яго нам прапанаваць. Падобная сытуацыя і ў іншых градах. Зразумела, што паступіла нейкае распараджэньне заблякаваць правядзеньне агітацыйных мерапрыемстваў цягам гэтага тыдня».
У пададзенай скарзе згадваецца права кандыдата праводзіць агітацыйныя мітынгі на 6 пляцоўках у Менску. Вольга Кавалькова адзначыла, што «мерапрыемства заплянавана і будзе праведзена».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.