Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад каранавірусу памёр мастак, ліквідатар-чарнобылец Лявон Грышук


Лявон Грышук на выставе ў 2016 годзе
Лявон Грышук на выставе ў 2016 годзе

Пра сьмерць калегі Свабодзе паведамілі сябры суполкі «Пагоня», таксама гэта пацьвердзілі вернікі пратэстанцкай царквы, якую ён наведваў. Пра, тое, што ў мужа каранавірусная інфэкцыя, у мінулым месяцы паведаміла жонка мастака. На наступны год Лявон Грышук мог адзначыць 70-гадовы юбілей.

Лявону Грышуку стала кепска ў сярэдзіне ліпеня, яго паклалі ў 6-ы менскі шпіталь. Практычна ад пачатку ён знаходзіўся на апараце вэнтыляцыі лёгкіх, апошнім часам яго ўвялі ў штучную кому. 2 жніўня сэрца ня вытрымала.

Час разьвітаньня і месца пахаваньня ўдакладняюцца.

Раней у інтэрвію Свабодзе Лявон Грышук расказваў, што пра наступствы працы ліквідатарам Чарнобыльскай аварыі. Выскоквалі пухліны на руках і нагах, іх выдалялі, але зноў зьяўляліся. Зьявіліся праблемы з сэрцам, сасудамі, выразалі жоўцевы пухір. Тэма наступстваў чарнобыльскай катастрофы стала адной са скразных у ягонай творчасьці.

Лявон Грышук нарадзіўся 2 траўня 1951 году ў вёсцы Глінкі на Меншчыне. Скончыў дзіцячую мастацкую студыю Каткова, Рэспубліканскую мастацкую школу, Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава.

Служыў у савецкім войску, пасьля аварыі на ЧАЭС быў прызваны на зборы і камандзіраваны на Чарнобыльскую АЭС. У 1986 годзе ўзнагароджаны мэдалём за ўдзел у ліквідацыі аварыі. Сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Удзельнік нацыянальных і міжнародных выставаў. Працы знаходзяцца ў музэях краіны, прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі.

Прапануем архіўную гутарку зь Лявонам Грышуком, якую карэспандэнт Свабоды запісаў да 30-годзьдзя чарнобыльскай катастрофы. Упершыню яна была апублікаваная ў 2016 годзе​

«Радыяактыўны графіт з даху рэактару зграбалі рукамі», — ніхто зь сяброў мастака-ліквідатара не дажыў да 30-годьдзя чарнобыльскай аварыі

Менскі Палац мастацтва запрашае на выставу Лявона Грышука — чалавека складанага лёсу, але жыцьцесьцьвярджальных прынцыпаў.

​Сам аўтар кажа, што падрыхтоўку экспазыцыі пад назвай «Дабравесьце» прысьпешыла падвойная нагода: 30-годзьдзе Чарнобыльскай катастрофы і ўласны юбілей, які, зрэшты, мог і не адбыцца — зь ягоных сяброў-ліквідатараў да 65-ці не дажыў практычна ніхто:

«Гэтая выстава — успамін пра маіх сяброў, якіх, на жаль, нікога ўжо няма. Я застаўся адзін...», — кажа суразмоўца, дадаючы, што хоча яшчэ раз нагадаць пра маштаб трагедыі, ад якой улады папросту адмахнуліся.

Лявон Грышук, «Выбух» (1998 год)
Лявон Грышук, «Выбух» (1998 год)

Хоць выстава і зьвяртаецца да падзеяў найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ХХ стагодзьдзя, боль і пакуты закладнікаў Чарнобылю перадаюцца праз ускосныя вобразы, перадусім духоўныя:

«Непасрэдна Чарнобылю прысьвечана толькі адна праца — „Выбух над горадам“. Я не хачу маляваць рэактар, паказваць, як людзі корпаюцца на даху саркафагу і г.д. Гэта балюча і цяжка — як фізычна, так і маральна».

Камбат супакойваў: хлопцы, ня бойцеся, ніхто вас на сьмерць не пашле

30 гадоў таму Лявон Грышук трапіў у самы эпіцэнтар — як «партызана» яго выклікалі позвай у ваенкамат і бязь лішніх словаў накіравалі «ліквідоўваць наступствы». Разам зь іншымі мабілізаванымі месяц працаваў на дэзактывацыі вёсак, на пункце тэрміновай апрацоўкі — мылі, чысьцілі тэхніку, якая прыходзіла з зоны. А потым усіх адправілі на разбураны рэактар.

Расказвае, што працавалі на даху ў звычайных сьпяцоўках, скідалі рукамі радыяактыўны графіт, трубкі, паліва — усё, што было выкінута выбухам і валялася наверсе. Так паўтаралася двойчы зь перапынкам у два дні. Нягледзячы на тое, што даслужваць заставалася тры месяцы, «партызанаў» вярнулі дадому — шмат у каго пачаліся праблемы са здароўем:

Біяграфічныя зьвесткі пра аўтара
Біяграфічныя зьвесткі пра аўтара

«Я тады працаваў мастаком-афарміцелем. Прыйшла позва, што трэба перааформіць дакумэнты. Ну, думаю, схаджу, хвілінная справа. Так, можа, куды і ўцёк бы, але ў ваенкамаце забралі дакумэнты і абвясьцілі — тэрміновая мабілізацыя ў зону аварыі. Некуды сарвацца ўжо было нерэальна, дый ніхто моцна не супраціўляўся — ніхто ж не папярэджваў, што радыяцыя, што небясьпечна. Нават калі ехалі на рэактар, камбат супакойваў: хлопцы, ня бойцеся, ніхто вас на сьмерць не пашле, нічога страшнага. Але ўжо тады насьцярожыла: навокал салаўі заліваюцца, вароны каркаюць, а прыехалі да рэактара — ні птушачкі. То бок іншыя жывыя істоты ўжо адчувалі, што нешта ў прыродзе ня так, гэта толькі мы ня бачылі. Нічога не баліць, пахаў ніякіх няма, а на самой справе побач — сьмерць».

Ці ня самыя моцныя ўражаньні пакінула Прыпяць — як кажа суразмоўца, карціна нерэальнага стаіць у вачах дагэтуль. Жыхароў гораду атамшчыкаў эвакуавалі неўзабаве пасьля катастрофы, наступнымі туды прыйшлі ліквідатары:

Лявон Грышук, «Два шляхі» (1999 год)
Лявон Грышук, «Два шляхі» (1999 год)

«Уражаньні ад Прыпяці — на мяжы стрэсу. Толькі-толькі ўсё здарылася, марадэры яшчэ не дабраліся, горад пусты, цішыня. Заходзім у пад’езд, у адной з кватэраў прачыненыя дзьверы: стаяць тапачкі, дзіцячыя сандалікі, вісіць вопратка. На тумбачцы — тэлефон, падняў слухаўку — гудкі, тэлефануй. У іншай кватэры — тое ж самае: на стале акуратна складзеныя паперы, некага адарвалі проста ад працы. Я тады якраз захапляўся фантастыкай, чытаў Стругацкіх. І трэба ж было: літаральна толькі што пачытаў „Сталкера“, і ўрэшце сам трапіў у гэтую зону! Гляджу навокал — няўжо я сам сталкер? Пусты горад, пустая кватэра, дзіцячыя сандалікі да такой ступені мяне ўразілі, што было страшней, чым нават на даху рэактара».

Зазірнуў у чорную прорву рэактара — адтуль пацягнула сьмяротным холадам

Лявон Грышук дагэтуль ня можа зразумець, у каго нарадзілася ідэя кінуць у самае пекла непадрыхтаваных «ліквідатараў», ды яшчэ без аніякіх сродкаў абароны:

Мастак сярод сваіх палотнаў
Мастак сярод сваіх палотнаў

«Калі пасьля выбуху ўсё выкінула на дах і гарачыя элемэнты ўліплі ў рубэроід, трэба было ўсё адарваць і скінуць назад у дзірку. Адбівалі кувадламі, ламамі, потым хапалі ў ахапку і кідалі ўніз. Туды зазірнуў — чорная прорва, зь якой пацягнула сьмяротным холадам. Здалося, што сьмерць маханула па твары крылом... Як спусьціліся з даху, у хлапцоў пайшла з носу кроў, ванітавала, выварочвала. Мы жылі ў намётавым лягеры ў вайсковай частцы, дык не маглі нават самастойна вылезьці з кузава — проста падалі на зямлю, бо не трымалі ногі, слабасьць страшэнная. І хочаш падняцца, але толькі катаесься, як той „ванька-ўстанька“, няма сілы. Толькі да вечара збольшага ачухаліся, відаць, адбылася адаптацыя. Калі другі раз зноў кінулі на дах рэактара, усё паўтарылася з той жа дакладнасьцю — кроў носам, ваніты, валяньне на зямлі...»

З Чарнобылю ніхто здаровым не вярнуўся. Іншая справа, удакладняе спадар Грышук, што мэдыкам быў дадзены загад сьпісваць наступствы на што заўгодна, толькі не на радыяцыю:

Лявон Грышук, «Шлях на Курапаты» (2005 год)
Лявон Грышук, «Шлях на Курапаты» (2005 год)

«Пераважна хваробы былі анкалягічныя, але ня толькі, бо нельга было сеяць паніку. Прыкладам, аднаму майму сябру паставілі дыягназ — радыкуліт. Спачатку ён хадзіў з кійком, потым на мыліцах, а аднойчы ў паліклініцы страціў прытомнасьць і ў рэанімацыі праз тры дні памёр. Але ж ад радыкуліту ніхто не памірае! Таму відавочна, што сапраўдную прычыну стараліся прыхаваць, сьпісваючы на штосьці іншае. Мае хваробы таксама зьвязаныя з Чарнобылем: шмат павыскоквала пухлін, выдалялі на руках, на назе; жоўцевага няма, праблемы з сэрцам, з сасудамі. Усё разам сабралася, але, дзякуй Богу, трымаюся. Галоўнае, на сваіх нагах і пры сваёй працы».

«А чаму выжыў?» — задаецца пытаньнем спадар Лявон і сам жа адказвае: таму што ўвераваў у Госпада.

Лявон Грышук «Нябеснае пакараньне» (1999 год)
Лявон Грышук «Нябеснае пакараньне» (1999 год)

«Пасьля вяртаньня з Чарнобылю падоўгу ляжаў у шпіталі — бывала, па паўгода, сем месяцаў цягам году. І ўсё больш выразна адчуваў: калі не шукаць нейкага выйсьця, хваробы ўрэшце адолеюць. Паступова стаў зьвяртацца да Бога, бо зразумеў, што толькі ён здольны зрабіць цуд, ацаліць. Акурат у той час па бальніцы хадзіла моладзь, раздавала Эвангельле. Я ўзяў, пачаў чытаць і неўзабаве прымкнуў да царквы хрысьціянаў веры эвангельскай. Ужо 20 гадоў я вернік: пакаяўся ў 1995-м, а ў наступным годзе быў прыняты ў царкоўную грамаду. Гасподзь працягнуў гады майго жыцьця. Хоць інвалід ІІІ групы, але прынамсі маю магчымасьць жыць, займацца любімай справай. Мы штогод праходзім камісію, я з жалем назіраў, што маіх хлопцаў, сяброў усё меней і меней. Я заклікаў іх таксама прыйсьці да Госпада. На жаль, ніхто не адгукнуўся, і цяпер з той каманды ў жывых няма ўжо нікога».

Формула жыцьця Грышука: мастак, ліквідатар, беларускамоўны пастар

Заняткі жывапісам Лявон Грышук сумяшчае з духоўнай службай, ён — беларускамоўны пастар у царкве «Ян Прадвесьнік». Новае пакліканьне паўплывала і на адлюстраваньне жыцьця — цяпер яно асэнсоўваецца празь біблейскія сюжэты:

Лявон Грышук, «Помнік паўстанцам» (2015 год)
Лявон Грышук, «Помнік паўстанцам» (2015 год)

«Я заўсёды любіў пісаць пэйзажы, партрэты, натурморты. А пасьля Чарнобылю зьявілася духоўная тэма. Стаў адчуваць, што духоўны стан моцна зьвязаны зь фізычным, боскае і сьвецкае заўсёды ідзе побач. І стаў праз свае творы сьведчыць пра Госпада, пра тое, што толькі ў Госпадзе выратаваньне і Яго любоў. Ня ведаю, ці ўдаецца гэта перадаць, але намагаюся. Тэма зьмянілася, але пэйзажы па-ранейшаму пішу, яны займаюць другую палову залі. Люблю нашу гісторыю, вось некаторыя працы: рэшткі сядзібы Вайніловіча, „Помнік паўстанцам“ Каліноўскага ў Мілавідах, „Старая Вежа“ — сядзіба Наркевіча-Ёдкі, „Веліч мінулага“ — Крэўскі замак, „Альтанка Амэліі“ — з Залесься Агінскага. З маім добрым сябрам-мастаком Міхасём Нудновым разам езьдзім на пленэры, ён мне ва ўсім дапамагае. Дарэчы, гэтая выстава заменіць ягоную ў Заслаўскім музэі».

Лявон Грышук, «Веліч мінулага» (2015 год)
Лявон Грышук, «Веліч мінулага» (2015 год)

Лявон Грышук, «Альтанка Амеліі» (2015 год)
Лявон Грышук, «Альтанка Амеліі» (2015 год)

Калегі-мастакі пра творчасьць Лявона Грышука

Генадзь Драздоў, старшыня мастацкай суполкі «Пагоня»:

«Чарнобыльская тэма ў творчасьці Лявона не выпадковая — ён сам быў у пекле рэактара, рукамі выносіў радыяактыўнае сьмецьце. Інвалід, мае групу. У літаральным сэнсе ўсё прапушчана празь сябе — праз нутро, праз дух, праз плоць. Таму вынік зусім не выпадковы. Тое, што бярэцца за духоўную тэму, таксама тлумачыцца. Ён — пастар пратэстанцкай царквы Антонія Бокуна, дарэчы, адзінай беларускамоўнай у Беларусі.

Мастак Генадзь Драздоў
Мастак Генадзь Драздоў

Ягоныя кампазыцыі надзвычай цікава вырашаюцца плястычна, і на палотнішчах прэвалюе духоўная тэма. Гэта ўнутраная зрошчанасьць з мысьленьнем, сьветапоглядам і г.д. Такая рэтраспэкцыя дае магчымасьць больш уважліва зірнуць на аўтара і паспрабаваць зразумець ягоны ўнутраны стан. Сёньня мастацтва амаль цалкам стала камэрцыйным, каньюнктурным, а палотнішчы, якія стварае Лявон, зусім іншыя, бо вельмі рэдка хто з мастакоў бярэцца за такую тэму. Праца вельмі складаная, і трэба быць сапраўды падрыхтаваным духоўна, каб яе пачынаць».

Аляксей Марачкін, жывапісец і грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў суполкі «Пагоня»:

«Так атрымалася, што трагічная дата — 30 гадоў чарнобыльскай катастрофы — сёлета на ўзроўні выставы асабліва нідзе не прагучала. Апроч хіба што Жодзіна, дзе былі сабраныя творы, прысьвечаныя гэтай сумнай падзеі. Лявон Грышук — разнаплянавы мастак, ён ня піша катастрофу з натуры, а праганяе празь сябе ўвесь боль Чарнобылю, бо сам ліквідатар. Пра гэта таксама ня трэба забываць, бо чалавек ахвяраваў сваім здароўем. Апроч таго, тут творы высокадухоўныя, сакральнай тэмы, якую ён вельмі добра разумее.

Мастак Аляксей Марачкін
Мастак Аляксей Марачкін

Калі я зь ім размаўляў і запытваў — як ты спраўляесься, бо многія іншыя ліквідатары ўжо на небе — ён казаў, што дапамагае боская сіла, якая яго і трымае. Шчыра кажучы, такія працы рэдка можна пабачыць на нашых выставах, бо трэба быць упэўненым у сабе, каб за іх брацца. Але тое, што гэта пэндзаль Грышука, можна адразу ж вызначыць і па стылі, і па манеры, і па тэматыцы. Так што застаецца толькі павіншаваць яго з гэтай выставай і падкрэсьліць, што сам Лявон — высокадухоўны, веруючы чалавек, што і перадае на сваіх палотнах».

Мастак Лявон Грышук
Мастак Лявон Грышук

Лявон Грышук нарадзіўся 2 траўня 1951 году ў вёсцы Глінкі на Меншчыне. Скончыў дзіцячую мастацкую студыю Каткова, Рэспубліканскую мастацкую школу, Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава. Служыў у савецкім войску, пасьля аварыі на ЧАЭС быў прызваны на зборы і камандзіраваны на Чарнобыльскую АЭС. У 1986 годзе ўзнагароджаны мэдалём за ўдзел у ліквідацыі аварыі. Сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Удзельнік нацыянальных і міжнародных выставаў. Працы знаходзяцца ў музэях краіны, прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі.

Экспазыцыя выставы «Дабравесьце»
Экспазыцыя выставы «Дабравесьце»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG