Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уласьніка «Галерэі Ў» і яшчэ 7 затрыманых ля КДБ асудзілі на «суткі». Яны прапаноўвалі ўзяць Бабарыку на парукі

абноўлена

Аляксандар Васілевіч, архіўнае фота
Аляксандар Васілевіч, архіўнае фота

У раённых судах Менску 30 ліпеня пачаліся разгляды адміністрацыйных спраў затрыманых у будынку КДБ і каля яго 28 ліпеня. У той дзень людзі пайшлі туды, каб падаць хадайніцтва за Віктара Бабарыку, аднак замест прыёму дакумэнтаў іх адпраўлялі ў аўтазакі.

Тады затрымалі каля 50 чалавек, сярод іх больш за 10 журналістаў. Большасьць адпусьцілі без складаньня пратаколаў, але як мінімум 8 чалавек пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня да суда.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 30 ліпеня на «суткі» асуджаныя:

  • Дзьмітры Барэйчук — 14 сутак арышту (суд Кастрычніцкага раёну, судзьдзя Рудэнка),
  • Арцём Кармэс — 15 сутак арышту (суд Ленінскага раёну, судзьдзя Юлія Шут),
  • Уладзіслаў Лушчынскі — 15 сутак арышту (суд Фрунзенскага раёну, судзьдзя Ала Скуратовіч),
  • Уладзімер Іваноў — 14 сутак арышту (судзілі па 2 артыкулах),
  • Віктар Маркаў — 15 сутак арышту (суд Ленінскага раёну, аб'явіў галадоўку),
  • Сяргей Каламенкін — 15 сутак арышту (суд Ленінскага раёну),
  • Андрэй Лукашэвіч — 15 сутак арышту (суд Фрунзенскага раёна, судзьдзя Юлія Блізьнюк),
  • Аляксандар Васілевіч — 14 сутак арышту (суд Фрунзенскага раёна)

Бізнэсоўца Аляксандра Васілевіча, асуджанага на 14 сутак, прызналі вінаватым у «парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (ч.1 арт. 23.34 КаАП) — нібыта ён выкрыкваў «Свабоду Бабарыку!» 28 ліпеня пад будынкам КДБ, паведамляе The Village.

На кадрах СМІ і відавочцаў такі эпізод ня быў зафіксаваны. Паведамлялася, што Аляксандра Васілевіча затрымалі, калі ён увайшоў у будынак Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, каб падаць хадайніцтва за вызваленьне экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі на парукі.

Васілевіч быў тады разам з галоўным рэдактарам The Village Яўгеніяй Сугак. Яна выступіла на судзе сьведкай і расказала, што па дарозе ў КДБ Васілевіч нічога не крычаў, яны размаўлялі пра свае справы. На ўваходзе ў КДБ яны расказалі пра мэту візыту, іх запрасілі ўвайсьці, адвялі ў нейкі пакой, а адтуль — у аўтазак, на якім адвезьлі ў РУУС.

Сугак у той жа вечар вызвалілі, пра лёс Васілевіча спачатку родным нічога не паведамлялі, потым сказалі, што ён у ізалятары на Акрэсьціна, там — што трэба пытаць у РУУС, а ў РУУС — што яго там не афармлялі. У выніку амаль празь дзень пасьля затрыманьня прызналі, што ён у ізалятары на Акрэсьціна.

Каля будынку Камітэту дзяржаўнай бясьпекі днём 28 ліпеня затрымалі больш за 10 журналістаў і дзясяткі ахвотных падаць хадайніцтва за Віктара Бабарыку.

Васілевіч — уладальнік рэклямных агенцтваў Hepta і Vondel, уласьнік менскай «Галерэі Ў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG