Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада павінна мяняцца»,— кандыдаты Дзьмітрыеў і Ціханоўская выступілі на дзяржаўным радыё


29 ліпеня на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з перадвыбарчымі зваротамі выступілі кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў і Сьвятлана Ціханоўская.

Дзьмітрыеў прамаўляў па-беларуску і заклікаў прагаласаваць 9 жніўня, каб дамагчыся другога туру, дзе зрынуць старога прэзыдэнта стане «справай тэхнікі».

Дзьмітрыеў: Выпусьціць палітзьяволеных, звольніць ідэолягаў, перакрэсьліць дармаедзкі дэкрэт

Андрэй Дзьмітрыеў перакананы, што сёньня ў руху за новага прэзыдэнта — большасьць. Нават нягледзячы на тое, што ўлады нэўтралізавалі годных канкурэнтаў.

Андрэй Дзьмітрыеў падчас пікету ў Стоўпцах
Андрэй Дзьмітрыеў падчас пікету ў Стоўпцах

«Многія першапачаткова падтрымлівалі Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Валера Цапкалу. Але празь беззаконьне яны ня сталі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Цяпер шмат хто падтрымлівае Сьвятлану Ціханоўскую, жонку арыштаванага блогера. Яна ня ўтойвае, што ідзе ў гэтую кампанію замест яго і змагаецца за ягоную свабоду. У гэтым я яе абсалютна падтрымліваю, усім сэрцам», — адзначыў кандыдат.

Як і Ціханоўская, ён таксама абяцае новыя сумленныя выбары — праўда, не цягам 6 месяцаў, а году. Дзеля гэтага ягоная каманда ўжо распрацавала праграму 10 першых крокаў, неабходных для цывілізаванай зьмены ўлады.

Напрыклад, стварэньне пераходнага ўраду, у які ўвойдуць найлепшыя адмыслоўцы цяперашняга і мінулых урадаў, а таксама альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзыдэнты.

У пераліку найважнейшых пераўтварэньняў і праца над новай Канстытуцыяй, паводле якой адзін і той жа чалавек фізычна ня зможа быць прэзыдэнтам больш за два тэрміны.

«Улада павінна мяняцца, і новы прэзыдэнт не павінен нават мець шанцаў ператварыцца ў старога», — падкрэсьліў Андрэй Дзьмітрыеў.

Яшчэ адна важная задача — наладзіць прадказальныя і зразумелыя адносіны з замежнымі партнэрамі Беларусі. Дзьмітрыеў нагадаў, што дзейны кіраўнік перасварыўся практычна з усім сьветам, загнаўшы сябе і краіну ў цывілізацыйны тупік.

Асобна ён закрануў пэрспэктывы супрацы з Расеяй. Паабяцаў сустрэцца з Уладзімірам Пуціным і ўпершыню назваць рэчы сваімі імёнамі.

«Нам не патрэбна паглыбленая інтэграцыя, вайсковыя базы і адзіная валюта. У нас больш ня будзе сытуацыі, калі кожны год высьвятляецца, што няма газвага кантракту — тады бегаем і сварымся. Замест бясконцых размоваў пра братэрства наладзім узаемавыгодныя двухбаковыя стасункі», — заявіў Дзьмітрыеў.

Па яго словах, ёсьць рэчы, якія новая ўлада мусіць зрабіць ужо ў першы дзень — выпусьціць палітзьяволеных, звольніць ідэолягаў, назаўжды перакрэсьліць дармаедзкі дэкрэт, падпіша закон аб барацьбе з кумаўством.

Дзьмітрыеў не агучыў, ці гатовы зьняцца на карысьць кагосьці зь іншых кандыдатаў, але заклікаў да «адзінства ў другім туры», каб разам выбраць новага прэзыдэнта. Стары прэзыдэнт — гэта тупік для ўсёй Беларусі, падсумаваў ён.

Ціханоўская: Апошні шанец для беларусаў, выбары праз паўгода, новая краіна для жыцьця

Сьвятлана Ціханоўская фактычна паўтарыла свой тэлезварот 28 ліпеня. Яна запэўніла, што паездкі па Беларусі, якія зьбіраюць тысячы неабыякавых людзей, будуць працягвацца. Заклікала да адзінства, бо гэта апошні шанец для беларусаў вызваліцца ад дыктатуры.

Сьвятлана Ціханоўская з роднымі палітвязьня Зьмітра Фурманава
Сьвятлана Ціханоўская з роднымі палітвязьня Зьмітра Фурманава

Як і ў папярэдніх прамовах, яна выступала ў вобразе не палітыка, а чалавека з народу — жонкі і маці. Расказала, што празь небясьпеку для родных ёй самой і яе паплечніцы Вераніцы Цапкала давялося тэрмінова вывезьці дзяцей з краіны. Пасьлядоўна абвяргала закіды дзяржаўных мэдыя, казала, што майдан рыхтуе сам Лукашэнка.

«Вас палохаюць, малююць страшныя карціны будучыні Беларусі з новым прэзыдэнтам. Вамі маніпулююць, прыдумляюць неіснуючыя небясьпекі, падманваюць. Вас палохаюць, што калі вы ня выбераце цяперашнюю ўладу, то тут будзе майдан. Насамрэч усё ня так», — сказала кандыдатка.

Сьвятлана Ціханоўская паўтарыла тое, што гаворыць падчас вулічных сустрэч: патрэбны новыя, сумленныя і справядлівыя выбары з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў і празрыстым падлікам галасоў.

«Я заклікаю вас не заставацца дома 9-га жніўня, інакш вы прагаласуеце за цяперашнюю ўладу. Калі мы ня прыйдзем на ўчастак — гэта будзе перамога дзейнай улады. Улада павінна зразумець, што нас абсалютная большасьць і што мы ніколі ня будзем маўчаць. Чым большая яўка, тым цяжэй скрасьці наш голас», — адзначыла яна.

У канцы прамовы Сьвятлана Ціханоўская вобразна намалявала «ідэальную Беларусь», у якой хочацца жыць усім — і маладым, і старым. Такая краіна для жыцьця ў нас абавякова будзе, выказала перакананьне кандыдатка ў прэзыдэнты.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG