Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мукавозчык перакананы, што перамога Лукашэнкі будзе «элегантнай», але баіцца «каляровай рэвалюцыі» 


Андрэй Мукавозчык (зьлева) у судзе на пазоў палітвязьня Мікалая Дзядка
Андрэй Мукавозчык (зьлева) у судзе на пазоў палітвязьня Мікалая Дзядка

«Можна падмануць асобных людзей, нават цэлую праслойку, але я ня веру, што атрымаецца падмануць увесь народ», — гэтак калюмніст афіцыйнай газэты «СБ. Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык ацаніў шанцы апанэнтаў Лукашэнкі на выбарах.

Мукавозчык заявіў, што не зьбіраецца шукаць новую працу, бо для гэтага няма ніякіх падставаў. Ён расказаў, што блогер Nexta «зьліў у сеціва» ягоныя пэрсанальныя зьвесткі, заклікаўшы тэлефанаваць і слаць паведамленьні.

«Сьцёпа хваліцца, што ў яго 300 тысяч падпісчыкаў. За мінулыя трое сутак мне паступіла... 214 званкоў і 103 эсэмэскі. Сьцёпа, пара рабіць рэбрэндынг! З тых, хто прыслаў эсэмэскі, траціна... Ведаеце, яны матам непісьменна лаюцца! Ня пішуць „ганьба“, „сорам“, „дзе будзеш працаваць“. Там канкрэтны пасыл: мы цябе, ты такі... Зразумелы ўзровень інтэлекту, агрэсіі, пачуцьцё беспакаранасьці», — прызнаўся Мукавозчык відэаблогеру Аляксею Голікаву.

Пратэставы электарат «сьвядомай апазыцыі» ніколі не перавышаў 5%, упэўнены Мукавозчык. Але сёлета асабліва актыўныя пратэстоўцы рэальна нацэленыя на «каляровую рэвалюцыю», лічыць ён.

«Спачатку многія проста прагаворваліся, а цяпер проста рыхтуюць да таго, што 9 жніўня яшчэ нічога ня вырашыцца. Такіх заяваў поўна, — кажа Мукавозчык. — Маўляў, рыхтуйцеся да 10-га. Выбары ім патрэбны як нагода, яны зьбіраюцца вывесьці людзей на вуліцу і ўчыніць „каляровую рэвалюцыю“. Для гэтага іх зьбіраюць у натоўп, падаграюць. Бо натоўп ня мае мэты, пакуль нехта ня крыкне — пайшлі біць шыбы ў Доме ўраду. Памяняць уладу? Але на што? Калі на каго заўгодна, то проста хочуць зрынуць існы дзяржаўны лад».

Мукавозчык паспрабаваў пералічыць, хто даў грошы апанэнтам Лукашэнкі на «пераворот» у Беларусі.

Сяргею Ціханоўскаму — «варацілы» эканамічных галінаў, камэрцыйныя структуры».
Валеру Цапкалу — «вядома, дзе ён апошнім часам круціўся і з кім супрацоўнічаў».

Віктару Бабарыку — «з гэтым наогул усё празрыста і зразумела».

Паводле былога кіраўніка «Клюбу вясёлых і знаходлівых» Андрэя Мукавозчыка, як і ў папярэднія выбарныя кампаніі, перамога Аляксандра Лукашэнкі будзе «пераканаўчай і элегантнай».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG