Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады падсоўваюць „майдан“, каб зьняць зь сябе адказнасьць». Акторка Сьвятлана Цімохіна пра беларускія выбары


Вядучы майстар сцэны Сьвятлана Цімохіна
Вядучы майстар сцэны Сьвятлана Цімохіна

«Што тычыцца „майдану“, дык гэта правакацыя зьверху. Лукашэнка ўвесь час палохае — „майдан, майдан, майдан“. Ніхто іншы „майдану“ ня хоча. Пазьбегнуць яго вельмі проста: правесьці адкрытыя выбары. Каб Ярмошына хоць раз сумленна палічыла галасы — і ня будзе ніякіх плошчаў». Вядучая акторка лялечнага тэатру выказваецца пра нялялечныя баталіі.

Сьвятлана Цімохіна — вядучы майстар сцэны Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек. Працуе там ад 1995 году. Пасьля заканчэньня Беларускай акадэміі мастацтваў першым працоўным месцам быў абласны тэатар лялек у Горадні. Выканала дзясяткі роляў у дзіцячым і дарослым рэпэртуары, удзельнічала ў стварэньні праграмаў для тэлеперадачы «Калыханка». Летась узнагароджаная мэдалём Францішка Скарыны.

«Мэтадам выключэньня фаварытам стаў Віктар Бабарыка»

З распаўсюдам пандэміі каранавірусу тэатральнае жыцьцё ў Беларусі стала на паўзу. Але, як кажа акторка, ня так даўно аднавіліся рэпэтыцыі — ідзе праца над навінкамі для малых і дарослых гледачоў.

Спэктакль для дарослых «Інтэрвію зь вядзьмаркамі»
Спэктакль для дарослых «Інтэрвію зь вядзьмаркамі»

«У нас такая традыцыя: кожны сэзон пачынаць з прэм’еры, — дзеліцца плянамі Сьвятлана Цімохіна. — Паколькі праз каранавірус крыху раней прыпыніліся, на верасень рыхтуем адразу дзьве прэм’еры. Гэта спэктакль для дарослых „Нікалаша“ галоўнага рэжысэра Аляксея Ляляўскага паводле п’есы Антона Чэхава „Іваноў“. А таксама пастаноўка для дзяцей „У краіне нявывучаных урокаў“, якой займаецца рэжысэр-лялечнік Ігар Казакоў. Летам тэатар і так сыходзіць на вакацыі разам з нашымі маленькімі гледачамі, акурат час для абнаўленьня рэпэртуару».

Меншая занятасьць на працы дазволіла засяродзіцца на грамадзкім жыцьці. Каранавірусная навала супала зь іншай крайнасьцю — жорсткім наступам на прыхільнікаў пераменаў.

«Калі абвясьцілі дату выбараў, я адразу задумалася: а з каго ж выбіраць? Ніякіх годных лідэраў, альтэрнатыўных пэрсонаў, — працягвае суразмоўніца. — І раптам пачалі зьяўляцца прэтэндэнты: адзін, другі, трэці, урэшце аж паўтара дзясятка. Актыўнасьць была настолькі нечаканая, што, як і ўсе больш-менш сьвядомыя грамадзяне, зацікавілася. Перадусім патрабавалася разабрацца, што за людзі, з чым прыйшлі. Мэтадам выключэньня безумоўным фаварытам стаў Віктар Бабарыка — спакойны, разумны, разважлівы».

Штаб-кватэрай ініцыятыўнай групы былога банкіра стала прастора «ОК-16» — партнэрскі праект «Белгазпрамбанку». Там жа ў рамках культурніцкай праграмы Цімохіна задзейнічаная ў некалькіх спэктаклях.

Фрагмэнт дзіцячага спэктакля на сцэне тэатру лялек
Фрагмэнт дзіцячага спэктакля на сцэне тэатру лялек

«Падабаецца рух, які там ёсьць — ва ўсялякім разе, быў, — папраўляецца яна. — Свая атмасфэра, сваё жыцьцё — канцэрты, спэктаклі, сустрэчы. Неяк сядзелі пасьля рэпэтыцыі і прыйшлі да высновы: настолькі самастойны і цікавы анкляў, ня верыцца нават, што такое адбываецца ў Менску. І з улікам такой вось прапіскі Віктар Бабарыка стаў для мяне № 1. Канечне, па першых выказваньнях было відавочна: чалавек без палітычнага вопыту, рамантычны, крыху наіўны ў тым, што як прагаласуюць, так і палічаць. Шчыра ня верыў, што можна проста так пасадзіць у турму...»

«Улады падсоўваюць „майдан“, каб зьняць зь сябе адказнасьць»

Адрозна ад прафэсійных палітыкаў, Віктар Бабарыка ўпершыню даходліва акрэсьліў мэту свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі — стаць эфэктыўным мэнэджарам для дзяржавы. Нешта падобнае ў мініятуры адбываецца і ў тэатральнай гаспадарцы, кажа Сьвятлана Цімохіна.

Перад выхадам на сцэну
Перад выхадам на сцэну

«Мне спадабалася ягоная фраза: „Нашай краіне патрэбны добры мэнэджар“. І гэта сапраўды так. Неяк разважала, і атрымаліся паралелі з тэатрам — праўда, ня ў нас, у Эўропе. Вельмі нагадвае выбарчую кампанію. Вызваляецца пасада мастацкага кіраўніка. Абвяшчаецца конкурс. Хто мае досьвед і адукацыю, прапануюць плян разьвіцьця: як прыцягнуць гледача, ажывіць рэпэртуар, акрэсьліць місію. Праекты абмяркоўваюцца, хтосьці перамагае. Падпісваюць часовы кантракт, каб чалавек распачаў зьмены. А па выніках вырашаюць: працягнуць зь ім супрацу ці абвяшчаць новы конкурс. Так павінна быць і ў грамадзтве... Ці я занадта рамантычная?»

Затрыманьне Віктара Бабарыкі аказалася шокам для яго прыхільнікаў, але лёгіка ўладаў збольшага прадказальная, лічыць акторка. Папулярнасьць прэтэндэнта стала папросту небясьпечнай для тых, хто ратацыю на найвышэйшай пасадзе не ўспрымае як зьяву.

З калегамі па тэатры
З калегамі па тэатры

«Як я бачу сытуацыю, улада вельмі баіцца, — лічыць Сьвятлана Цімохіна. — Бо каб не баялася, выконвала б Канстытуцыю. Адпаведна, людзі мелі б права выбіраць таго мэнэджара, кіраўніка, які насамрэч абараняў бы нашы інтарэсы, прыслухоўваўся б да нашых пажаданьняў. Пакуль мы пазбаўленыя такой магчымасьці, хоць яна і прадугледжаная законам. І калі ўсё прапісана, засталося толькі выконваць. Але ж улада вырашыла па-іншаму — чапляцца да апошняга. Таму запалохваюць, каб і мы баяліся. Але адчуваньне, што яны баяцца нашмат больш, чым мы. Іх страх панічны».

Той страх — перадусім у агрэсіі, якую дэманструюць праваахоўнікі ў дачыненьні да людзей, канстатуе яна. Плюс бясконцыя абразы Аляксандра Лукашэнкі на адрас «майданутых», якія нібыта рыхтуюць забурэньні. Гэта пры тым, што ў параўнаньні з пратэстоўцамі ў іншых краінах беларусы паводзяць сябе проста ўзорна — мірна стаяць, нават шыхтуюцца ў чэргі.

У кулюарах з малымі гледачамі
У кулюарах з малымі гледачамі

«Што тычыцца „майдану“, дык адчуваньне, што гэта правакацыя зьверху. Ніхто пра яго ня кажа, акрамя самога Лукашэнкі. Увесь час палохае: „майдан, майдан, майдан“. Каб засела ў галовах. Іншыя „майдану“ ня хочуць. І пазьбегнуць яго вельмі проста: каб Ярмошына хоць раз сумленна падлічыла галасы — і ня трэба ніякіх плошчаў. Але ж гэта самае складанае. Бо ўлады са сцэнарам ужо вызначыліся: празрыстых выбараў ня будзе. Таму падсоўваюць „майдан“, каб зьняць зь сябе адказнасьць. А можа, справа найперш у тым, хто чвэрць стагодзьдзя ня хоча зьменаў?»

«Нічога кепскага не зрабіў, а ўжо глядзяць як на злачынцу»

Сьвятлана Цімохіна лічыць ненармальнай сытуацыю, калі міліцыя перастала ўспрымацца сілай «на баку дабра». Праваахоўнікі за апошнія гады настолькі сапсавалі сабе імідж, што як убачыш чалавека ў форме, хочацца перайсьці на другі бок вуліцы, дадае яна.

Дружалюбныя паліцэйскія Лёндану
Дружалюбныя паліцэйскія Лёндану

«Колькі гадоў таму была ў Лёндане, сустракалася зь сябрам. Адна рэч асабліва ўразіла. Кажа, калі ўзьнікаюць якія праблемы, ведаю, да каго зьвярнуцца. „Ну і да каго ж?“ — наіўна перапытваю. „У любой сытуацыі трэба ісьці да паліцэйскага: самыя надзейныя людзі, ніколі не адмовяць. Нават дадому падвязуць, калі заблукаў“, — агаломшыў сябра. А вось я не магу нават уявіць, што пайду пра нешта прасіць міліцыянтаў. Мабыць, будуць апошнія, да каго зьвярнуся па дапамогу. Замест таго каб гарантаваць нашую бясьпеку, адбываецца зусім іншае».

Жорсткасьць падчас разгону мірных сходаў, фальсыфікацыі пратаколаў, зьдзекі ў міліцэйскіх аддзяленьнях і ізалятарах. На якую рэакцыю грамадзтва разьлічваюць людзі ў форме ды іх падручныя без апазнавальных знакаў? — задаецца пытаньнем Сьвятлана Цімохіна.

У грымёрцы Сьвятланы Цімохінай
У грымёрцы Сьвятланы Цімохінай

«Прынамсі я сябе ў бясьпецы сёньня не адчуваю, а тым больш пасьля нядаўніх затрыманьняў, — прызнаецца акторка. — Таму, калі іду па вуліцы і бачу наперадзе міліцыянта, мне робіцца жудасна, кажу шчыра. Чамусьці пачынаеш глядзець на сябе як на „патэнцыйнага злачынцу“, хоць нічога супрацьзаконнага не зрабіў. Нават у думках не было нешта ўчыніць, а пад іх пільным позіркам зусім некамфортна. Бо той выпадак, калі да месца трапнае выслоўе: быў бы артыкул, а чалавек пад яго знойдзецца. Дзе гарантыя, што проста ня трапіш пад гарачую руку?»

Пасьля таго як улады рукамі Цэнтравыбаркаму зусім неэлегантна зьнялі з дыстанцыі Віктара Бабарыку, здавалася, што выбарная інтрыга дачасна памерла, працягвае Сьвятлана Цімохіна. Але нечакана паўстаў «трыюмвірат», дакладней, «трыюмфэмінат», які прынёс дзейнаму кіраўніку ня менш клопатаў.

«Апошнія гады апанэнтам уладаў бракуе здольнасьці дамаўляцца»

Лідзія Ярмошына пагадзілася зарэгістраваць жонку блогера Сяргея Ціханоўскага. Але не ўлічыла, што недасьведчанай у палітычных баталіях жанчыне падставяць плячо памочніцы — Вераніка Цапкала, жонка іншага прэтэндэнта Валера Цапкалы, і Марыя Калесьнікава, прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі.

Актуалізаваная аватарка
Актуалізаваная аватарка

Сэрца, кулак і знак перамогі паставіла на аватарку ў сацсетках і Сьвятлана Цімохіна.

«Калі не зарэгістравалі Бабарыку, была ў поўнай разгубленасьці: ну і што рабіць, як няма майго кандыдата? Зноў ніякай надзеі. І калі пабачыла навіну пра аб’яднаньне, адлягло. Прыклад таго, як трэба дамаўляцца. І час, і сытуацыя зьмяняюцца хутка. Надзвычай важная якасьць для палітыка — імгненна рэагаваць. Тое, што атрымалася зрабіць у такія сьціслыя тэрміны, — проста супэр. Апошнія гады бракуе менавіта здольнасьці дамаўляцца. Сілай не заўжды можна перамагчы. Трэба быць яшчэ дыпляматам, каб паразумецца і вырашыць пытаньні мірным шляхам».

Агучваньне кінастужкі
Агучваньне кінастужкі

Сьвятлану засмучае, што і на фоне зьяўленьня тройцы, якая рэальна паказвае, што пры людзкой падтрымцы здольная супрацьстаяць дзейнаму рэжыму, па-ранейшаму няма адзінства дзеля дасягненьня галоўнай мэты — замены чалавека, які «прыватызаваў» уладу.

«Ужо ўчынілі падзел на „старую“ і „новую“ апазыцыю. Пры гэтым „старая“ патрабуе байкоту, палівае брудам тых, хто ня згодны... Першае, з чаго трэба зыходзіць, — якая ў нас мэта. А яна агульная і для ўсіх адна — мы хочам пераменаў, лепшага жыцьця, цывілізаваных шляхоў разьвіцьця. Заставацца на старых прынцыпах, не рэагаваць на час, ня бачыць, што сьвет мяняецца кожны дзень, недапушчальна. Тое, што было добра 20 гадоў таму, сёньня ўжо не працуе. Трэба прыстасоўвацца да новых умоваў, выклікаў. Нельга жыць мінулым».

Фрагмэнт спэктакля для дарослых
Фрагмэнт спэктакля для дарослых

Ці ня здарыцца яшчэ адзін форс-мажор? Пабачыўшы, наколькі Сьвятлана Ціханоўская папулярная ў грамадзтве, Цэнтравыбаркам лёгка знойдзе зачэпку, каб дачасна зьняць кандыдатку з дыстанцыі. Што далей?

«У нашай сытуацыі магчыма ўсё. Але нават калі нэўтралізуюць? Працэс ужо не спыніць, народ прачнуўся. Калі пачнуць здымаць, у нечым абвінавачваць, выбух будзе толькі большы. Ну, запалохаюць, можа, у такім стане які год беларусаў і пратрымаюць. А потым усё роўна здарыцца выбух — яшчэ страшнейшы. Разумны чалавек заўсёды знойдзе нагоду сказаць: выбачайце, але больш не магу, час сыходзіць. Праўда, для гэтага патрэбная воля. На жаль, яе няма», — кажа Сьвятлана Цімохіна.

«Страшна ня толькі нам, а і тым, хто ў прэзыдэнцкім атачэньні»

Хоць градус страху ў беларускім грамадзтве па-ранейшаму істотны, многія дзеячы культуры адкрыта асудзілі гвалт у адносінах да мірных людзей, выказаліся датычна зьняцьця альтэрнатыўных прэтэндэнтаў і жаданьня Аляксандра Лукашэнкі кіраваць вечна. Сярод іх і тэатральныя акторы, перадусім з Купалаўскай трупы. «Ганаруся, што мае сябры гэта зрабілі», — кажа Сьвятлана Цімохіна.

З акторам-купалаўцам Алегам Гарбузам
З акторам-купалаўцам Алегам Гарбузам

«Ужо ня проста сядзяць на кухнях і шэпчуць пра беззаконьне, а кажуць уголас. Набалела ўсім. Не спыніць, не стрымаць, як пісаў клясык. Нават 90-гадовая мама, якая ў 1994-м галасавала за Лукашэнку і тыдзень са мной не размаўляла, як даведалася, што я была супраць, кажа: госпадзі, калі ж ужо сыдзе! Ганаруся калегамі па цэху, якія робяць што могуць. Страшна ня толькі нам. Страшна і тым, хто ў атачэньні. Ёсьць што губляць, таму і неадэкватная рэакцыя. Таксама і за дзяцей баяцца, і за сябе. Але нарабілі — трэба адказваць. Ня можа цягнуцца да скону веку. Канец будзе».

Сям’я Цімохіных — творчая дынастыя. Сьвятлана чвэрць стагодзьдзя аддала Беларускаму тэатру лялек, дачка Паўліна — папулярная сьпявачка, фронтвумэн праекту Paulinn.

З акторам Алесем Малчанавым
З акторам Алесем Малчанавым

Яе песьні ня раз уздымаліся на вяршыні гіт-параду парталу Tuzin.fm, гурт стаў «адкрыцьцём 2015 году» ў беларускай музыцы, быў пераможцам фэстаў «Засьпявай 3.0» і Dream Fest ArtRock, даходзіў да фіналу Revolution Music Fest Belarus, выступаў на сцэне «Басовішча».

Сёлета Паўліна трапіла ў лік удзельнікаў стыпэндыяльнай праграмы Gaude Polonia, заснаванай Міністэрствам культуры Польшчы для творчых людзей краінаў Усходняй Эўропы. Вытрымала вялікі конкурс, ад Беларусі адабралі 10 чалавек. Да 9 жніўня разьлічвае вярнуцца ў Менск, каб падтрымаць выбар новай Беларусі.

Сьвятлана і Паўліна Цімохіны
Сьвятлана і Паўліна Цімохіны

«Мы кожны дзень размаўляем, абмяркоўваем падзеі ў Беларусі. Дзеля справядлівасьці, яна, можа, нават болей за мяне ведае. Па-першае, працяглы час сядзела ў жорсткім карантыне, адпаведна, у інтэрнэце. Па-другое, маладое пакаленьне сёньня нашмат лепш ведае, у якіх каналах трэба адсочваць апэратыўныя, узважаныя навіны... Канечне, сэрца баліць у яе. Жыве толькі тым, каб хутчэй вярнуцца і ўключыцца ў гэтыя працэсы на месцы», — расказвае маці.

«Чэслаў Немэн у беларускамоўным пераасэнсаваньні»

Стажыруецца Паўліна ў Гданьску, яе куратар — знакаміты кампазытар Міхал Яцашэк. Разам яны пераасэнсоўваюць творчасьць нараджэнца Старых Васілішак Чэслава Немэна. Вынікам стане нізка песень у выкананьні маладой сьпявачкі — прычым ня кавэры, а ўласная інтэрпрэтацыя. Дэбютавала Паўліна і як перакладчыца з польскай: некаторыя творы ўпершыню загучаць па-беларуску, напрацоўкі маюць скласьці альбом.

Каманда Паўліны Цімохінай
Каманда Паўліны Цімохінай

«Гэта пераасэнсаваньне спадчыны Чэслава Немэна, як Паўліна бачыць сёньня тое, што ён рабіў паўстагодзьдзя таму, — кажа Сьвятлана. — Немалаважна, што па гэтай праграме яна трапіла менавіта ў Гданьск, куды сям’я Немэна ад’ехала зь Беларусі. А яшчэ пашчасьціла, што яе куратар — сусьветна вядомы кампазытар Міхал Яцашэк, які напісаў шмат музыкі для тэатру, кіно. Ён супрацоўнічае з рэжысэрам Янам Комасам, чыя драма „Цела Божае“ (Boże Ciało) намінавалася на „Оскар“. Так што дачцэ проста пашчасьціла. Спадзяюся, гэты плён хутка можна будзе ацаніць».

Сьвятлана Цімохіна — акторка, пэдагог сцэнічнай мовы. Сумяшчае працу ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек з дубляжом кіна- і тэлепрадукцыі. Агучвала сэрыялы «Доктар Хаўс», «Анатомія Грэй», «Героі», «Вар’яты», анімацыю і аўдыёкнігі. Як актрыса здымалася ў фільмах «Сьведка», «Сямейны дэтэктыў», «Фамільныя каштоўнасьці», «ІІ» («Два») ды іншых.

Сьвятлана Цімохіна
Сьвятлана Цімохіна

Сярод найбольш яркіх роляў —

  • Паліна Андрэеўна і Маша ў спэктаклях паводле камэдый Антона Чэхава («Чайка. Вопыт прачытаньня» і «Драй швэстэрн»),
  • Марта («Шлях на нябёсы» Герхарта Гаўптмана),
  • Вядзьмарка («Інтэрвію зь вядзьмаркамі» Яўгена Карняга),
  • Каралева Катажына («Вянчаньне» Вітальда Гамбровіча),
  • Дарына («Тарцюф» Мальера).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG