У сацыяльных сетках кожны дзень трапляю на дзясяткі выказваньняў, у тым ліку вядомых і аўтарытэтных людзей, супраць Ціханоўскай і яе паплечнікаў.
Ад рэзкіх — «за імі стаіць Масква» (Алег Трусаў), да памяркоўна-аналітычных: пратэст супраць улады могуць акумуляваць «асобы і структуры, для якіх нацыянальныя каштоўнасьці і незалежніцкі дыскурс (прынамсі) мала што значаць» (Вінцук Вячорка).
Мяркую, такія выказваньні ўвогуле карысныя для беларускай справы, бо прымушаюць зь імі (зь ёй) лічыцца і цяпер, і ў будучыні.
Тое, што робіць каманда Ціханоўскай, адпавядае элемэнтарным правілам стратэгіі і тактыкі палітычнай кампаніі, гэта зразумела нават мне, гісторыку Сярэднявечча. Галоўная задача кампаніі — зьмяніць/зрынуць рэжым Лукашэнкі. Зрабіць гэта можна толькі з удзелам масаў. Таму Ціханоўская і яе каманда ў сваёй агітацыі старанна пазьбягаюць тэмаў, адказаў, тэзаў і лёзунгаў, якія не аб’ядноўваюць, а падзяляюць беларусаў. Натуральна, зьвяртаюцца да выбарнікаў на мове, якой карыстаецца большасьць краіны.
Няма заклікаў ісьці ў Эўразьвяз або ў Расею, няма адказу на пытаньне «чый Крым?», няма абяцаньняў беларусізацыі, гэтаксама захаваньня дзяржаўнага статусу расейскай мовы і г. д., і г. д.
Галоўны пасыл-лёзунг Ціханоўскай, які аб’ядноўвае агромністую большасьць беларускіх грамадзянаў, «ясны і вожыку»: «Няма як трываць далей!» Зьменім уладу, забясьпечым мэханізм яе далейшай спакойнай ратацыі і будзем будаваць «краіну для жыцьця».
А што, мне падабаецца! Ва ўмовах дэмакратычнай Беларусі мы, беларускамоўныя нацыяналісты са сваёй актыўнасьцю, загартаванасьцю, уменьнем выжываць (і ствараць) у змаганьні з лукашызмам, маем шанцы, прынамсі нашмат большыя, чым цяпер. А калі далучыць яшчэ «сытуацыйна расейскамоўных» беларускіх нацыяналістаў!
У нас ёсьць зразумелая, дакладна сфармуляваная ідэалёгія, спраўджаная гістарычным досьведам (сваім і іншых народаў). Нашыя выкшталтаваныя часам і змаганьнем сымбалі вядомыя кожнаму беларусу: мова, Пагоня, бела-чырвона-белы сьцяг (Лукашэнка зрабіў нам падарунак, што ад іх адмовіўся).
Гістарычны досьвед вучыць — народы ў нашай частцы Эўропы, якія прайшлі праз аўтарытарызм (паміж усясьветнымі войнамі — палякі, летувісы, латышы, эстонцы, а пасьля развалу Савецкага Саюзу — украінцы), на яго больш не хварэюць. У адрозьненьне ад каранавірусу.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.