Пасьля таго, як улады заблякавалі незалежнае назіраньне за выбарамі, ад іх можна чакаць любых іншых брутальных хадоў. Ці адважацца яны адхіліць ад удзелу ў выбарах Сьвятлану Ціханоўскую? Адказу на гэта пытаньне шукае палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.
Цяпер мэйнстрым пратэставых настрояў скіраваны найперш на падтрымку Ціханоўскай. Дыскусіі пра байкот заглухлі ці перайшлі ў разрад маргінальных. І перад уладамі можа ўзьнікнуць спакуса зьняць Сьвятлану з выбараў на любой фармальнай падставе. І такім чынам увесьці ўвесь пратэставы электарат у стан разгубленасьці, расколу і неразьбярыхі. Што яму пасьля гэтага рабіць? Байкатаваць? Ці ісьці галасаваць «супраць усіх»?
На гэтых выбарах Лукашэнка ўжо столькі разоў парушыў негалосныя табу, якія дагэтуль існавалі ў беларускім палітычным полі, што зрабіць гэта яшчэ раз, здаецца, для яго ніякая не праблема. Што перашкаджае зьняць Ціханоўскую?
Чаму Ціханоўскую ўсё ж зарэгістравалі
Спачатку паспрабуем адказаць на пытаньне, чаму 14 ліпеня падчас рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую пакінулі ў сьпісе прэтэндэнтаў. Хоць лёгка маглі прыдрацца, напрыклад, да незадэкляраванага дома.
Адказ зразумелы. Лукашэнка ня бачыў у ёй небясьпекі. Адбракавалі моцных (Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу), пакінулі чатырох, як лічылі, слабых, якія павінны былі размазаць, расьцягнуць галасы пратэставага электарату.
Ва ўяўленьні Лукашэнкі Сьвятлана Ціханоўская ня толькі жанчына (а ягонае стаўленьне да жанчыны на пасадзе прэзыдэнта вядомае), а яшчэ і хатняя гаспадыня, якая ніколі не займалася палітыкай. Маўляў, якая тут небясьпека можа ад яе ісьці?
Аб'яднаньне штабоў паставіла Лукашэнку перад дылемай
Тое, што вакол Сьвятланы аб’яднаўся пратэставы электарат, стала нечаканасьцю для ўлады. І тут перад Лукашэнкам узьнікла дылема. Нічога не рабіць і рызыкаваць электаральнай паразай падчас галасаваньня? Ці зьняць Сьвятлану з выбараў і атрымаць электаральную перамогу, але заплаціць за гэта яшчэ большай дэлегітымізацыяй выбараў?
Абодва рашэньні дрэнныя. Прайграць выбары хатняй гаспадыні ганебна. Можна запярэчыць: хто ж пра гэта даведаецца, галасы ж ня лічаць? Насамрэч галасы ўсё ж лічаць і сапраўдныя вынікі галасаваньня вядомыя самому Лукашэнку і ўсім, хто мае дачыненьне да выбараў. Хоць бы сябрам выбарчых камісій. Гэта дзясяткі тысяч людзей. Утаіць гэта немагчыма.
Але і зьняць Сьвятлану — гэта ня меншы ўдар па прэстыжы Лукашэнкі. Бо такім крокам ён паказаў бы грамадзтву, што спужаўся нават слабой жанчыны, якая ня мела ніякіх палітычных амбіцый. Гэта было б ганьбай і прыніжэньнем. Да таго ж несправядлівасьць, прымяненьне ўладай грубых, яўна несумленных прыёмаў супраць жанчыны будуць успрымацца грамадзтвам больш востра, чым калі гэта тычыцца мужчын.
Але, як мы маглі пераканацца, ніякага маральнага дна ў дзеяньнях улады падчас гэтай кампаніі няма.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.