Веру гэтым жанчынам (гаворка не пра спн. Канапацкую). Веру, бо ўважліва сачу за іх словамі, мімікай, адвольнымі рухамі і бачу, што яны шчырыя. Няважна, што будзе далей, пасьля перамогі — усё пойдзе па пляну (свабодныя выбары) ці іх цынічна выкарыстаюць — галоўнае, сёньня Сьвятлана, Марыя і Вераніка далі надзею мільёнам беларусаў.
Мне падабаецца іх Плян, дапасаваны да мэнтальнасьці масаў беларускіх грамадзянаў, якія не хочуць ніякага гвалту, баяцца плошчаў і пратэстаў. Трыюмвірат далікатна падводзіць іх да мірнай рэвалюцыі, плошчы і пратэсту ў канкрэтны момант і дзень — 9 жніўня 2020 году.
Падабаецца жыцьцёвая мудрасьць, якая можа быць цалкам ідэнтычнай з мудрасьцю палітычнай. Як казала Маргарэт Тэтчэр: «Кожная жанчына, знаёмая з праблемамі хатняй гаспадаркі, блізкая да таго, каб разумець праблемы кіраваньня краінай».
Нашыя тры Грамадзянкі выдатна разумеюць, што «Урфін Джус і ягоныя дубаломы» мірна ды спакойна ўладу не аддадуць, пратэст непазьбежны і галоўны шанец на перамогу — ягоная масавасьць. Заклік ісьці на галасаваньне ў фальшывых выбарах, а потым бараніць свой голас — рамантычная і высакародная спроба абудзіць самапавагу і годнасьць суграмадзянаў. Беларусы ж так па гэтым сумуюць — ісьці па жыцьці з чалавечай годнасьцю і самапавагай!
Ведаю прыклады перамогі такога Пляну — тая ж Аксамітная рэвалюцыя ў Чэхаславаччыне. Сябры-чэхі распавядалі, як у лістападзе 1989 года на Вацлаўскай плошчы некалькі содняў удзень і ўначы стаялі каля мільёну людзей (нехта адыходзіў, нехта прыходзіў), пакуль камуністы не вытрымалі напругі і саступілі.
На беларускіх «выбарах» 9 жніўня 2020 няма майго кандыдата і яшчэ некалькі дзён таму ўвогуле не зьбіраўся на іх ісьці. Зараз ужо думаю, бо краіна пачала імкліва зьмяняцца і бліснула надзея. Царства хлусьні, хамства і гвалту пачало хістацца, а цар у неадэкваце.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.