Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктара звольнілі пасьля інтэрвію пра COVID-19. Галоўны доктар шпіталя: «Гэта з інтэрвію не зьвязана»


Архіўнае фота з сайту БДМУ. Алег Паўлаў праводзіць для вучняў адной зь менскіх школ адкрыты ўрок па аказаньні першай дапамогі ў сытуацыях, якія пагражаюць жыцьцю. 2018 год
Архіўнае фота з сайту БДМУ. Алег Паўлаў праводзіць для вучняў адной зь менскіх школ адкрыты ўрок па аказаньні першай дапамогі ў сытуацыях, якія пагражаюць жыцьцю. 2018 год

З клінічнай лякарні ў Аксакаўшчыне звольнілі загадчыка аддзелу рэанімацыі, які перахварэў на COVID-19.

Выканаўца абавязкаў галоўнага доктара лякарні кажа, што звальненьне не зьвязанае з інтэрвію лекара ў СМІ.

Алег Паўлаў
Алег Паўлаў

Як стала вядома Свабодзе, месяц таму кіраўніцтва Рэспубліканскага клінічнага шпіталя мэдычнай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне звольніла загадчыка аддзелу анэстэзіялёгіі і рэанімацыі, кандыдата мэдычных навук, дацэнта Алега Паўлава. Са спэцыялістам не працягнулі кантракт.

Паўлаў працаваў з пацыентамі, хворымі на каранавірус, ад самага пачатку эпідэміі. Лячыў іх амаль месяц, пакуль не захварэў сам. Пасьля гэтага Алег Паўлаў трапіў у 3-ці менскі шпіталь з дыягназам «двухбаковая пнэўманія». Некалькі тыдняў раней дыягназ COVID-19 пацьвердзіўся ў жонкі Паўлава, якая працуе мэдсястрой.

У лякарні Алег Паўлаў даў інтэрвію выданьню «Комсомольская правда в Беларуси». Расказаў пра свой стан, а таксама пра тое, як працуе ягоны аддзел рэанімацыі. Публікацыя выйшла 3 траўня.

Паводле інфармацыі Свабоды, пра непрацяг кантракту Алегу Паўлаву паведамілі, калі ён яшчэ быў на бюлетэні, у дзень народзінаў — 18 траўня. 1 чэрвеня Паўлаў выйшаў на працу, ягоны кантракт скончыўся 21 чэрвеня. У клінічным шпіталі ў Аксакаўшчыне лекар адпрацаваў 22 гады, тры апошнія быў загадчыкам аддзяленьня.

Выканаўца абавязкаў галоўнага доктара Рэспубліканскага клінічнага шпіталя мэдычнай рэабілітацыі Натальля Нічыперовіч звальненьне Паўлава ў размове са Свабодай пацьвердзіла.

Натальля Нічыперовіч
Натальля Нічыперовіч

«Ён звольнены па сканчэньні кантракту, пасьля сканчэньня бальнічнага ён яшчэ месяц працаваў, — сказала Натальля Нічыперовіч. — Проста скончыўся кантракт. Рашэньне аб працягненьні або непрацягненьні кантракту прымае наймальнік, і ён, у прынцыпе, не павінен камэнтаваць яго ні супрацоўніку, ні якім-небудзь іншым асобам. Звальненьне Паўлава не зьвязанае з інтэрвію „Камсамольскай праўдзе“, гэта глупствы. Артыкул, у прынцыпе, дастаткова нэўтральны, там нічога такога няма».

Выканаўца абавязкаў галоўнага доктара не тлумачыць прычын звальненьня дацэнта Паўлава. Натальля Нічыперовіч кажа, што ён быў бы звольнены незалежна ад эпідэміялягічнай сытуацыі.

«Гэта працоўныя моманты, — кажа яна. — Я думаю, гэта адбылося б незалежна ад сытуацыі з COVID і пры іншым наймальніку. Было б тое самае. Гэта абсалютна працоўныя моманты, якія не датычаць эпідсытуацыі.

Так, у рэанімацыі было цяжка працаваць. Усе гэта ацанілі. Але гэта ня значыць, што іншыя пытаньні павінны перакрывацца COVID. Працоўных момантаў ніхто не адмяняў. Іх я б не хацела камэнтаваць, я ўсё зрабіла па законе. Ніякіх дысцыплінарных парушэньняў, каб падвесьці да звальненьня, ніхто не рабіў. Гэтага не было. Ён звольнены па сканчэньні кантракту, з адпаведным запісам у працоўную кнігу. Не па згодзе бакоў, ня ў сувязі зь іншымі прычынамі. Так супала. У гэты час у чалавека скончыўся кантракт».

Паводле інфармацыі Свабоды, у адзін пэрыяд з Паўлавым у клінічным шпіталі ў Аксакаўшчыне не працягнулі кантракты з шэрагам іншых спэцыялістаў. Кіраўніцтва шпіталя ня стала камэнтаваць гэтую інфармацыю. На сайце ўстановы Паўлаў па-ранейшаму значыцца як загадчык аддзелу анэстэзіялёгіі і рэанімацыі. У сьпісе вакансій клінічнага шпіталя ў Аксакаўшчыне ёсьць лекар-рэабілітоляг, загадчык аддзяленьня. Спэцыялісту прапануюць 1550 рублёў заробку.

Сам Алег Паўлаў у размове са Свабодай інфармацыю пра сваё звальненьне камэнтаваць ня стаў. Спэцыяліст на дадзены момант шукае новую працу.

30 красавіка стала вядома пра звальненьне іншага спэцыяліста, які расказваў журналістам пра сытуацыю з COVID-19 у сваім шпіталі, — галоўнага доктара віцебскага шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі Сяргея Лазара. Ён таксама адмовіўся ад камэнтароў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG