У Эўропе спрачаюцца аб фінансаваньні антыкрызісных мер, а ў Чылі абвясьцілі пра паэтапны плян адкрыцьця краіны.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Крызіс у Флорыдзе
Сытуацыя з каранавірусам ў Флорыдзе стала яшчэ больш змрочнай ў нядзелю, калі каля 50 лякарняў штату паведамілі, што ў іх не засталося свабодных ложкаў у аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі.
Флорыда стала ня толькі эпіцэнтрам каранавірусу ў ЗША, але і адным з агменяў эпідэміі ў сьвеце. Колькасьць новых выпадкаў пяць дзён запар перавышала 10 тысяч, а ў нядзелю іх было выяўлена больш за 12 тысяч.
Мэр Маямі Фрэнсіс Суарэс ўвёў абавязковае нашэньне масак у грамадзкіх месцах.
Пачынаючы з панядзелка 20 ліпеня любы чалавек бяз маскі можа атрымаць неадкладны штраф 50 даляраў. Трэцяе парушэньне правілаў пацягне за сабой штраф памерам 500 даляраў.
Мэр Маямі-Біч Дэн Гэлбэр увёў камэнданцкую гадзіну з 20.00 у раёне Саўт-Біч, вядомым сваімі незьлічонымі барамі і начнымі клюбамі.
«Правіла нашэньня масак у нейкай ступені выконвалася, але недастаткова. У нейкі момант яно трохі нагадвала вечарыну на адкрытым паветры. Цяпер мы ня можам дазволіць сабе нічога, што нагадвала б Бурбон-стрыт (вуліца ў Новым Арлеане — РС) у нашым горадзе», — заявіў Гэлбэр.
У Эўропе фокус увагі ссунуўся на аднаўленьне пасьля пандэміі
Старшыня Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль заявіў у нядзелю, што эўрапейскім лідэрам трэба пераадолець рознагалосьсі, узгадніць бюджэт і дамовіцца аб стварэньні агульнага фонду для аднаўленьня пасьля эпідэміі COVID-19.
27 лідэраў ЭЗ абмяркоўваюць праект бюджэту коштам 2,1 трыльёна даляраў, з якіх 858 мільярдаў прапаноўвалася вылучыць бізнэсу і іншым пацярпелым ад пандэміі каранавірусу.
«Ці здольныя 27 лідэраў ЭЗ праявіць эўрапейскае адзінства і давер або, з прычыны глыбокага расколу, мы пакажам сябе слабой Эўропай, падарванай недаверам?» — запытаўся Мішэль, заклікаючы лідэраў падумаць пра больш за 600 тысяч памерлых ад каранавірусу ў сьвеце.
Паводле дадзеных САЗ на нядзелю, у Эўропе пацьверджана больш за 3 мільёны выпадкаў COVID-19, звыш 200 тысяч чалавек памерлі.
Каранавірус выклікаў глыбокую рэцэсію ў ЭЗ: паводле прагнозаў эканамістаў, эканоміка блёку скароціцца на 8,3 працэнта сёлета.
Як паведамлялі журналісты з Брусэлю, група багатых паўночных краін ЭЗ, якая была названая «ашчаднай пяцёркай», выступае за ўзмацненьне жорсткасьці кантролю над выдаткамі, зь якім ня згодныя паўднёвыя краіны, што найбольш пацярпелі ад пандэміі, уключаючы Італію і Гішпанію.
Новыя сумныя рэкорды ў ЗША
У ЗША колькасьць новых выпадкаў COVID-19 бярэ новыя сумныя рэкорды. На гэтым фоне мэр Лос-Анджэлесу Эрык Гарсэты заявіў, што ён «на мяжы» выданьня ўказу аб паўторнай забароне на выхад з дому ў другім найбуйнейшым горадзе краіны.
Гэта будзе ўжо трэці раз, пачынаючы з сакавіка, калі ён прыме такое рашэньне.
Гарсэты абвінаваціў Белы дом у недахопе нацыянальнага лідэрства ў барацьбе з захворваньнем.
«Гэта пытаньне было палітызаванае, калі яно павінна было аб’яднаць нас. Мы былі прадстаўленыя самі сабе, калі павінны былі атрымаць дапамогу, — заявіў ён тэлекампаніі CNN ў нядзелю. — Мы ведаем, што гэта будзе маратон. Перастаньце казаць людзям, што хутка ўсё скончыцца. Калі мы не аб’яднаемся як краіна пад нацыянальным кіраўніцтвам, мы станем сьведкамі новых выпадкаў гібелі людзей».
Губэрнатар Каліфорніі Гейвін Ньюс на мінулым тыдні зноў зачыніў ва ўсім штаце бары і рэстараны з прычыны ўсплёску новых выпадкаў.
Фэдэральныя Цэнтры кантролю і прафіляктыкі захворваньняў паведамілі ў нядзелю пра 67 574 новыя выпадкі COVID-19. Агульная колькасьць тых, хто захварэў, складае каля 3,7 мільёна, каля 140 тысяч чалавек памерлі.
Чылі пачынае адкрывацца
Прэзыдэнт Чылі, найбуйнейшага ў сьвеце вытворцы медзі, абвясьціў плян адкрыцьця краіны зь пяці этапаў, які ён назваў «Крок за крокам».
«Пяць тыдняў паляпшэньня сытуацыі дазваляюць нам сёньня перайсьці да новай фазы», — абвясьціў у нядзелю прэзыдэнт Сэбасцьян Піньера.
«Гэты плян будзе ажыцьцяўляцца крок за крокам, асьцярожна і абачліва, ён будзе прымяняцца паступова і гнутка», — дадаў ён.
Піньера аб’явіў аб плянах адкрыцьця Чылі пасьля таго, як у некаторых рэгіёнах краіны адбылося паляпшэньне паказьнікаў захворваньня. Паводле САЗ, у нядзелю ў Чылі зарэгістравана 2300 новых выпадкаў. Усяго ў краіне выяўлена 328 тысяч хворых, 8500 чалавек памерлі.
У Нігерыі хварэюць міністры
Міністар замежных спраў Нігерыі Джэфры Онеяма паведаміў, што ён заразіўся каранавірусам, пасьля таго як узяты ў яго чацьвёрты тэст даў станоўчы вынік. Ён сказаў, што здаў тэст пры першых прыкметах раздражненьня ў горле.
Паводле САЗ, 36 тысяч нігерыйцаў заразіліся вірусам. Каля 800 жыхароў краіны памерлі ад гэтай хваробы.
Онеяма паведаміў, што яго ізалююць ў лякарні, але не выглядаў занадта занепакоеным, напісаўшы ў Твітары: «Такое жыцьцё. Дзесьці выйграеш, дзесьці прайграеш».
Адзін з найбуйнейшых чэмпіёнаў паведаміў, што ў яго і яго жонкі дыягнаставалі COVID-19, калі ў красавіку пандэмія пачала распаўсюджвацца.
Выздараўленьне 80-гадовага чэмпіёна
Легенда гольфу Джэк Ніклаўс паведаміў тэлегледачам, якія назіралі за турнірам Прафэсійнай асацыяцыі гольфу, што ён і яго жонка Барбара хварэлі на каранавірус, але «пакончылі з гэтым» у другой палове красавіка.
«Хвароба доўжылася нядоўга, і нам вельмі-вельмі пашанцавала, — сказаў Ніклаўс.- Барбара і я — пажылыя людзі, нам па 80 гадоў, гэта ўзрост рызыкі. Нашы сэрцы зьвернутыя да людзей, якія страцілі жыцьці і свае сем’і. Мы проста аказаліся парай, якой пашанцавала».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ