Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы лепш будзем агітаваць за Ціханоўскую». Як у Гомлі прайшла першая сустрэча «супраць Лукашэнкі»


Першая дазволеная агітацыйная сустрэча ў Гомлі прайшла ў актавай залі Цэнтру інклюзіўнай культуры
Першая дазволеная агітацыйная сустрэча ў Гомлі прайшла ў актавай залі Цэнтру інклюзіўнай культуры

У Гомлі 18 ліпеня прайшла першая дазволеная агітацыйная сустрэча ў рамках выбарчай кампаніі — 2020. Перад імпрэзай, анансаванай як сустрэча супраць кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі, затрымалі яе заяўляльніка.

Былы прэтэндэнт у кандыдаты на прэзыдэнта Ўладзімер Няпомняшчых замовіў у гомельскіх уладаў агітацыйную сустрэчу супраць Лукашэнкі. Улады дазволілі яе і нават анансавалі на сайце адміністрацыі Чыгуначнага раёну горада. Аднак за паўгадзіны да пачатку сустрэчы міліцыя затрымала Няпомняшчых.

«Завезьлі ў РАУС. Нібыта маюць прэтэнзіі да пікету, які праходзіў 31 траўня. Хацелі сарваць мерапрыемства», — патлумачыў Свабодзе палітык.

«ЦВК намалюе Лукашэнку ня менш за 70%»

У прызначаны час, 12.00, да Цэнтру інклюзіўнай культуры, дзе мелася прайсьці сустрэча, падцягнуліся журналісты, некалькі апазыцыянэраў, супрацоўнікі міліцыі ды АМАП на чырвоным мікрааўтобусе. Правядзеньне сустрэчы ўзяў на сябе адзін зь яе арганізатараў Васіль Палякоў.

У залі прысутнічалі каля 50 чалавек, усім ахвотным прапанавалі выказвацца. Абстаноўка была камэрнай, гаварылі нягучна, да радыкальных мэраў не заклікалі.

Васіль Палякоў зазначыў, што на выбарах важна ўдзельнічаць у назіраньні.

«Яно не самамэта, а дадатковы інструмэнт, каб узмацніць агітацыю, пратэстныя настроі і даць людзям інфармацыю — што насамрэч адбываецца на ўчастках. Цяпер ужо можна сказаць, што ЦВК намалюе Лукашэнку лічбы перамогі ня менш за 70%. Назіральнікі — гэта сьведкі парушэньня закону, бо фальсыфікацыя выбараў — крымінальнае злачынства», — распавёў ён.

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў

Ён зазначыў, што ніхто сёньня ня можа прагназаваць, як будуць разьвівацца падзеі ў Беларусі, але «лёс будзе вырашацца не на выбарчых участках, а на вуліцы».

Эканаміст Мікалай Новікаў коратка распавёў пра адсталасьць беларускай эканомікі ад суседзяў. «Прыйшоў час рэформ. Прыйшоў час павагі адзін да аднаго. Прыйшоў час талерантнасьці. Гэта будзе толькі тады магчыма, калі мы самі будзем паважаць свой выбар, і калі ўлада навучыцца ці справядліва перамагаць, ці прайграваць. Да гэтага трэба прыйсьці, за гэта трэба змагацца», — лічыць эканаміст.

«Ціханоўская пайшла за свайго мужа. А што мы, мужчыны, робім?»

Слова пачалі браць іншыя. Аляксей заклікаў усіх «не баяцца».

«Палохаюць таго, хто баіцца. А хто не баіцца — таго яны самі баяцца. Сьвятлана Ціханоўская пайшла на гэтыя выбары за свайго мужа. А што мы, мужчыны, робім? Сядзім у інтэрнэце і глядзім, што робіць яна? Нам трэба выходзіць на мірныя акцыі. У мяне двое дзяцей, што я ім скажу, калі яны вырастуць і будуць вымушаныя жыць пры гэтым рэжыме?», — выказаўся Аляксей.

У залі прысутныя сядзелі ціха, не спрачаліся, не ўзвышалі голас, пакуль гэтую ідылію не парушылі жанчыны, якія пачалі крытыкаваць тых, хто крытыкаваў іншых.

Жыхар Гомля Мікалай заклікаў галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую. «Бо стары-новы прэзыдэнт толькі ўзмацняў сваю ўладу ўсе гэтыя гады. Ён кажа: „Трэба ўзмацняць дзяржаву. Але ён так мае на ўвазе сябе, што дзяржава — гэта ён“», — выказаўся гамяльчук.

Адна з прысутных засмуцілася, што на сустрэчы вельмі мала людзей.

«За Лукашэнку падпісваліся спрэс настаўнікі, лекары, на ўсіх прадпрыемствах. Мяне гэта мінула, бо я ў адпачынку была. Але пасьля таго, што сёньня тут выступаю — дык з працы можа і пагоняць. Гэтыя ў форме ходзяць і разганяюць людзей, яны маюць форму — за мае падаткі! І яны супраць мяне. А скажыце, хто ў залі — чыю праблему вырашыла міліцыя?», — зьвярнулася жыхарка Гомля да прысутных.

«Маю праблему вырашыла міліцыя! Чатыры дні таму майго прыяцеля схапілі і пасадзілі на суткі, бо ў цэнтры горада гуляў», — адгукнулася маладая жанчына з залі.

«Ваша прамова — абы што. Вы ганьбіце нашы прадпрыемствы, у тым ліку „Камінтэрн“, а самі ня ведаеце, якія там аб’ёмы... Чаму вы дазваляеце сабе выходзіць на аўдыторыю?», — закрычала незнаёмая жанчына з залі на выступоўцу.

«Я ж не даярка, але гэта не перашкаджае мне набываць малако ў краме, так?», — парыравала выступоўца.

«У нас растуць дзеці, думаюць, што яны — расейцы»

Малады чалавек Яўген выказаўся, што ў Беларусі зьнішчана нацыянальная культура і мова.

«У нас растуць дзеці, думаюць, што яны — расейцы, бо ня ведаюць ані мовы, ані гісторыі і нацыянальных сымбаляў», — выказаўся Яўген.

«А чаму вы не размаўляеце на беларускай мове? Чаму вы не навучылі сваіх дзяцей? Пры чым тут дзяржава? Гэта бацькі так захацелі, каб дзеці былі расейцы. Гэта мы так хацелі, каб дзеці такія ў нас вырасьлі», — нэрвова закрычалі жанчыны з залі.

Адна зь іх пачала даводзіць, што сучасныя дзеці добра здаюць ЦТ па расейскай мове, і блага — па беларускай. «Ваша беларуская і тройкі не заслугоўвае», — крыкнула жанчына.

Сустрэча цягнулася каля паўтары гадзіны. Па выніку Васіль Палякоў заклікаў людзей ісьці галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую, вылучацца ў назіральнікі, і адстойваць свае галасы.

«„За“ заўсёды лепш, чым супраць. З Лукашэнкам і так усе зразумела. Мы лепш будзем праводзіць агітацыю за Сьвятлану Ціханоўскую», — выказаўся Васіль Палякоў.

Сустрэча скончылася. Мікрааўтобус чырвонага колеру з АМАП зьехаў. Людзі разышліся. Уладзімера Няпомняшчых выпусьцілі з Цэнтральнага РУУС.

«Дурылі там галаву... Складалі пратаколы за 31 траўня і 14 ліпеня. Нібыта, я там недзе нешта казаў», — пракамэнтаваў ён.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG