Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі перад сустрэчай «супраць Лукашэнкі» затрымалі былога ўдзельніка выбарчай кампаніі

абноўлена

Выбарчая сустрэча супраць Аляксандра Лукашэнкі ў Гомлі, 18 ліпеня
Выбарчая сустрэча супраць Аляксандра Лукашэнкі ў Гомлі, 18 ліпеня

Былога прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэтэндэнта Беларусі Ўладзімера Няпомняшчых затрымалі ў Гомлі за паўгадзіны да сустрэчы выбарцаў па агітацыі супраць кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі.

У Гомлі на 18 ліпеня анансавалі сустрэчу выбарцаў па агітацыі супраць кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. Такія сустрэчы дазваляе артыкул 45 Выбарчага кодэксу. Агітацыя плянавалася на 12.00, але прыкладна ў 11.30 заяўніка сустрэчы Ўладзімера Няпомняшчых затрымала міліцыя.

Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

Няпомняшчых быў адзіным зарэгістраваным прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзыдэнта з трох дзясяткаў «кандыдатаў пратэсту» Міколы Статкевіча. Ён не зьбіраўся падаваць подпісы і выкарыстоўваў пікеты для інфармаваньня грамадзтва.

«Мяркую, гэта зроблена, каб сарваць сёньняшняе мерапрыемства», — зазначыў праваабаронца Васіль Палякоў.

Абвестка пра сустрэчу выбарцаў была разьмешчана на афіцыйным сайце адміністрацыі Чыгуначгана раёна Гомля.

Зранку каля Цэнтру інклюзіўнай культуры, дзе плянавалася сустрэча, дзяжураць супрацоўнікі міліцыі. У прылеглым двары на вуліцы Юбілейнай стаіць чырвоны мікрааўтобус з супрацоўнікамі АМАП.

Нягледзячы на затрыманьне, сустрэча распачалася і праходзіць у фармаце «свабодны мікрафон». Яе праводзіць праваабаронца Васіль Палякоў. У залі прысутнічае каля 50 чалавек.

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG