У Расеі на даручэньне прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна пачалася раптоўная праверка боегатовасьці войскаў і флётаў. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на міністра абароны Сяргея Шайгу.
У праверцы будуць удзельнічаць войскі Паўднёвай і Заходняй вайсковых акругаў, а таксама паветрана-дэсантныя войскі і марская пяхота Ціхаакіянскага флёту ВМФ. Падчас праверкі будуць праведзеныя 56 тактычных вучэньняў з удзелам амаль 150 тысяч вайскоўцаў, звыш 26 тысяч адзінак вайсковай тэхнікі, 414 лятальных апаратаў і 106 караблёў і суднаў.
Па словах Шайгу, праверка дапаможа ацаніць здольнасьць арміі забясьпечыць бясьпеку на паўднёвым захадзе краіны, «дзе захоўваюцца сур’ёзныя пагрозы тэрарыстычнага характару», і падрыхтавацца да вучэньняў «Каўказ-2020», якія заплянаваныя на верасень.
Заходняя вайсковая акруга Расеі мяжуе зь Беларусьсю і Ўкраінай, акрамя таго, з Украінай мяжуе і Паўднёвая вайсковая акруга РФ. На ўсходзе Ўкраіны сэпаратысты, якіх падтрымлівае Расея, вядуць баявыя дзеяньні супраць украінскіх войскаў.
Пасьля анэксіі Крыму і пачатку канфлікту на ўсходзе Ўкраіны Расея правяла вялікую колькасьць раптоўных праверак боегатовасьці і вайсковых вучэньняў. Краіны Захаду неаднаразова выказвалі занепакоенасьць у сувязі зь вялікай колькасьцю вайсковых вучэньняў у Расеі.