17 ліпеня суд Ленінскага раёну Горадні разгледзеў адміністрацыйныя справы гарадзенца Сяргея Калмыкова, які праходзіць у справе Ціханоўскага. Яго прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні міліцыі, але апраўдалі ў дробным хуліганстве і пакаралі штрафам у памеры 810 рублёў.
20-гадовага гарадзенца Сяргея Калмыкова затрымалі на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня. Ён прыйшоў на пікет, каб паставіць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую. Яго затрымалі адразу пасьля штурханіны на плошчы, пасьля якой міліцыянт апынуўся на зямлі.
Сяргея выпусьцілі зь СІЗА на Валадарскага ў Менску 5 чэрвеня пад падпіску аб нявыезьдзе. Ён застаўся абвінавачаным у крымінальнай справе аб гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі.
Пасьля вызваленьня Калмыкова зь СІЗА стала вядома, што ў дачыненьні да яго вядзецца адміністрацыйны працэс за дробнае хуліганства і супраціў супрацоўніку міліцыі (арт. 17.1 і 23.4 КаАП Беларусі).
Працэс вяла судзьдзя Ларыса Барэль. Суд пачаўся 17 чэрвеня, але справу накіравалі на дапрацоўку.
Паводле пратаколу, Калмыкоў увечары 29 траўня лаяўся ў грамадзкім месцы блізу Савецкай плошчы. Да таго ж, калі яго затрымлівалі за лаянку, ён супраціўляўся, адмаўляўся ісьці ў службовы аўтамабіль і спрабаваў уцячы. Малады чалавек сваёй віны не прызнаў па абодвух артыкулах.
На судзе выступілі сьведкамі супрацоўнікі АМАП Алег Лычагін і Сяргей Клыжук. Падчас судовага паседжаньня стала вядома, што Калмыкоў пасьля вызваленьня зь СІЗА ажаніўся. Сьведкай таксама выступіла ў судзе ягоная жонка Ірына. Да таго ж на судзе выступіў сьведкам непаўналетні Я. у прысутнасьці маці, якога затрымалі разам з Калмыковым.
Суд пакараў Калмыкова за непадпарадкаваньне міліцыі 810 рублямі штрафу. Па дробным хуліганстве суд яго апраўдаў, бо не знайшлося доказаў віны.
Над дзевяцьцю фігурантамі «справы Ціханоўскага» ўжо прайшлі адміністрацыйныя суды за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Прысуды — ад 5 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.