Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Колькі вам заплацілі?» Як дэпутат Клішэвіч і сябры БРСМ перашкаджалі журналісту Свабоды весьці стрым зь пікету ў падтрымку Лукашэнкі


Некалькі пікетаў па зборы подпісаў у падтрымку дзейнага кіраўніка Беларусі прайшлі сёньня каля гандлёвага цэнтру Dana Mall у Менску. Радыё Свабода пасьлядоўна асьвятляе выбарчую кампанію ў Беларусі і вяла жывую трансьляцыю.

Стрым пачаўся каля 17.00. Прыблізна праз паўгадзіны пасьля пачатку трансьляцыі да журналіста Свабоды падышла дзяўчына ў масцы з пытаньнем «Скажыце, а колькі вам заплацілі за эфір? Вам ня сорамна прадаваць краіну?»

Вакол журналіста Антона Трафімовіч адразу сабралася група моладзі, якія разам гучна сталі задаваць яму пытаньні.

Яшчэ адна дзяўчына ў майцы зь лягатыпам БРСМ зьвярнулася да камэнтатараў пад стрымам: «„Мы разам, і ўсе тыя, хто піша цяпер нейкія дурныя камэнтары, хто піша гэтую лухту, чарнуху, вы поўныя... ня ведаю хто... Але мы разам і мы за нашага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку“».

«Два тыдні мы працуем на розных пікетах, дзе зьбіраюць подпісы за будучых кандыдатаў у прэзыдэнты. Але з падобным я сутыкнуўся ўпершыню, — кажа карэспандэнт Антон Трафімовіч. — Сябры БРСМ задавалі нам пытаньні ў агрэсіўнай форме, мяне хапалі за рукі. Мы паспрабавалі сысьці адтуль. Але бээрэсэмаўцы сталі перасьледаваць нас, патрабуючы „адказаць на пытаньне“. Менавіта са словаў „Адкажыце на маё пытаньне“ пачалася правакацыя ў Горадні роўна тыдзень таму».

Сяргей Клішэвіч
Сяргей Клішэвіч

Да моладзі таксама далучыўся дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч. Клішэвіч — член пастаяннай парлямэнцкай камісіі адукацыі, культуры і навукі, у 2017 годзе быў абраны першым сакратаром Менскага гарадзкога камітэту грамадзкага аб'яднаньня «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Ён задаў «маленькае пытаньне»: «Колькі ў гэтым годзе Дзярждэпартамэнт ЗША вылучыў на фінансаваньне Радыё Свабода»? «Вам у далярах плацяць за тое, каб вы нашую краіну ўтоптвалі ў бруд»?

Клішэвіч патлумачыў, што ён тут, бо ён «за нашу краіну», «за нашага прэзыдэнта» і «супраць такіх, як вы, якія за замежныя грошы хочуць у нашай краіне зрабіць бардак і сваволю, і хачу сказаць, што моладзь ня дасьць вам гэта зрабіць».

«Пазьней бээрэсэмаўцы падыходзілі да нас яшчэ некалькі разоў, перабіваючы іншых суразмоўцаў закрывалі сабой камэру, — кажа Антон Трафімовіч. — У іх былі тыя самыя пытаньні: „Колькі вам за гэта заплацілі? Мы бачылі, як вы сюды прывозіце людзей для камэнтароў!“ Насамрэч, некалькі чалавек проста ўварваліся ў наш эфір, прыехаўшы з дому ці з працы, каб выказаць сваё абурэньне паводзінамі групы моладзі з БРСМ».

Які бюджэт мае Радыё Свабода і хто яго фінансуе

Інфармацыя пра крыніцы фінансаваньня і фундатараў Радыё Свабода адкрытая і разьмешчаная на афіцыйных сайтах кампаніі.

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода фінансуецца Кангрэсам ЗША праз Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM). Гэта незалежнае фэдэральнае дзяржаўнае агенцтва, якое рэгулюе працу ўсіх міжнародных мэдыя ЗША. У структуру Агенцтва разам з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ўваходзяць Голас Амэрыкі, Радыё і ТВ Марці, Радыё Свабодная Азія, Радыё Сава і Альгура.

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода вядзе працу на 27 мовах у 23 краінах сьвету. Мае больш за 600 супрацоўнікаў у асноўных офісах і 750 фрылянсэраў у 20 бюро па ўсім сьвеце.

Бюджэт Радыё Свабода на ўсе гэтыя мэты і структуры, адобраны Кангрэсам ЗША ў 2019 годзе, складае 124 мільёны даляраў.

Для параўнаньня, бюджэт адной Белтэлерадыёкампаніі складае ў 2020 годзе 60 мільёнаў даляраў, якія выдаткоўваюцца зь бюджэту Рэспублікі Беларусь.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG