Камэнтуючы ўчорашнія затрыманьні больш трохсот пратэстоўцаў у Менску і іншых гарадах краіны Беларусі, Аіша Джанг, старшы кіраўнік кампаній Amnesty International па Беларусі, заявіла:
«Людзі, якія сабраліся, каб асудзіць неўключэньне апазыцыйных палітыкаў у лік кандыдатаў у прэзыдэнты, мелі поўнае права выйсьці на вуліцы. Мірны пратэст зьяўляецца важным спосабам рэалізацыі правоў на свабоду мірных сходаў і выказваньня меркаваньняў.
Пратэстоўцы сьцьвярджаюць, што адзіная прычына, паводле якой палітычныя апанэнты Аляксандра Лукашэнкі былі адхіленыя ад перадвыбарнай кампаніі, заключаецца ў тым, што ён хоча выбрацца на шосты тэрмін запар на пасаду прэзыдэнта, не сустракаючыся з супрацівам».
«Учора міліцыя імкнулася разагнаць мірныя сходы, выкарыстоўваючы празьмернае і непатрэбнае ўжываньня сілы, у многіх выпадках былі задзейнічаныя супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Гэта выклікала бурную рэакцыю з боку некаторых пратэстоўцаў, якія спрабавалі прадухіліць арышты і зьбіцьцё іншых, што таксама ўзмацніла напружанасьць. Аднак, са слоў відавочцаў і згодна з шырока даступнымі відэазапісамі, мітынгі заставаліся пераважна мірнымі, і многія з арыштаваных былі мірнымі пратэстоўцамі», — лічыць Джанг.
«Беларускія ўлады павінны паважаць правы чалавека і не павінны разганяць і перасьледаваць у судовым парадку людзей, якія адстойваюць свае правы і палітычны выбар. Любы, хто затрыманы проста за мірныя пратэсты ў Менску ці іншых гарадах, зьяўляецца вязьнем сумленьня і павінен быць неадкладна і безумоўна вызвалены», — заключыла Аіша Джанг.
14 ліпеня больш за 300 актывістаў былі затрыманыя ў Менску і іншых беларускіх гарадах у ходзе разгону пратэстных акцый супраць неўключэньня паводле спрэчных тэхнічных прычынаў Цэнтральнай выбарчай камісіяй у сьпіс кандыдатаў на маючых адбыцца ў жніўні прэзыдэнцкіх выбарах двух асноўных апазыцыйных вылучэнцаў.
Паводле ацэнак назіральнікаў, праваахоўныя органы ў ходзе разгону сходаў спэцыяльна затрымлівалі журналістаў. Паведамлялася аб шматлікіх выпадках непатрэбнага і празьмернага прымяненьня сілы — супрацоўнікі спэцназу і міліцыянты ў цывільным зьбівалі пратэстуючых кулакамі і дубінкамі. Некаторых затрыманых у Менску прымусілі стаяць на каленях у міліцэйскіх аўтазаках.