Чырвоны касьцёл у Менску застаецца ўласнасьцю дзяржавы і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі.
На сваім Telegram-канале Менгарвыканам паведаміў, што парафія Чырвонага касьцёла павінна выплачваць штомесяц 14,3 тысячы рублёў. З чэрвеня мінулага году налічэньні не аплачваюцца, і запазычанасьць склала больш за 166 тысяч рублёў.
Паводле Менгарвыканкаму, згодна зь дзейным заканадаўствам арганізацыя, якой перададзена ў бязвыплатнае карыстаньне дзяржаўная маёмасьць, абавязаная кампэнсаваць выдаткі па зямельным падатку, падатку на нерухомасьць, а таксама па налічанай амартызацыі.
Чырвоны касьцёл — уласнасьць дзяржавы, ён мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі. У 2013 годзе будынак перадалі з рэспубліканскай у камунальную ўласнасьць гораду і на праве гаспадарчага вядзеньня замацавалі за КУП «Менская спадчына».
На падставе дамовы з прадпрыемствам рымска-каталіцкая парафія сьвятога Сымона і сьвятой Алены атрымала ў бязвыплатнае карыстаньне два аб’екты нерухомасьці: плябанію і будынак касьцёла агульнай плошчай 3,3 тыс. кв. м.
У кастрычніку 2017 году пачалася першая чарга рэканструкцыі касьцёла, падчас якой цалкам адрамантавалі будынак плябаніі, рэканструявалі фасады касьцёла, замянілі дах і дзьвярныя блёкі.
«Аб’ект здалі ў эксплюатацыю ў траўні мінулага году. Кошт работ склаў больш за 5,3 млн рублёў, зь якіх 94% — гэта сродкі гарадзкога бюджэту, астатняя частка — грошы, заробленыя падчас рэспубліканскага суботніка, і сродкі „Менскай спадчыны“. Рэлігійная грамада ў фінансаваньні работ удзелу не прымала», — заявіў Менгарвыканкам.
Раней прадстаўнік Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Санько сказаў Свабодзе, што рахункі, выстаўленыя парафіі Чырвонага касьцёла, былі нечаканасьцю. Па іншых касьцёлах падобныя пытаньні не ўзьнікалі, «такое здарылася першы раз, і мы разьбіраемся, чаму такі рахунак».
У Чырвоным касьцёле працягваецца збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка Беларусі — касьцёл з плябаніяй просяць вярнуць ва ўласнасьць парафіі.