Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя левых «Справядлівы сьвет» заклікала кандыдатаў у прэзыдэнты адмовіцца ад «палітычнага фарсу» 


Амапаўцы ў чорным сталі звыклай зьявай у беларускіх гарадах
Амапаўцы ў чорным сталі звыклай зьявай у беларускіх гарадах

Зьняцца з выбараў і ня ўдзельнічаць у «палітычным фарсе з загадзя вядомым вынікам» заклікала кандыдатаў у прэзыдэнты Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет».

Зварот адрасаваны да кандыдатаў, якія зацікаўлены ў вяртаньні краіны на дэмакратычны шлях разьвіцьця і не зьяўляюцца марыянэткамі дзейнай улады.

На думку партыі, якая ў гэтых выбарах ня ўдзельнічае, прэзыдэнцкая кампанія характарызуецца параўнальна высокай пратэставай актыўнасьцю грамадзян, выкліканай зьніжэньнем жыцьцёвага ўзроўню, ростам сацыяльнай няроўнасьці і наступам на сацыяльныя, працоўныя і палітычныя правы, неадэкватнай рэакцыяй улады на пагрозу каранавіруснай пандэміі.

У гэтых умовах улады разгарнулі шырокамаштабныя палітычныя рэпрэсіі супраць сваіх апанэнтаў, у тым ліку патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты і чальцоў ініцыятыўных групаў. Пры дапамозе правакацый і юрыдычнага перасьледу ўстаранілі рэальных канкурэнтаў дзейнага кіраўніка краіны, заявіла партыя.

«Гэтая акалічнасьць разам з гвалтам у дачыненьні да мірных грамадзянаў, рэзкае абмежаваньне магчымасьцяў для вядзеньня перадвыбарнай агітацыі і выказваньня палітычнай волі пераканаўча пацьвярджае факт адсутнасьці ў Беларусі неабходных умоваў для свабодных і справядлівых выбараў», — лічаць прадстаўнікі «Справядлівага сьвету»

Яны таксама зьвярнуліся да сілавых структураў з заклікам не здраджваць народным інтарэсам ва ўгоду жаданьня аднаго чалавека заставацца вечным кіраўніком Беларусі.

Партыя катэгарычна асуджае гвалт у дачыненьні да сябраў ініцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзыдэнты, палітычна актыўных людзей, якія выказваюць мірны пратэст, а таксама журналістаў і патрабуе ад уладаў спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязьняў.

Палітычным партыям, грамадзкім арганізацыям, прафэсійным саюзам прапануецца выступіць «адзіным фронтам» у падтрымку палітычных зьняволеных, падтрымаць іх і іхныя сем’і.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG