Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня будзем вынаходзіць ровар». Як кандыдаты ў прэзыдэнты будуць весьці агітацыйныя кампаніі


Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Ціханоўская і Сяргей Чэрачань (зьлева направа)
Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Ціханоўская і Сяргей Чэрачань (зьлева направа)

З гэтым пытаньнем карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да зарэгістраваных кандыдатаў і ў іх штабы.

Учора Цэнтравыбаркам зарэгістраваў пяцёх кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта — Андрэя Дзьмітрыева, Ганну Канапацкую, Аляксандра Лукашэнку, Святлану Ціханоўскую і Сяргея Чэрачня. Перадвыбарчая агітацыя дазволеная з 14 ліпеня па 8 жніўня.

Дзьмітрыеў: «Тое, што я сказаў у ЦВК, я хачу сказаць кожнаму беларусу»

Кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў пачынае сваю агітацыю сёньня са шпацыру салідарнасьці. Яна пачнецца ад знаку «Нулявы кілямэтар» на Кастрычніцкай плошчы.

Андрэй Дзьмітрыеў з пасьведчаньнем кандыдата ў прэзыдэнты
Андрэй Дзьмітрыеў з пасьведчаньнем кандыдата ў прэзыдэнты

«Я буду ісьці ад „Нулявога кілямэтра“ ў Галоўпаштамт. Мы зрабілі адмысловыя паштоўкі, якія прапануем людзям падпісаць і даслаць усім палітзьняволеным у Беларусі. І сам я дашлю 21 паштоўку ў канцы шпацыру на Галоўпаштамце».

Заўтра штаб плянуе акцыю «Агітацыя з сажалкі» ў адным зь менскіх паркаў з нагоды фактычнай адсутнасьці месцаў для агітацыі ў сталіцы. Увечары ў пятніцу Андрэй Дзьмітрыеў запрашае выбарцаў на сустрэчу на Бангалоры.

«Будзем абмяркоўваць тое, што я казаў у ЦВК, і выказваць нашу падтрымку ўсім, хто хоча пераменаў, і дамагацца пераменаў, дамагацца вызваленьня палітзьняволеных», — сказаў кандыдат.

Першая сустрэча ў рэгіёнах заплянаваная на выходныя ў Віцебску.

«Буду рады там бачыць усіх, хто сёньня лічыць, што Беларусі патрэбен новы прэзыдэнт. Тое, што я сказаў у ЦВК, я хачу сказаць кожнаму беларусу. Каб людзі пачулі, што яны не адны, хто лічыць, што Беларусі патрэбен новы прэзыдэнт і тое, што сёньня адбываецца ў краіне, ня лезе ні ў якія рамкі».

Андрэй Дзьмітрыеў разьлічвае на любую падтрымку выбарцаў і просіць дапамогі або машынай, каб даехаць на сустрэчы ў рэгіёнах, або грашыма — пералічваючы на адмысловы рахунак, або ў сацсетках.

«Я ўчора атрымаў сотні паведамленьняў ад людзей, якія запрашаюць да сябе. Я хацеў бы даехаць да кожнага і паціснуць руку кожнаму. Усіх, хто можа дапамагчы, я запрашаю ў каманду і буду ўдзячны за падтрымку».

Андрэй Дзьмітрыеў зьбіраецца выкарыстаць выступы па тэлебачаньні і радыё і распаўсюдзіць надрукаваную праграму кандыдата.

«У нас вельмі абмежаваныя магчымасьці для агітацыі, і грэбаваць імі ня варта. Варта казаць, каб людзі чулі, што нас, хто хоча выбраць новага прэзыдэнта, больш».

Канапацкая: «Буду дасылаць запыты на буйныя прадпрыемствы»

Кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая плянуе аб’ехаць усе рэгіёны Беларусі і сустрэцца з максымальнай колькасьцю выбарцаў, робячы ўсе захады дзеля бясьпекі падчас пандэміі.

Ганна Канапацкая пасьля атрыманьня пасьведчаньня кандыдата ў ЦВК
Ганна Канапацкая пасьля атрыманьня пасьведчаньня кандыдата ў ЦВК

«Цяпер я нарасхват у розных СМІ, сярод іншага замежных. Таму пляны мяняюцца на хаду. Ідзе падрыхтоўка агітацыйных матэрыялаў, нават такая тэхнічная праца, як прывядзеньне ў належны выгляд новага офіса».

Дзе Ганна Канапацкая будзе сустракацца з выбарцамі: у памяшканьнях ці на вуліцы?

«Улада абмежавала нас у магчымасьці правядзеньня імпрэзаў на вуліцы. Ва ўсіх рэгіёнах месцы пікетаў ці вулічных сустрэч знаходзяцца вельмі далёка ад цэнтру. Я спадзяюся (я ўчора казала гэта на пасяджэньні ЦВК), што дзейная ўлада сама будзе выконваць закон і будзе ствараць умовы, каб заканадаўства выконвалася іншымі ўдзельнікамі электаральнага працэсу. Таму я буду дасылаць на буйныя прадпрыемствы, асабліва ў рэгіёнах, запыты на правядзеньне сустрэч».

Ганна Канапацкая плянуе ўзяць удзел у тэледэбатах, калі дадуць згоду іншыя кандыдаты.

«Сёньня адзіны рэальны супернік і рэальны палітык — гэта дзейны кіраўнік краіны, таму, безумоўна, зь ім было б цікава сустрэцца ў дэбатах. Тым больш у мяне ёсьць вопыт дэбатаў зь ім, — кажа кандыдатка. — Наогул мае пляны не памяняліся, я буду актыўна працаваць як онлайн, так і офлайн. Безумоўна, усё будзе ў рамках дзейнага заканадаўства, буду выкарыстоўваць усе магчымасьці, дадзеныя законам».

Ганна Канапацкая сказала, што будзе настройвацца на перамогу ў другім туры выбараў. Які асноўны мэсыдж яе кампаніі?

«„Я зраблю!“ — гэта асноўны мэсыдж, зь якім я іду ў кампанію. У маёй праграме будзе выразна сказана, што трэба зрабіць, каб накіраваць Беларусь на дэмакратычны, праэўрапейскі шлях разьвіцьця. У Беларусі даўно насьпела неабходнасьць глыбокіх структурных рэформаў».

Штаб Ціханоўскай «хутка» абвесьціць пра свой плян

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Кандыдат у прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская паведаміла карэспандэнту Свабоды, што яе штаб неўзабаве абвесьціць пра свае пляны на агітацыю.

На пытаньне, ці скарыстаецца яна выступамі па тэлебачаньні і радыё, яна адказала: «Магчыма».

Чэрачань: «Я ня думаю, што мы будзем вынаходзіць ровар»

Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань сказаў карэспандэнту Свабоды, што праз пару дзён стане яснаю агульная карціна агітацыйных імпрэзаў. Які будзе асноўны акцэнт пры агітацыі?

Сяргей Чэрачань
Сяргей Чэрачань

«Я ня думаю, што мы будзем вынаходзіць ровар: гэта сумленныя выбары, вызваленьне палітзьняволеных і канстытуцыйная рэформа. Гэта тры асноўныя рэчы, дзеля якіх мы будзем праводзіць нашу агітацыю».

Сяргей Чэрачань сказаў, што будзе выкарыстоўваць «па максымуме» ўсе рэсурсы, магчымыя для агітацыі. Сярод іншага, мяркуе ўзяць удзел у тэледэбатах.

«Мы плянуем данесьці свае думкі, паказаць сваю каманду і канцэпцыю рэфармаваньня і разьвіцьця нашай краіны».

Сяргей Чэрачань лічыць важнымі для сваёй перадвыбарчай кампаніі сустрэчы з выбарцамі, якія плянуе праводзіць па ўсёй краіне.

«Цяпер людзі вельмі актывізаваныя, і яны назіраюць за працэсам. У нас ёсьць магчымасьць шырокага камунікаваньня».

Лукашэнка адмовіўся ад перадвыбарчых выступаў

Высьветліць як будзе праводзіць агітацыйную кампанію Аляксандар Лукашэнка, не атрымалася, бо кіраўнік ягонага штабу і старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда быў «на нарадзе».

«Апроч яго, нікога ў штабе няма», — сказалі ў прыёмнай ФПБ.

Падчас учорашняй рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад перадвыбарчых выступаў на тэлебачаньні і радыё, якія прадугледжаныя выбарчым заканадаўствам.

Лукашэнка адмаўляўся ад гэтай магчымасьці падчас усіх выбарчых кампаній, апроч выбараў 1994 году.

Астатнім кандыдатам дазволілі выступіць два разы на БТ-1 (з 17 да 19 гадзіны ў аўторкі 21 і 28 ліпеня) і на першым канале Беларускага радыё (у панядзелкі і серады з 20 ліпеня ад 8 да 9 раніцы). Тэледэбаты прызначаныя на 30 ліпеня. Апублікаваць праграму можна ў рэспубліканскіх газэтах «Рэспубліка» і «Звязда».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG