Пасьля працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі ЦВК давала кандыдатам магчымасьць выказацца. Таксама кандыдаты рабілі кароткія заявы для журналістаў, якія можна было паабчыць у жывой відэатрансьляцыі Свабоды.
Ціханоўская: «Усё толькі дзеля мужа і людзей, якія яму паверылі»
Сьвятлана Ціханоўская, выйшаўшы з будынка ЦВК, заявіла журналістам:
«Зьмяшаныя пачуцьці. Напэўна, усё ж больш радасьці, бо змагу змагацца за вызваленьне мужа. Усё гэта я раблю толькі дзеля цябе і тых людзей, якія за табой пайшлі», — апошнія словы Сьвятлана Ціханоўская зьвярнула да мужа.
Яна заявіла, што яшчэ падумае, ці варта аб’ядноўвацца зь іншымі кандыдатамі, але не выключае такой магчымасьці.
Дзьмітрыеў: «Я не хачу быць прэзыдэнтам, мая задача — паспрыяць дэмакратычным выбарам»
Пасьля атрыманьня пасьведчаньня аб рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў выступіў з прамовай пра неабходнасьць кардынальных перамен, заявіўшы, што наступныя 5 гадоў з Лукашэнкам прывядуць да катастрофы.
«Усё, што я сказаў, — гэта тое, што адчуваюць людзі. Нам перашкаджаюць, робяць усё, каб мы спыніліся. Але мы ідзём далей, і заклікаю ўсіх неабыякавых нам дапамагаць, адзін я ня спраўлюся», — адзначыў ён.
Пакуль Дзьмітрыеў ня мае намеру здымацца, але калі такі крок будзе на карысьць справы, то ня выключае яго.
«Байкот — гэта капітуляцыя, улады якраз і чакаюць ад нас менавіта такога. Мы павінны зрабіць усё, каб кампанія салідарнасьці прывяла да станоўчых зьменаў. Я не хачу быць прэзыдэнтам, мая задача — паспрыяць дэмакратычным выбарам. Давайце зробім назіраньне агульнанацыянальным страйкам», — заклікаў ён.
Канапацкая разьлічвае «толькі на перамогу»
Пасьля рэгістрацыі Ганна Канапацкая заявіла, што разьлічвае толькі на перамогу. Здымаць сваю кандыдатуру і адмаўляцца ад удзелу ў выбарах яна не зьбіраецца. Годным супернікам былая дэпутатка бачыць Аляксандра Лукашэнкі, прызнаўшы, што той злоўжывае сваім становішчам дзеля дасягненьня сваіх мэтаў.
Чэрачань: неабходныя тэрміновыя папраўкі ў Канстытуцыю
Сяргей Чэрачань заявіў журналістам, што неабходныя тэрміновыя папраўкі ў Канстытуцыю — перадусім пункты абмежаваньня прэзыдэнцкіх тэрмінаў знаходжаньня ва ўладзе зь пераходам да парлямэнцкай рэспублікі.
У бліжэйшыя дні ня выключаная ягоная заява адносна аб’яднаньня зь іншымі дэмакратычнымі кандыдатамі. З Канапацкай перамовы не вядуцца, — удакладніў ён.
Чэрачань выказаў незадаволенасьць, што ЦВК не зарэгістраваў Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.