Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Маскве лічаць, што проста вам недаклалі». Рэдактар «Эхо Москвы» адказаў Лукашэнку


Аляксей Венядзіктаў, архіўнае фота
Аляксей Венядзіктаў, архіўнае фота

Рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў працягнуў завочную палеміку з Аляксандрам Лукашэнкам пра цану беларускага сувэрэнітэту.

Венядзіктаў патлумачыў, што казаў не пра тое, што паміж Лукашэнкам і Расеяй ідзе гандаль наконт цаны сувэрэнітэту Беларусі.

«А пра тое, што Расея мяркуе, што трэба прапанаваць нейкую цану, і ён прадасца. Гэта як звычайна я аддзяляю свой пункт гледжаньня ад пункту гледжаньня тых людзей, якія прымаюць рашэньне.

Сапраўды, Аляксандар Рыгоравіч, у Маскве, і вы ведаеце гэта, і вы гэта ведаеце, у Маскве шмат хто лічыць, што трэба вам прапанаваць адэкватную цану, каб вы пагадзіліся на аб’яднаньне Расеі і Беларусі. Пры гэтым, Аляксандар Рыгоравіч, цана — гэта не па кішэнях, гэта пасада, і аб’ём паўнамоцтваў.

І сапраўды вам было прапанавана ўзначаліць саюзны парлямэнт, і вы правільна сказалі ў інтэрвію зноў жа мне, што гэта нейкая фігня. Таму лічыце, што вы пазванілі, і я перадам.

Але я лічу, што па-ранейшаму вельмі шмат якія людзі ў Маскве, у Крамлі і Белым доме лічаць, што проста вам недаклалі», — сказаў Венядзіктаў.

Штуршок да абмену выказваньнямі паміж Лукашэнкам і Венядзіктавым дало інтэрвію рэдактара «Эхо Москвы» ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону 6 ліпеня.

«Ці ўстоіць Лукашэнка, ці не — гэта пытаньне цаны. Важна, што прапануюць. Бо ў яго ёсьць тавар, але дайце за яго добрую цану», — сказаў Аляксей Венядзіктаў Дзьмітрыю Гардону.

Праз тры дні Лукашэнка адказаў Венядзіктаву разважаньнямі пра бясцэннасьць сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі. «Няма той цаны, якую яны мне могуць заплаціць, каб я пайшоў на іхныя ўмовы, — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі дзяржаўных медый 9 ліпеня. — У труне кішэняў няма». «Сувэрэнітэт і незалежнасьць не прадаюцца», — падсумаваў Лукашэнка. Ён таксама заявіў, што ніколі не пагодзіцца на пост у Расеі, калі для гэтага трэба будзе далучыць Беларусь. Словы Аляксандра Лукашэнкі перадаў канал АНТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG