Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Бабарыкі Максім Знак расказаў, якія прэтэнзіі мае да «расьсьледаваньня» АНТ


Юрыст Максім Знак, архіўнае фота
Юрыст Максім Знак, архіўнае фота

Юрыст выбарчага штабу і адвакат Віктара Бабарыкі Максім Знак прааналізаваў на Facebook «расьсьледаваньне» дзяржаўнага тэлеканалу АНТ пра «справу Белгазпрамбанку». Ён адзначае, што ня ўдзельнічае ў крымінальным працэсе як адвакат Бабарыкі, але мае шмат пытаньняў да сюжэту і лічыць подлым «казаць гадасьці» пра чалавека, які ня можа нічога сказаць у сваё апраўданьне.

Максім Знак адзначае наступнае ў сюжэце АНТ:

  • Суд яшчэ не прайшоў, Бабарыка не прызнаны вінаватым, сьледзтва не завершана. Нельга казаць, што абвінавачаны азнаёміўся з матэрыяламі і прамаўчаў, не адхіляў абвінавачаньняў, як сьцьвярджаецца ў сюжэце.
  • Заявы пра вінаватасьць Бабарыкі на такім этапе супярэчаць Канстытуцыі, Крымінальна-працэсуальнаму кодэксу, Міжнароднаму пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы.
  • Адвакаты Бабарыкі ня могуць камэнтаваць сьледзтва пад пагрозай крымінальнага перасьледу і пазбаўленьня ліцэнзіі, але сьледзтва публічна выстаўляе ўсё новыя непацьверджаныя абвінавачаньні, перадае сьледчыя матэрыялы ў дзяржаўную прэсу.
  • «Як відаць зь сюжэту, пакуль няма пэўнасьці» з тым, у чым абвінавачваюць Бабарыку. З таго, што адвакаты падалі скаргу на пастанову аб прыцягненьні да адказнасьці, і з тэксту арт. 241 КПК Знак робіць выснову, што скардзіцца маглі толькі на адно: адсутнасьць «апісаньня інкрымінаванага абвінавачанаму злачынства з указаньнем часу, месца яго ўчыненьня, а таксама іншых абставінаў, якія належыць даказаць у адпаведнасьці з артыкулам 89 КПК».
  • Нягледзячы на імаверную адсутнасьць гэтых дэталяў, але наяўнасьць, як сказалі на АНТ, «неабвержных доказаў», яшчэ да суду праводзяцца вочныя стаўкі.
  • У сюжэце не чуваць пытаньняў і поўных адказаў, незразумелы кантэкст і няма рэакцыі абароны, няма апэратыўных здымкаў, а розныя відэа- і аўдыёкліпы, зьвязаныя між сабой толькі камэнтарамі дыктара, які «зачытвае паказаньні».
  • «Незадэкляраваныя 350 тысяч даляраў» у сюжэце ператвараюцца ў меншую велічыню: Георгі Бадзей расказвае, што Бабарыка даваў яму «парадку 250–300 тысяч даляраў», але грошай Бадзей «не пералічваў», проста забраў «сваю долю» невядомага памеру. Пасьля расказваюць, што прыбытак зь нейкага прадпрыемства нібыта дзялілі між 7 людзьмі, Бабарыку даставалася 25%, Бадзея «ў долі» не было, то бок ягоная частка раней перададзеных грошай не ўваходзіла ў падзеленыя 100%. Кузьміч кажа, што яму належала 10% даходу і што ён атрымліваў 10–15 тысяч даляраў на год — значыць, паводле такой схемы Бабарыка атрымаў бы 25–37,5 тысячы на год. «Нязначная, з улікам заяўленага ў дэклярацыі даходу, і вельмі недакладная велічыня», — мяркуе юрыст.
  • У сюжэце згадваецца Валер Сяляўка, якому нібы даставалася 25% ад дзейнасьці супольнага прадпрыемства. Сяляўка памёр у 2011 годзе, а расьсьледавалі «справу Белгазпрамбанку» ад 2016-га, таму незразумела, пра які пэрыяд ідзе гаворка.
  • У сюжэце гаворыцца пра пералічэньне за мяжу дывідэндаў — легальных грошай, зь якіх плоцяць падаткі. Юрыст пытае, «якім чынам можна адмываць легальныя грошы?»
  • У сюжэце кажуць пра ўхіленьне ад сплаты адпрыбытковага падатку фізычнымі асобамі-бэнэфіцыянтамі, але затрымалі таксама і не бэнэфіцыянтаў, а памочнікаў і сяброў Бабарыкі.
  • У сюжэце зьявіўся новы артыкул абвінавачаньня — «атрыманьне хабару». Зь відэа вынікае, што Бабарыка нібыта атрымліваў хабар ад падкантрольных яму кампаніяў і даваў падкантрольным яму намесьнікам, і атрыманьне хабару нібыта мела на ўвазе атрыманьне прыбытку ад дзейнасьці прадпрыемства праз выплату дывідэндаў.
  • У агучаных дыктарам «паказаньнях» ёсьць няпэўнасьць: Харлановіч нібы паведамляе, што пакідаў пакет з грашыма ў кабінэце Бадзея, але яму «было зразумела», што грошы Бадзей панясе свайму кіраўніку. Бадзей расказвае нібы пра тое, што вясной 2020 году Бабарыка ня стаў атрымліваць грошай (юрыст пытае: «Адмовіўся ад хабару?») і даручыў раздаць іх калегам, як Бадзей «зразумеў», за супрацу з кампаніямі.
  • Незразумела, у чым былі прэфэрэнцыі пры даваньні крэдытаў кампаніям, за што нібы бралі хабар, якую шкоду ўчынілі банку.
  • Калі былі адкрытыя афшорныя «кашалькі» з прывязанымі да іх карткамі, то незразумела, навошта перадавалі грошы гатоўкай проста ў кабінэтах банку і як такім чынам зьбіраліся зрабіць перадачу грошай больш бясьпечнай.

«Датэрміновае чапляньне ярлыкоў і спроба замест сьледчага зьляпіць нейкую гісторыю пра злачынства — дрэнны сюжэт для любога СМІ», — рэзюмуе Знак.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG