Расея і Кітай у аўторак наклалі вэта на рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН, якая падаўжае дазвол на трансьмежную гуманітарную дапамогу ў Сырыі тэрмінам на адзін год, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Нямеччына і Бэльгія падрыхтавалі праект рэзалюцыі, згодна зь якім гуманітарная дапамога працягвала б дастаўляцца ў Сырыю праз два КПП на турэцкай мяжы без умяшаньня з боку Дамаска. Па словах дыпляматаў, акрамя Расеі і Кітаю, астатнія 13 членаў Рады Бясьпекі ААН прагаласавалі за зацьвярджэньне праекту.
У ходзе перамоў Масква прасіла абмежаваць падаўжэньне шасьцю месяцамі, а не адным годам. Акрамя таго, Расея настойвала на прыняцьці рэзалюцыі, якая прадугледжвае падаўжэньне паставак дапамогі толькі праз адзін КПП на турэцка-сырыйскай мяжы.
У выніку праект рэзалюцыі ня быў прыняты. Пасьля галасаваньня Расея прапанавала абмеркаваць уласны праект рэзалюцыі. Згодна з гэтым дакумэнтам, Расея хоча, каб усе пастаўкі гуманітарнай дапамогі перайшлі б пад кантроль Дамаска, а таксама выключае з мэханізму аказаньня трансьмежнай гуманітарнай дапамогі адзін з двух пунктаў уезду ў Сырыю – Баб аль-Салям.
Галасаваньне з нагоды расейскай рэзалюцыі пройдзе ў сераду. Рэзалюцыя аб аказаньні Сырыі трансьмежнай гуманітарнай дапамогі была прынятая Радай Бясьпекі ААН у 2014 годзе. Рэзалюцыю патрабуецца пэрыядычна падаўжаць.
Расея ўжо 15-ы раз скарысталася правам вэта, каб аказаць уплыў на вайну ў Сырыі, якая працягваецца з 2011 году.
Эўрапейскія дыпляматы расцанілі дзеяньні Расеі і Кітая як «вельмі нэгатыўныя». Крыніца «Франс-Прэс» у дыпляматычных колах заявіла, што скарачэньне колькасьці пунктаў пропуску прывядзе да таго, што дапамога ня будзе дастаўлена да насельніцтва. «Настойваць толькі на адным пункце пропуску цынічна; гэта не адпавядае патрэбам людзей», – лічыць крыніца.
Праз пункт пропуску ў Баб-аль-Хаве гуманітарная дапамога дастаўляецца 3-4 мільёнам чалавек, якія жывуць у правінцыі Ідліб, якая ўтрымліваецца апазыцыяй.
У Міжнародным камітэце выратаваньня асудзілі дзеяньні Расеі і Кітая.
«Блякаваньне доступу да прадуктаў харчаваньня, мэдыкамэнтаў, вакцынаў і апаратаў ШВЛ недапушчальнае ў любы час, але падчас пандэміі COVID-19 гэта яшчэ больш можа асуджацца», — заявіў Дэвід Мілібэнд, прэзыдэнт Міжнароднага камітэту выратаваньня.