Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі ПА АБСЭ не прыедуць на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі


Міжнародныя назіральнікі ад БДІПЧ АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах, 2019 год
Міжнародныя назіральнікі ад БДІПЧ АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах, 2019 год

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ ня будзе накіроўваць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, паведаміў БелаПАН 7 ліпеня кіраўнік аддзелу прэсы і камунікацыі ПА АБСЭ Нэт Пэры.

«Парлямэнцкая асамблея АБСЭ ня будзе накіроўваць назіральную місію ў Беларусь на прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня, — сказаў Нэт Пэры. — У нас няма плянаў назіраць за выбарамі да восені, як мінімум, з прычыны пандэміі COVID-19».

Беларусь дагэтуль не накіравала міжнародным арганізацыям запрашэньні назіраць за сёлетнімі прэзыдэнцкімі выбарамі. 2 ліпеня кіраўніца Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Інгіб’ёрг Соўлрун Гістладоўтыр ужо​ выказвала заклапочанасьць з гэтай нагоды.

На пачатку чэрвеня старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак накіраваў у Міністэрства замежных спраў Беларусі зварот, у якім прасіў праінфармаваць аб захадах дзяржавы дзеля запрашэньня міжнародных назіральнікаў, у тым ліку місіі БДІПЧ АБСЭ, на час правядзеньня выбараў прэзыдэнта. У адказе за подпісам намесьніка міністра Алега Краўчанкі гаварылася, што «пытаньне знаходзіцца на разглядзе».

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына 10 чэрвеня заявіла, што «па меры паляпшэньня эпідэміялягічнага становішча» будуць накіраваныя адпаведныя запрашэньні ў міжнародныя арганізацыі, якія традыцыйна назіраюць за выбарамі. Пры гэтым дадала, што адбудзецца гэта па завяршэньні працэсу рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты.

Міністар замежных спраў Уладзімер Макей 26 чэрвеня заявіў, што Беларусь плянуе запрасіць на прэзыдэнцкія выбары міжнародных назіральнікаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG